Ужо сёння, 12 лістапада, наша каманда правядзе матч чэмпіянату Адзінай Лігі ВТБ. «Цмокі» згуляюць у гасцях з «Ніжнім Ноўгарадам». Прадстаўляем суперніка:

НІЖНІ НОЎГАРАД

"Ніжні Ноўгарад" - гэта прафесійны баскетбольны клуб, заснаваны ў 2000-м годзе. Каманда двойчы была прызёрам Вышэйшай лігі (трэцяй па сіле лігі ў Расіі), у 2010-м выйграла Суперлігу Б, а з 2011-га бярэ ўдзел у Адзінай Лізе ВТБ.
"Ніжні" ў кожным з сезонаў выходзіў у плэй-оф Лігі ВТБ, і калі ў сваім дэбютным чэмпіянаце ён спыніўся на стадыі 1/8 фінала, то ўжо праз сезон змагаўся з ЦСКА за перамогу ў турніры ў вырашальнай серыі. Дзякуючы выхаду ў фінал у сезоне 2013/14 "Ніжні Ноўгарад" атрымаў месца ў Еўралізе, дзе паспяхова прайшоў рэгулярны чэмпіянат і апынуўся ў Топ-16.

Сезон 2016/17 апынуўся адным з самых няўдалых для НН: каманда выляцела на другім этапе Еўракубка, а ў Лізе ВТБ не прайшла ў плэй-офф.

Міжсезонне

Пасля няўдалага сезона клубны менеджмент сур'ёзна абнавіў склад. Перадусім, клуб пакінуў галоўны трэнер Артурс Шталбергс, чыё месца заняў Зоран Лукіч. Спецыяліст ужо працаваў з «Ніжнім» - пад яго кіраўніцтвам клуб выйшаў у Еўралігу.

Таксама з каманды сышлі ўсе легіянеры, у тым ліку - лепшы скорар клуба ДэАндрэ Кейн. Перад пачаткам сезона «Ніжні» вырашыў запрасіць толькі двух замежных гульцоў. Імі сталі сербскі бігмен Стэфан Еловац і амерыканскі разыгрываючы Стэрлінг Гібс.

Затое ў камандзе з'явілася чацвёрка рускіх баскетбалістаў. Прыйшоў выхаванец «Лакаматыва» Максім Колюшкін, вярнуўся Вадзім Панін, які 3 гады выступаў за УНІКС, з «Хімак» прыехаў Аляксандр Захараў, а Арцём Камолаў бараніў раней колеры «Зеніту».

Новы сезон

Чакання ад новага сезона ў ніжагародцаў былі даволі высокімі. Як-ніяк, вярнуўся адзін з лепшых трэнераў у гісторыі клуба.

Нягледзячы на гэта, пачатак не заладзіўся: «Ніжні» заявіўся ў Лігу чэмпіёнаў замест Еўракубка, але ў другім раўндзе кваліфікацыі нечакана саступіў бельгійскаму «Антверпу» і пайшоў у Кубак ФІБА. У «Ніжняга» добрыя шанцы на выхад ў другі групавы этап турніру: каманда мае тры перамогі ў чатырох матчах. Саступіў НН толькі венгерскаму «Сальнокі  Алай», і саступіў буйна - 97:71.

Магчыма, з няшчасцем у Лізе чэмпіёнаў і звязаны змены ў складзе. У сярэдзіне кастрычніка каманду пакінуў амерыканец Стэрлінг Гібс. Паводле словаў галоўнага трэнера, «абаронца не стаў лідарам калектыву».

Але замест яго ў «Ніжні» даволі нечакана прыехаў Уладзімір Верамеенка - беларускі форвард, які летась гуляў у Еўралізе за «Бамберг». Беларус не застаўся ў нямецкім клубе і планаваў знайсці сабе новую каманду бліжэй да Новага года, але ў выніку прыняў прапанову «Ніжняга Ноўгарада». Уладзімір ужо правёў адзін матч у Кубку ФІБА, набраўшы 14 ачкоў і аддаўшы 5 падбораў у гульні супраць «Фалка» (84:79).

У Адзінай Лізе ВТБ у «Ніжняга» таксама не ўсе гладка: пасля пераканаўчай перамогі над ВЭФам каманда атрымала паразы ад «Енісея» і «Лакаматыва» і пакуль што ідзе па турніры з адмоўным балансам перамог і параз (1-2).

Матч паміж «Ніжнім Ноўгарадам» і «Цмокі-Мінск» пройдзе 12 лістапада. Наша каманда згуляе на выездзе, пачатак сустрэчы запланаваны на 16:00. У прамой трансляцыі матч можна будзе паглядзець на сайце Адзінай Лігі ВТБ.

Ніжні Ноўгарад - Цмокі-Мінск
Адзіная Ліга ВТБ, 12 лістапада, 16:00
Ніжні Ноўгарад, Расія

Спонсары і партнёры