"Драконы" зноў выйгралі ў Гародні.

13 мая ў Гродна прайшоў другі матч фінальнай серыі паміж "Гродна-93" і "Цмокі-Мінск". Наша каманда дамаглася другой перамогі за два дні і фактычна гарантавала сабе залатыя медалі чэмпіяната Беларусі.

Ход гульні
Сцэнар матча значна адрозніваўся ад таго, што было днём раней: гаспадары не адпускалі супернікаў далей, чым на 5 ачкоў у першай чвэрці, завяршыўшы яе з лікам 24:27. "Гродна", якое падганялі заўзятары, было настроена сур'ёзна, хоць і страціла свайго асноўнага разыгрываючага Вячаслава Каржа.

"Цмокі" ж, хоць і працягвалі дэманстраваць магутны наступ, не маглі адарвацца ад суперніка. Пры тым напачатку другой чвэрці пасля траплення цэнтравога Юрыя Мішукова "Гродна" нават выйшла наперад - 28:27. Праўда, Антоніа Грэйвз тут жа выправіў гэта дакладным трохачковым кідком.

Не атрымалася павялічыць розніцу ў ліку і пасля вялікага перапынку. Паспяховую гульню праводзіў Мікіта Мешчаракоў, паказваючы высокі адсотак рэзультатыўнасці, Антоніа Грэйвз набіраў ачкі з дыстанцыі, але "Гродна" не жадала адставаць. Толькі напрыканцы трэцяй чвэрці ў "Цмокі-Мінск" з'явілася перавага ў "+9".

На жаль для заўзятараў мясцовай каманды, "Цмокі" канчаткова зламалі супраціў "Гродна" ў апошнія 10 хвілін, збегшы ў адрыў. У выніку мінчукі дамагліся другой выязной перамогі - 85:101.

Статыстыка
Адным з ключавых момантаў у гульні стала змаганне за падбор. "Цмокі" былі мацней у гэтым кампаненце - 42 супраць 30. Трэба адзначыць, што ў той жа час "Гродна-93" доўга трымалася на роўных за кошт высокага адсотка трапленняў: гаспадары трапілі 45% далёкіх кідкоў і 49% - з сярэдняй.

Лепшы гулец
Складана вылучыць лепшага ў складзе "Цмокі-Мінск" у гэтай гульні. Антоніа Грэйвз набраў 22 ачка, а Мікіта Мешчаракоў - 19, трапіўшы пры гэтым 8 з 12 з гульні. У Аляксандра Семянюка - дабл-дабл з 13 ачкоў і 11 падбораў. А Аляксандр Кудраўцаў і Джасцін Грэй аддалі па 4 рэзультатыўныя перадачы.

Серыя
"Цмокі" ўзялі два матча на выездзе, і зараз да чэмпіёнства "Драконам" застаўся ўсяго адзін крок. 17 мая ў Мінску пройдзе трэцяя гульня, у якой, напэўна, і вызначыцца пераможца першынства краіны.

Гродна-93 - Цмокі-Мінск - 85:101 (24-27, 19-23, 23-25, 19-26)
Цмокі-Мінск:
Грэйвз (22), Мешчаракоў (19 + 5 падбораў), Семянюк (13 + 11 падбораў), Грэй (10), Кудраўцаў (9 + 6 падбораў); Лашкевіч (11), Белянкоў (8), Трасцінецкі (5 + 6 падбораў), Ульянка (4).
Лік у серыі: 0-2

Спонсары і партнёры