13 студзеня "Цмокі" на хатняй Falcon Club згулялі з краснаярскім "Енісеем". "Мінчукі" саступілі ў цяжкім матчы Адзінай Лігі ВТБ.

Ход гульні
Новы цэнтравы краснаярцаў Марціньш Меерс вывеў гасцей наперад: пасля яго паспяховых дзеянняў у наступе "Енісей" хутка адарваўся на 12 ачкоў - 16:4, прымусіўшы "Цмокаў" пайсці на тайм-аўт. Зрэшты, ужо да канца 10-хвілінкі "Драконы" не толькі зраўналі лік, але і перахапілі лідарства. Аляксандр Семянюк закінуў з фолам, а Аляксандр Кудраўцаў адважна ішоў пад кош, набіраючы ачкі і аддаючы перадачы.

Паспяховая канцоўка першай чвэрці дазваляла спадзявацца на далейшы поспех, але нечакана ў "Енісея" "паляцела" з перыметра: 8 з 13 трохачковых дасягнулі мэты, і "Цмокі" да вялікага перапынку зноў апынуліся ў ролі даганяючых - 37:48.

А пасля вялікага перапынку "Енісей" давёў лік да разгромнага: пасля чарговага траплення ад Забіяна Даудэла - лідара краснаярцаў - "Цмокі" сышлі на тайм-аўт пры "-17". Трэнерскі штаб рызыкнуў і перайшоў на новы тып абароны, пры якім частка каманды абаранялася "зонай", але лепшага баскетбаліста супернікаў усе роўна трымалі асабіста. Гэта спрацавала: "Цмокі" набралі 12 ачкоў запар, а ў чацвёртай чвэрці падышлі да "Енісея" на адлегласць аднаго дакладнага кідка.

На жаль, замест роўнага ліку мінчукі атрымалі рывок 0-10 і выпусцілі перамогу, не смяротную, але вельмі балючую.

Ключавы фактар
Каманды гулялі ў аднолькавым стылі, але калі "Енісей" закінуў амаль палову сваіх трохачковых (10/21), то "Цмокі" трапілі з-за дугі ўсяго тройчы (3/20). Апроч таго, госці паспяхова атакавалі з-пад шчыта, набраўшы з "фарбы" амаль палову ўсіх сваіх ачкоў.

Лепшы гулец
Па выніках матча партнёры клуба - кампанія "Крыніца" і студыя тату Good Sign Tattoo - выбралі лепшага баскетбаліста матча ў складзе нашай каманды. Ім стаў форвард Мікіта Мешчаракоў: 14 ачкоў, 3 падборы і перахоп. 

Адзначым, што пасля пашкоджання вярнуўся абаронца Дэвон Садлер, які за 25 хвілін на пляцоўцы адзначыўся 19 ачкамі і 7 перадачамі пры адсутнасці страт!

Каментар

Галоўны трэнер "Цмокі-Мінск" Аляксандр Круцікаў: У апошні час я вымушаны прасіць прабачэння перад гледачамі, і сёння мне не застаецца нічога, акрамя як зрабіць гэта яшчэ раз. На жаль, сёння мы не атрымалі той стабільнай гульні ад нашых мацнейшых гульцоў. Не зладзілі ў абароне на перыметры ў першай палове гульні - супернік трапіў 8 трохачковых за 2 чвэрці. Мы прапусцілі 48 ачкоў за 20 хвілін - гэта занадта шмат. Каманда выглядала больш арганізавана ў параўнанні з матчам Кубка ФІБА, але ўсе роўна гэта не той баскетбол, які дазволіў бы быць аптымістамі адносна нашай будучыні.

Што далей?
У сераду "Цмокі" правядуць матч Кубка ФІБА: на выездзе каманду чакае сустрэча з чарнагорскім "Морнар Барам". Наступная "дамашка" будзе няхутка: толькі 31 студзеня ў Мінск прыедзе венгерскі "Сольнакі Алай".

Цмокі-Мінск - Енісей - 74:88 (21-19, 16-29, 21-19, 16-21)
Цмокі-Мінск:
Мешчаракоў (14), Кудраўцаў (12), Кравіш (8), Адамавіч (4), Чараповіч (4); Садлер (19 + 7 перадач), Семянюк (8), Трасцінецкі (3), Паляшчук (2), Салаш (0).

Спонсары і партнёры