Каманда Андрэя Ваўлева вяртаецца з Гродна з перамогай.

Матч «Алімпіі» і «Цмокаў» стаў сустрэчай двух лідараў чэмпіянату Беларусі: у гарадзенскай і мінскай камандаў было па чатыры перамогі ў турніры. Гэтая гульня павінна была вызначыць, хто ж замацуе за сабой першае месца ў турнірнай табліцы.

Стартавы склад «Алімпіі»:Надзея Надзежка, Наталля Дашкевіч, Святлана Кудрашова, Арына Масько, Вольга Капылова.

Стартавы склад «Цмокі-Мінск»:Ала Мураўская, Кацярына Рыбалка, Вікторыя Гаспер, Ленка Бартакова, Яўгенія Сцяпанава.

Дзмітрый Кузьмін уключыў у заяўку на матч Юлію Васілевіч, якая апошнія дзве гульні выступала за іншы гарадзенскі калектыў «Вікторыю». У мінулую нядзелю на хатняй пляцоўцы «Цмокаў» гэта каманда гарадзенак атрымала паразу, а Васілевіч нароўні з Яхнавец лідаравала па набраным ачкам.

Аднак малады плэймэйкер не дапамог «Алімпіі» абгуляць нашую каманду. «Цмокі» стварылі істотную перавагу ў першай палове гульні. Андрэй Ваўлеў працягваў найграваць еўракубкавую пяцёрку – Ленка Бартакова, Яўгенія Сцяпанава, Вікторыя Гаспер, Даніэла Маккрэй, Ала Мураўская. Менавіта гэтыя дзяўчыны стварылі адрыў, які не змагла адыграць гарадзенская каманда ў першых дзвюх чвэрцях.

У трэцяй чвэрці Ваўлеў даў магчымасць пагуляць дзяўчынам з лаўкі запасных, а «Алімпія» у гэты ж час не губляла шанец адыграць розніцу ў ліку. Аднак «агнядышныя» выйгравалі шчыт, былі шустрэй на падборах і ў гульні другім тэмпам. У нашага трэнера была глыбокая лаўка і мноства варыяцый пяцёркі на пляцоўцы. Ад гэтага больш за палову ачкоў набралі гульцы з лаўкі запасных. І яшчэ адна праробленая праца ад нашых дзяўчат – Капылова і Дашкевіч правялі адзін з самых не рэзультатыўных матчаў у гэтым сезоне. «Цмокі» ліквідавалі пагрозу ў асобе «вялікіх», а «Алімпія» засталася без галоўнай зброі. Трохачковыя не ляцелі – баскетбалісткі Кузьміна рэалізавалі ўсяго 4 кідкі з-за дугі.

У апошнім адрэзку Андрэй Ваўлеў дазволіў пагуляць глыбокаму рэзерву, таму гарадзенскія баскетбалісткі ў самай канцоўцы паспяхова пачалі даганяць нашу каманду. Але адной хвіліны не хапіла б, каб адыграць перавагу «Цмокаў» у 12 ачкоў. 

Упэўненая перамога нашай каманды. На дадзены момант мы з'яўляемся лідарамі чэмпіянату Беларусі ў гэтым сезоне, але наперадзе яшчэ доўгі рэгулярны чэмпіянат.

Вікторыя Гаспер аформіла дабл-дабл у сустрэчы з «Алімпіяй», набраўшы 15 ачкоў і 14 падбораў. Безумоўна, вылучаем і Ксенію Вабішчэвіч, якая выдатна паказала сябе супраць былога клуба, запісаўшы на свой рахунак 16 ачкоў. Двухзнакавы паказнік па ачках пераскочыла Даніэла Маккрэй – 11 ачкоў.

«Алімпія» – «Цмокі-Мінск» – 60:73 (12:19, 12:23, 14:12, 22:19)

Спонсары і партнёры