11 лютага ў Мінску прайшоў матч Адзінай Лігі ВТБ. "Цмокi" саступілі маскоўскаму ЦСКА - 83:93.

Ход гульні.
Напачатку cустрэчы здалёк патрапіў і адкрыў лік у матчы Аляксандр Кудраўцаў - капітан закінуў пасля перахопу Дзмітрыя Палешчука. ЦСКА, які прыехаў ў Мінск пасля паразы ў Еўралізе ад "Валенсіі" злым, выйшаў наперад да другой хвіліне. Масквічы дэманстравалі высокі адсотак карысных дзеянняў і да сярэдзіны першай чвэрці ўжо набралі 20 ачкоў, выйграваючы з розніцай у "+9".

Шмат праблем гаспадарам дастаўлялі праходы супернікаў: тройчы пасля ўваходжанняў пад кош гульцы ЦСКА зараблялі "эндуан" і ўцякалі ўсё далей у ліку. Пры гэтым "Цмокі", прынамсі, не горш гулялі на падборы, часта забіраючы мячы пасля сваіх жа промахаў.

Напачатку другой чвэрці "Цмокi" прайгравалі ўжо 20 ачкоў, але не збіраліся здавацца. Дэвон Садлер трапіў з перыметра, Максім Салаш закінуў з фолам, а Дэвід Кравіш эфектна накрыў аднаго з лепшых снайпераў Еўропы - Нанда дэ Кало. Да вялікага перапынку адставанне мінчукоў скарацілася да "-13".

У трэцяй чвэрці "Цмокi" досыць доўга трымалі гэту розніцу на табло, не дазваляючы знакамітаму суперніку ўцячы яшчэ далей. Мікіта Мешчаракоў у праходзе закінуў з-пад коша, а Крыс Чараповіч завяршыў хуткі адрыў гаспадароў. Толькі пад канец 10-хвілінкі "Цмокі" крыху аселі, і ЦСКА тут жа адарваўся яшчэ на 6 ачкоў - 53:72 не на нашу карысць.

Мінчукі паспрабавалі вярнуцца ў гульню ў апошняй чвэрці, і спачатку ў іх гэта атрымалася: з сярэдняй трапіў Джасцін Грэй, Аляксей Трасцінецкі закінуў здалёк пасля эфектнай перадачы Філіпа Адамавіча. Трэнерскі штаб ЦСКА быў вымушаны ўзяць тайм-аўт, каб спыніць супернікаў, якія знайшлі свой гульнявы рытм. Нягледзячы на тое, што розніца ў рахунку была больш за 10 ачкоў, наша каманда ваявала да апошніх хвілін, баронячыся і змушаючы ЦСКА губляць мяч. На жаль, у выніку "Цмокi" прайгралі - 83:93.

Лепшы гулец
Па выніках сустрэчы партнёр нашага клуба, школа замежных моў Streamline, разам з Falcon CLub, абралі лепшага баскетбаліста ў складзе "Цмокi-Мiнск". Ім стаў форвард Мікіта Мешчаракоў: 7 ачкоў і 2 падборы!

Статыстыка
Адным з лепшых сёння быў абаронца Дэвон Садлер, які набраў 23 ачкі. Менавіта Дэвон скончыў гульню прыгожым данкам на апошніх секундах пасля перахопу Максіма Салаша.

Каментары

 Галоўны трэнер "Цмокі-Мінск" Аляксандр Круцікаў:
Каб выйграваць з такімі камандамі, як ЦСКА, трэба гуляць больш агрэсіўна.  Карыстацца фаламі, якія дазваляюць набіраць лёгкія ачкі. Сёння мы занадта шмат прайгравалі ў такіх сітуацыях. Гэта самая хуткая каманда ў Еўралізе і пакуль нам складана спаборнічаць у гэтым кампаненце.
Цяпер у нас ёсць 2 тыдні, каб  правесці аналіз сітуацыі. Мы ў добрай форме, і я спадзяюся, гэта будзе спрыяць таму, каб не страціць энергію, якая ёсць у нас цяпер.

Я выбачаюсь перад заўзятарамі за тое, што мы прайгралі. Мы сапраўды настраіваліся на змаганне. Мы сапраўды хацелі выйграць.
Дзякуй усім заўзятарам за падтрымку.

Галоўны трэнер ЦСКА Дзімітрыс Итудзіс:
Сёння пад Масквой адбылася жудасная трагедыя, што панесла мноства жыццяў.  Не магу нават уявіць, што адчуваюць людзі, у якіх загінулі родныя і блізкія. Хачу перадаць ім найглыбокія спачуванні. Што да гульні, хачу проста павіншаваць каманду з перамогай.

Што далей?
На наступным тыдні мужчынская зборная Беларусі пачынае трэніроўкі, а потым згуляе ў кваліфікацыі на Чэмпіянат свету-2018 са Славеніяй і Іспаніяй. Тым часам "Цмокi" працягнуць рыхтавацца да матчаў Лігі ВТБ і Кубка ФІБА: 7 сакавіка "Цмокі" сустрэнуцца на выездзе з італьянскім клубам "Авеліна", а потым правядуць матч супраць пермскай "Пермі".

Бліжэйшы хатні матч - 14 сакавіка: мінчукі правядуць зваротную гульню 1/8 фіналу ў Кубку ФІБА.

Цмокi-Мiнск - ЦСКА - 83:93 (18-32, 19-18, 16-22, 30-21)
Цмокi-Мiнск:
Садлер (23), Кравіш (14 +7 падбораў), Чараповіч (12), Кудраўцаў (6), Паляшчук (0); Адамавіч (11), Мешчаракоў (7), Грэй (4), Салаш (3), Трасцінецкі (3 + 5 падбораў), Семянюк (0).

Каманда і калектыў клуба "Цмокі-Мінск" выказвае глыбокія спачуванні родным і блізкім загінулых у авіякатастрофе пад Масквой.

Спонсары і партнёры