Заўтра на пляцоўцы Мінск-Арэны «Цмокі» прымаюць «Астану». Распавядаем галоўнае пра нашага суперніка.

«Астана» (Казахстан)
Год заснавання:
2000
Колеры: жоўты, сіні
Галоўны трэнер: Эміль Райкавіч
Інтэрнэт-сайт: pbcastana.kz
Дасягненні: 6-кратны чэмпіён Казахстана (2012-15, 17, 18), 6-кратны ўладальнік Кубка Казахстана (2011-14, 17, 18), бронзавы прызёр Кубка азіяцкіх чэмпіёнаў ФІБА (2017)

Баскетбольны клуб «Астана» праводзіць свой 8 сезон у Адзінай Лізе ВТБ. За папярэднія сезоны ў Лізе ВТБ «Астана» 4 разы выходзіла ў плэй-оф, а ў сезонах 2014/15 і 2016/17 трапляла ў чвэрцьфінал, дзе саступала ў серыі ЦСКА.

Найвялікашая колькасць перамог у сезоне - 13: у чэмпіянаце 2014/15 «Астана» стала восьмай з паказнікам 13-17. Калі ж глядзець па адсотку перамог і параз, то самым паспяховым быў сезон 2012/13 - тады каманда выйграла 55.6% матчаў (10 з 18).

Папярэдні сезон «Астана» завяршыла на 10-м месцы і не трапіла ў плэй-оф, што стала прычынай сур'ёзных змен у міжсезонне. З каманды пайшлі практычна ўсе легіянеры. Пакінуў клуб і галоўны трэнер Міхал Карпенка.

«Астана» папрацавала летам і падпісала моцнага перспектыўнага трэнера і папоўніла склад замежнымі баскетбалістамі.

Прыйшлі: галоўны трэнер Эміль Райкавіч, Мікалай Бажын, Джэфры Гросэл, Джэй Джэй О'Браен, Кенэт Хортан, Аскар Мадэйкін, Руслан Айткалі.

Падоўжылі кантракт: Энтані Клеманс, Рустам Ергалі, Аляксандр Жыгулін, Дзмітрый Гаўрылаў, Максім Марчук, Рустам Мурзагаліеў, Вадзім Шчарбак.

А нядаўна стала вядома, што каманда падпісала кантракт з амерыканцам Майклам Джэнкінсам.

Абаронца правёў мінулы сезон за «Венецыю», набіраючы 6,2 ачка ў сярэднім за матч у італьянскай Серыі А і 5,8 ачка ў Лізе чэмпіёнаў.

Цікава, што яшчэ адзін навічок казахстанцаў Аскар Мадэйкін у мінулым сезоне сустракаўся з нашай маладзёжкай у складзе каманды «Барсы» з Атэрау.

У першым туры Лігі ВТБ «Астана» прымала дома маскоўскі ЦСКА. Гаспадары пляцоўкі навязвалі змаганне суперніку да сярэдзіны трэцяй чвэрці, але неўзабаве вайскоўцы ўключыліся ў гульню і не пакінулі супернікам шанцаў на перамогу - 86:61.

Гульня «Цмокі-Мінск» - «Астана» пройдзе заўтра ў 17.00 на Мінск-Арэне. Квіткі можна купіць на сайце ticketpro.by.

Спонсары і партнёры