У матчы Адзінай лігі ВТБ «Цмокі-Мінск» саступаюць саратаўскай камандзе - 82:104. 

Ход гульні
Абедзве каманды выдалі не самы рэзультатыўны старт: абмяняўшыся трохачковымі кідкамі ў выкананні Садлера і Даўнса, за першыя 5 хвілін гульні набралі па 8 ачкоў. У беларусаў ніяк не атрымлівалася канверсаваць свае хуткія атакі ў ачкі. Аднак і супернік меў цяжкасці.

У другой палове стартавай чвэрці «Аўтадор» узняў тэмп, змушаючы нашую каманду не адставаць. І «Цмокі» практычна зрабілі гэта: Джасцін Грэй двойчы выводзіў на дугу Крыстафера Чараповіча, і швед дакладна клаў мяч у кош – 29:23 на карысць гаспадароў.

Пачатак другой чвэрці застаўся за гаспадарамі: пасля паўтары хвіліны на пляцоўцы «Цмокі» саступалі 10 ачкоў. Але неверагодны адрэзак ад Макса Салаша, які адпрацоўваў у абароне і забіваў складаныя мячы, дазволіў скараціць адставанне да 3 ачкоў. Да вялікага перапынку каманды падышлі з лікам 53:50 на карысць «Аўтадору», а Салаш адзначыўся 15 ачкамі за 10 хвілін на пляцоўцы.

Ключавы момант
Прапусціўшы стартавы рывок гаспадароў 10-0, «Цмокі» не змаглі вярнуцца ў гульню. Пакуль «Аўтадор» працягваў набіраць ачкі, беларусы не толькі не траплялі свае мячы  (4 промахі з-за дугі запар), але і пачалі сыпацца ў абароне. 

Тры фалы Мікіты Мешчаракова напачатку апошняга адрэзка змушалі нашую каманду гуляць асцярожна.  Саратаўцы ж, злавіўшы кураж, сталі дзеяць яшчэ больш агрэсіўна, а Коці Кларк прабіў 100 ачкоў для «Аўтадора» - 104:82.

Нягледзячы на гэтую паразу, мы захоўваем шанцы на плэй-оф, але зараз залежым і ад вынікаў супернікаў.

Лепшы гулец
Дэвон Садлер набраў у гэтай сустрэчы 22 ачкі. Адзначым дзеянні маладога форварда Максіма Салаша, які скончыў гульню з 19 ачкамі.

Каментары

Аляксандр Круцікаў, галоўны трэнер «Цмокі-Мінск»: 
«Віншую «Аўтадор» з заслужанай перамогай і вельмі добрай гульнёй. У сярэдзіне трэцяй чвэрці ў гаспадароў атрымалася стварыць сабе вялікі задзел. Мы спрабавалі розныя варыянты, розныя сістэмы абароны, але, на жаль, ніводная з іх не спрацавала. Шмат у чым таму, што проста ўражальны матч правялі Фрэйзер і Кларк. У нейкай ступені мы былі гатовыя да такой імклівай гульні суперніка. Аднак дзве прапушчаныя трохачковыя акцыі напачатку трэцяга перыяду і нерэалізацыя нашага хуткага прарыву, пасля якога мы проста атрымвалі лёгкія ачкі ад гульцоў, якія заставаліся пад нашым кошам, на мой погляд, вырашыла вынік сустрэчы. З такой камандай, як «Аўтадор», трэба дэманстраваць вельмі якасны баскетбол на працягу ўсіх 40 хвілін. На жаль, у нас не знайшлося ніякіх аргументаў супраць саратаўцаў».

Яўген Пашуцін, галоўны трэнер «Аўтадора»: 
«Хачу павіншаваць каманду, хлопцаў і ўвесь клуб. Для нас гэта вельмі важная перамога, якой мы зрабілі яшчэ адзін крок на шляху ў плэй-оф. Наперадзе яшчэ шмат матчаў, і мы няўхільна ідзём да сваёй мэты. Адзначу, што сёння на працягу трох чвэрцяў вельмі добра дзеялі ў абароне. За выняткам другога перыяду, у якім прапусцілі 27 ачкоў. Менавіта абарона прынесла нам перамогу. У першай палове выдатна атакавалі, аднак у той жа час у другой дзесяціхвілінцы перасталі абараняцца. Перайшлі на бразільскую сістэму па прынцыпе «Вы заб'еце нам колькі зможаце, а мы вам – колькі захочам». У вялікім перапынку ўнеслі карэкцыі і выйгралі трэцюю чвэрць з лікам 25:14. Менавіта гэты рывок і быў вырашальным. Хлопцы пранікліся, селі ў абарону, сталі дапамагаць адзін аднаму, дзеяць цвярдзей, падбіраць мячы на шчытах і кантраляваць гульню ў нападзе. Сёння скарысталі шырэйшую ратацыю складу. На пляцоўцы з'явіліся ўсе 12 баскетбалістаў, кожны з якіх прынёс карысць. Набралі 104 ачкі – таксама вельмі важны паказнік для нашага стылю. У нас атрымалася знайсці аптымальны баланс паміж пазіцыйнай і хуткай гульнёй. Вядома, будзем аналізаваць і выпраўляць памылкі, але генеральна хлопцы малайчыны!»

Што далей
Цяпер у нашай каманды ёсць час перадыхнуць. Пасля трох падрад гульняў у лізе ВТБ наступіў двухтыднёвы перапынак. А ўжо 29 красавіка мінчукі адправяцца ў госці да «Енісея».

Аўтадор - Цмокi-Мінск - 104:82 (29-23, 24-27, 25-14, 26-18) 
Цмокi-Мінск:
Садлер (22), Кравіш (13), Чараповіч (13), Кудраўцаў (0), Белянкоў (2), Мешчаракоў (6 + 5 падбораў), Салаш (19), Трасцінецкі (2), Семянюк (3), Грэй (2 + 7 асістаў), Вабішчэвіч (0).

Спонсары і партнёры