"Цмокі" на хатняй пляцоўцы перамагаюць ВЭФ і вяртаюцца на восьмы радок турнірнай табліцы.

Ход гульні
Абедзве каманды працягваюць змагацца за трапленне ў плэй-оф. ВЭФ у выпадку перамогі гарантаваў бы сабе месца ў Топ-8, а “Цмокі” пры няўдачы, калі не гублялі шанцы на працяг змагання, то ўскладнялі сабе жыццё да максімуму.

Разумеючы, што гуляюць, магчыма, самы важны матч сезона, “Цмокі” пачалі дыктаваць умовы на пляцоўцы з першых жа хвілін: Дэвон Садлер і Крыс Чараповіч вывелі мінчукоў наперад - 7-2. ВЭФ крыху адыграўся, але змушаны быў узяць тайм-аўт у сярэдзіне чвэрці: госці прапусцілі 18 ачкоў за палову!

На жаль, ужо па выніках 10 хвілін на табло гарэлі практычна аднолькавыя лічбы - 20:18 на карысць падначаленых Аляксандра Круцікава. Другая чвэрць атрымалася такой жа рэзультатыўнай, але па яе выніках рыжане выйшлі наперад: на апошніх секундах лідар гасцей Алекс Перэз трапіў трохачковы базэр проста пад сірэну, якая паведамляла пачатак вялікага перапынку. 

А вось трэцяя чвэрць стала ключавой у гэтай напружанай дуэлі: “Цмокі”, як і напачатку гульні, здзейснілі рывок і, дзякуючы дакладным штрафным у выкананні Максіма Салаша, зноў адарваліся на 8 ачкоў - 58:50. 

Усю чацвёртую чвэрць ВЭФ правёў у спробах адыграцца, разумеючы, наколькі важна не саступіць прынцыповаму суперніку ў змаганні за месца ў плэй-оф. Розніца ў ліку вагалася ад 2 да 11 ачкоў. На апошніх хвілінах рыжане трапілі трохі кідкоў, наблізіліся да “Цмокаў” і нават маглі перавесці гульню ў авертайм. Але “Цмокі” здолелі абараніцца і здабылі важную перамогу, перапыніўшы 3-матчавую серыю параз - 84:77!

Лепшы гулец
Па выніках матча партнёр нашага клуба - J-Studio - назваў лепшага гульца матча. Ім стаў форвард Максім Салаш, на ліку якога было 17 ачкоў, 6 падбораў і 2 блок-шоты! 

Адзначым паспяховую гульню Дэвіда Кравіша: цэнтравы правёў адзін з лепшых матчаў, сабраўшы вялікі дабл-дабл: 26 ачкоў, 12 падбораў і 38 балаў за эфектыўнасць дзеянняў!

Турнірная табліца
За тыдзень да канца рэгулярнага чэмпіянату “Цмокі”, “Ніжні Ноўгарад” і ВЭФ маюць па 8 перамог у актыве. Усё вырашыцца ў апошніх матчах: “Цмокі” на выездзе згуляюць з “Зенітам”, у “Ніжняга” сустрэчы з “Аўтадорам” і "Лока", а рыжане, уласна, ужо правялі ўсе свае сустрэчы і зараз залежаць ад вынікаў гульняў сваіх супернікаў.

Каментары

Галоўны трэнер "Цмокі-Мінск" Аляксандр Круцікаў:
Я думаю, што сёння ключавым фактарам была камандная гульня ў абароне. Мы і раней добра гулялі ў атацы, нават у прайграных матчах набіралі 80 і больш. Але дрэнна абараняліся. Сёння мы зрабілі 77 у абароне — гэта і дало нам добры шанец перамагчы.

Галоўны трэнер ВЭФа Яніс Гайліціс:
Гулялі вельмі дрэнна. І як каманда, і індывідуальна. Пара гульцоў маглі ствараць больш напружання, але згулялі ніжэй свайго роўня. Не знайшлі сваю гульню, віншую "Цмокі" з перамогай — яны сёння заслужылі.

Цмокі-Мінск - ВЭФ - 84:77 (20-18, 21-24, 19-12, 24-23)
Цмокі-Мінск:
Садлер (17+8 асістаў), Адамавіч (0), Трасцінецкі (2), Салаш (17 + 6 падбораў), Мешчаракоў (2), Семянюк (0), Вашкевіч (0), Чараповіч (13+10 падбораў), Кудраўцаў (5), Кравіш (26 + 12 падбораў), Грэй (2).

Спонсары і партнёры