На пляцоўцы ўніверсальнага спартыўнага комплекса ЦСКА саступілі адной з лепшых каманд Еўропы – 88:119.

Сёння «Цмокі» сустракаліся з мацнейшай камандай Еўропы, лідарам Лігі ВТБ і Еўралігі маскоўскім ЦСКА. Нягледзячы на складаны расклад супернік падышоў да гульні сур'ёзным складам: з першых хвілін на пляцоўцы з'явіліся Нанда дэ Кало, Атэла Хантар і Алек Пітарс. Прапускалі сустрэчу Хайнс і Радрыгес.

Наша каманда пачынала сустрэчу звыклай пяцёркай Лютыч, Кудраўцаў, Паляшчук, Мудзі і Сарыкопулас. Першая палова гульні выклікала аптымізм. Мінчукі падбудаваліся пад гульню ЦСКА і ўсё часцей дэманстравалі такі ж адкрыты баскетбол як і знакаміты супернік. Праўда, гаспадары пляцоўкі практычна з першых хвілін выключылі з гульні Стэфана Мудзі, на што давялося зрэагаваць Аляксандру Круцікаву: трэнерскі штаб адправіў абаронцу на лаўку.

Прайграўшы па выніках стартавай дзесяціхвілінкі 8 ачкоў, затым «Цмокі» скарацілі адставанне да -4. Гэта Мудзі закінуў адзін са сваіх трохачковых за 2 хвіліны да вялікага перапынку. Але ўтрымаць такую розніцу наша каманда не змагла і пайшла на 15-хвілінную паўзу з адставаннем у 7 ачкоў.

Ключавой і правальнай атрымалася для мінчукоў трэцяя чвэрць: пасля 5 хвілін гульні наша адставанне павялічылася да 20 ачкоў. Галоўны трэнер ЦСКА Дзімітрыс Ітудзіс, задаволены ўпэўненымі дзеяннямі сваёй каманды, выпусціў пагуляць і прадстаўніка вайсковай маладзёжкі Андрэя Лапаціна, які пад сірэну паспеў набраць 4 ачкі запар.

Апошні адрэзак стаў хутчэй фармальнасцю. Мінчукі спрабавалі скараціць адставанне, але ЦСКА было ўжо не спыніць. Дадайце да гэтага ўласныя памылкі і атрымаем выніковыя 119:88 на карысць гаспадароў пляцоўкі.

Самым рэзультатыўным гульцом стаў Дзі Джэй Шэлтан, які набраў 17 ачкоў. На адзін рэзультатыўны кідок менш здзейсніў Віталь Лютыч – 15 ачкоў. Стэфан Мудзі набраў 13 ачкоў. 

Зараз Ліга ВТБ робіць паўзу на гульні нацыянальных каманд: наступная гульня для нашай каманды адбудзецца 8 снежня. А ў сераду 21 лістапада мы пазнаём, ці працягнуць «Цмокі» свой удзел у Кубку ФІБА-Еўропа. Гэта адбудзецца толькі ў выпадку перамогі мінчукоў над кіпрскім АЕКам. 

ЦСКА – Цмокі-Мінск 119:88 (33-24, 21-23, 39-15, 26-26)
Цмокі-Мінск:
Лютыч (15), Мудзі (13), Трасцінецкі (7), Сарыкопулас (4), Мешчаракоў (3), Кудраўцаў (10), Паляшчук (3), Садлер (7), Семянюк (9), Шэлтан (17). 

Спонсары і партнёры