15 красавіка «Цмокі» сустрэнуцца  з саратаўскім «Аўтадорам». Узгадваем, як прайшла сустрэча першага кола і глядзім, якія змены адбыліся з той пары:

Аўтадор
Коратка пра суперніка:

Год: 1960
Горад: Саратаў
Клубныя колеры: чорны, белы
Турніры: Адзіная ліга ВТБ, Кубак ФІБА-Еўропа
Дасягнення: чэмпіён Суперлігі (2009, 2014)

Традыцыйны агляд суперніка вы можаце прачытаць тут.

Першая гульня
Пачатак лістападаўскай сустрэчы застаўся за «Аўтадорам», які перахапіў ініцыятыву і цягам 5 хвілін адарваўся на 10 ачкоў. Саратаўская каманда дэманстравала хуткі баскетбол, імкнучыся ўцякаць у адрыў пасля кожнага падбору ці пасля страты "Цмокаў". Максім Салаш набраў 5 ачкоў запар, але гэтага не хапіла, каб дагнаць суперніка: 15-26 па выніках стартавай чвэрці.

Па ходу другой 10-хвілінкі "Цмокі" прайгравалі 15 ачкоў, але да вялікага перапынку здолелі вярнуцца і саступалі "-6" - 44:50. Каманда Аляксандра Круцікава зменшыла колькасць страт і імкнулася не адпускаць суперніка ў хуткія адрывы. "Цмокі" таксама дадалі ў змаганні пад шчытамі, сталі больш агрэсіўна ісці пад чужы кош і змушалі саратаўцаў фаліць. 

Ссечаная ратацыя, якую ўжываў трэнерскі штаб "Аўтадора", нагадала пра сябе ў другой палове сустрэчы: госці значна зменшылі тэмп, сталі здзяйсняць больш памылак, дзякуючы чаму "Цмокі" падцягнуліся ў ліку да мінімальнага ўжо ў сярэдзіне апошняй чвэрці.

Адамавіч і Чараповіч траплялі неверагодныя трохачковыя, а Мікіта Мешчаракоў на апошніх секундах усталяваў роўныя лічбы на табло - 82:82. На жаль, у той раз "Аўтадор" павёз з Мінска перамогу: Брэндан Фрэйзер зачыніў гульню трохачковым базэрам - 82:85 не на карысць "Цмокаў".

Што змянілася    
У снежні ў «Аўтадора» адбыліся чарговыя кадравыя перастановы: клуб пакінулі расійскі форвард Фёдар Ключнікаў і амерыканскі свінгмэн Ірвін Морыс. А ўжо 12 снежня саратаўцы «падпісалі» форварда Шакіла Маккісіка (196 см, 27 гадоў), якія мае грамадзянства Азербайджана і ЗША. 

Пасля гэтых змен «Аўтадор» Пашуціна зайграў новымі фарбамі, дэманструючы яркі, відовішчны баскетбол. У рэгулярцы перад саратаўцамі не выстаялі нават «Зеніт» і «Лакаматыў». Праўда, пры гэтым каманда саступіла ў гасцях «Калеву».  

Лідарам каманды з'яўляецца Коці Кларк. Амерыканскі форвард набірае ў сярэднім 17.8 ачка за амаль 30 хвілін на пляцоўцы. Магчыма, у матчы з «Цмокамі» на пляцоўцы з'явіцца цэнтравы Арцём Кліменка. Гулец вярнуўся пасля пашкоджання і быў заяўлены на матч супраць «УНІКСу», але гуляць так і не выйшаў.

Цяпер «Аўтадор» ідзе на 6 месцы ў турнірнай табліцы з 9 перамогамі пры 9 паразах.

У нас усе гэтак жа не ў абойме Дзмітрый Паляшчук і Філіп Адамавіч. Апроч таго, параза ад «Хімак» крыху ўскладніла становішча ў турнірнай табліцы: тры каманды («Цмокі», «Парма» і ВЭФ) дзеляць 8-10 месцы.  Для дасягнення запаветнай мэты «Цмокам»  трэба перамагаць.

Час і месца
Матч з «Аўтадорам» пройдзе ў нядзелю ў палацы спорту «Крышталь» і пачнецца ў 16:00. Трансляцыя матча будзе на сайце Адзінай Лігі ВТБ і на тэлеканале "Беларусь 5".

Спонсары і партнёры