Наша каманда - самая тытулаваная ў гісторыі беларускага баскетбола.

17 мая прайшоў трэці матч фінальнай серыі мужчынскага першынства Беларусі. "Цмокі" на хатняй пляцоўцы разграмілі "Гродна-93" і сталі чэмпіёнамі краіны ў дзявяты раз запар. 

Сцэнар
"Гродна-93" прыехаў у Мінск з дэвізам "Win or go home" - "перамагай ці адпраўляйся дахаты". Госці, якім больш нельга было прайграваць у серыі, пачалі стартавую чвэрць досыць моцна, прымусіўшы трэнера мінчукоў Аляксандра Круцікава ўзяць тайм-аўт пры лику 5:10: па 5 ачкоў набралі Дзмітрый Кузьмін і Іван Каляеў.

"Цмокі" тут жа адказалі сваім рыўком 7-0: Аляксандр Семянюк трапіў з перыметра, потым у пратаколе адзначыліся Антоніа Грэйвз і Джасцін Грэй. Чвэрць "Цмокі" выйгралі з лікам 21:19.

Пасля невялікага перапынку гаспадары заўважна дадалі ў абароне, не дазваляючы суперніку фактычна нічога пад сваім кошам. І пакуль "Цмокі" набіралі 15 неўзаемных ачкоў, "Гродна" не магло закінуць на працягу 8 хвілін. Да вялікага перапынку розніца ў ліку павялічылася з 2 да 15 ачкоў - 41:26.

Адзначым, што "Гродна-93" не здаўся і ў другой палове сустрэчы працягнуў аказваць супраціў "Цмокам". У нейкі момант розніца ў ліку зменшылася да 11 ачкоў, але ў апошняй чвэрці "Цмокі" проста разграмілі суперніка - 86:64.

Ключавы момант
Абарона "Цмокаў" у другой чвэрці была вырашальнай: мінчукі не прапускалі на працягу 8 хвілін. Дарэчы, у наступнай 10-хвілінцы "Гродна-93" ледзь скарацілі адставанне - гэта чвэрць стала адзінай, якую "Цмокі" прайгралі за 6 матчаў плэй-оф.

MVP
Аляксандр Семянюк. Цэнтравай рабіў дабл-дабл у сярэднім за гульню, набіраючы 16.7 ачка і 10.7 падбора.

Гісторыя
Гэта чэмпіёнства - дзявятае ў гісторыі "Цмокі-Мінск". Дзякуючы гэтаму наша каманда стала самай тытулаванай у баскетбольнай Беларусі.

Каментары

Аляксандр Семянюк: "Мы зрабілі тое, што павінны былі: выйшлі і перамаглі, зачынілі серыю і сталі чэмпіёнамі".

Аляксандр Круцікаў: "Перад пачаткам матча хваляваўся, ці не расслабяцца гульцы. Супернік добра пазмагаўся на старце, нават навязаў змаганне пасля вялікага перапынку, але апошняя чвэрць усё расставіла на свае месцы. Задаволены, што мы сталі чэмпіёнамі".

Цмокі-Мінск - Гродна-93 - 86:64 (21-19, 20-7, 20-19, 25-19)
Цмокі-Мінск:
Семянюк (15 + 11 падбораў), Кудраўцаў (15), Грэй (9 + 10 перадач), Грэйвз (4), Мешчаракоў (3); Лашкевіч (12 + 7 падбораў), Трасцінецкі (11), Белянкоў (9), Ульянка (8).
Лік у серыі: 3-0

Спонсары і партнёры