Заўтра, 17 сакавіка, мінскія "Цмокі" сустракаюцца з краснадарскім "Лакаматывам".

ЛАКАМАТЫЎ-КУБАНЬ

Коратка пра суперніка:
Год: 1946
Горад: Краснадар, Расія
Клубныя колеры: чырвоны, зялёны
Турніры: Адзіная Ліга ВТБ, Еўракубак
Дасягнення: віцэ-чэмпіён Лігі ВТБ (2013), уладальнік Кубка Расіі (2000), чэмпіён Еўракубка (2013), бронзавы прызёр Еўралігі (2016).

Пра нашага суперніка мы распавядалі ў снежні, калі "Цмокі" сустракаліся з "Лока" ў Краснадары.

Першая гульня
"Лакаматыў", які да сустрэчы з "Цмокамі" не прайграў ніводнага матча Лігі ВТБ, адарваўся на 10 ачкоў ужо пасля 5 хвілін гульні, але падапечныя Аляксандра Круцікава здолелі зачыніць сваю зону: на стыку першай і другой чвэрцяў "Цмокі" не прапускалі, а паўднёўцы набіралі ачкі выключна з лініі штрафу. Нашая каманда імкнулася дзеяць агрэсіўна, і ўжо праз 2 хвіліны пасля пачатку другой чвэрці ў "Лока" было 4 фалы. Дзякуючы рыўку 10-1 мінчукі падабраліся ў ліку ўсяго да "-1", але на вялікі перапынак ізноў крыху адсталі - 28:33.

Пасля вялікага перапынку істотна расстаноўка сіл не памянялася: "Лока" быў наперадзе на некалькі кідкоў, але дзякуючы трапленням Крыса Чараповіча, Аляксандра Кудраўцава і Макса Салаша "Цмокі" захоўвалі сур'ёзныя шанцы на перамогу. Толькі ў апошняй чвэрці гаспадары змаглі адарвацца на 10 ачкоў наперад. Трохачковы Чараповіча даў мінчукам надзею, але па выніках 40 хвілін мацнейшымі былі краснадарцы - 67:56.

Што змянілася
Па-першае, "Лока" стаў прайграваць. Краснадарцы выдалі паспяховую першую палову турніру, саступіўшы толькі на старце УНІКСу. Наступная, і, магчыма, самая нечаканая параза здарылася 3 лютага. "Лока" на хатняй пляцоўцы саступіў "Аўтадару". Потым былі паразы ад ЦСКА і разгром ад УНІКСу. Так што ў Мінск наш супернік прыедзе звышматываваным.

Па-другое, напачатку сакавіка атрымаў пашкоджанне лідар каманды - форвард Раян Брокхаф. Гулец зламаў палец і выбыў мінімум на паўтара месяца.Амаль на наступны дзень стала вядома пра падпісанне літоўца Йонаса Мачуліса, які якраз скасаваў кантракт з мадрыдскім "Рэалам". За каралеўскі клуб Мачуліс выступаў з 2014 года і разам з ім рабіўся чэмпіёнам Еўралігі (2015), тройчы ўладальнікам Кубка Іспаніі і двухразовым чэмпіёнам краіны.

У гэтым сезоне форвард правёў 22 матчы ў Еўралізе, у якіх за 12 хвілін у сярэднім набіраў 3 ачкі і 1,8 падбору. У чэмпіянаце Іспаніі Йонас выходзіў на пляцоўку ў 13 матчах, набіраючы ў сярэднім 4,2 ачка і 2,9 падбору за 16 хвілін.

Час і месца
Матч з "Лакаматывам" пройдзе 17 сакавіка, у 18:00, на Falcon Club Арэне. Квіткі - на Ticketpro.by. У прамым эфіры гульню можна будзе ўбачыць на тэлеканале "Беларусь 5" і на сайце Адзінай Лігі ВТБ.

Анлайн гульнi

Спонсары і партнёры