“Цмокі” перарываюць 6-матчавую серыю параз і вязуць важную перамогу - 88:81!

Ход гульні
Пасля двухтыднёвай паўзы на матчы зборнай “Цмокі” чакаў складаны графік: вандраванне ў Астану, потым вылет у італьянскі Авеліна, а пасля гэтага - доўгае падарожжа ў Перм. Нягледзячы на гэта, менавіта “Цмокі” паказалі больш упэўнены старт, па выніках якога вялі з лікам 7-20!

“Цмокі” аддалі перавагу атацы з перыметра, і гэтая тактыка сябе апраўдала: дзякуючы дакладным трохачковым мінчукі адарваліся наперад, а “Парма”, наадварот, не магла знайсці сваю гульню. Па выніках першай чвэрці госці лідаравалі - 23:20.

Другая 10-хвілінка атрымалася яшчэ больш рэзультатыўная: Крыс Чараповіч узяў на сябе ролю лідара і фактычна не прамахваўся: 5-5 з далёкай дыстанцыі і 23 ачкі да вялікага перапынку. Пры гэтым Аляксандр Круцікаў скарыстаў шырокую ратацыю, выпусціўшы ў першай палове сустрэчы ўсіх 12 баскетбалістаў. “Парма” крыху адстала ў рахунку, а Дэвід Кравіш зачыніў 20-хвілінку эфектным данкам пасля перадачы Дэвона Садлера - 56:44.

Пасля вялікага перапынку “Парма”, здавалася, перавярнула ход гульні сваім рыўком 9-2. “Цмокі”, аднак, улічылі памылкі мінулых матчаў і не далі суперніку выйсці наперад. Дэвід Кравіш папрацаваў на падборы, Філіп Адамавіч у час трапіў з перыметра, і нашая каманда забяспечыла сабе камфортную перавагу ў 13 ачкоў, якую пермякі адыграць ужо не змаглі. У выніку падапечныя Аляксандра Круцікава перапынілі серыю няўдалых матчаў і перамаглі - 88:81!

Лепшы гулец
Крыстафер Чараповіч зрабіў усё, каб “Цмокі” сёння перамаглі. Шведскі форвард набраў 33 ачкі, зрабіў 7 дакладных трохачковых і 7 падбораў! Дарэчы, Крыс паўтарыў рэкорд сезона ў Лізе па трапленнях з перыметра ў адной гульні!

Каментары

Галоўны трэнер «Цмокі-Мінск» Аляксандр Круцікаў:
Мне спадабалася, як мы гулялі ў першай палове. Злавілі свой рытм, а  вось лік у першай палове быў крыху дзіўным: абедзве каманды паказалі вельмі рэзультатыўную гульню. У другой палове было ўжо больш барацьбы і менш эфектыўнасці. Калі супернік да нас наблізіўся, за кошт ратацыі ў нас атрымалася захаваць спакой і патрэбны запас сіл для таго, каб давесці справу да перамогі.

Галоўны трэнер «ПАРМЫ» Нікалайс Мазурс:
Першае, не выканалі ўстаноўку на гульню, другое, мы прамазалі шмат вольных кідкоў. Так немагчыма перамагчы, асабліва, калі даганяеш. Наш супернік паказаў высокі адсотак трапленняў з трохачковай дыстанцыі, але я не магу сказаць, што ўсе гэтыя кідкі былі праз рукі. У трэцяй чвэрці, калі мы даганялі, яны трапілі тры важныя кідкі, а мы вярнуцца ў гульню не змаглі.

Статыстыка
Зрэшты, сёння амаль бездакорна дзеяла ўся каманда. “Цмокі” атакавалі з высокім адсоткам, былі актыўныя на падборы і  рэдка гублялі мяч, не даючы супернікам набіраць ачкі ў хуткіх адрывах. Апроч таго, мінчукі набралі 33 ачкі ў другой чвэрці, што з'яўляецца лепшым вынікам сезона.

Табліца
“Цмокі” вяртаюцца ў гонку за плэй-оф: цяпер наша каманда знаходзіцца на 10-м месцы з 5 перамогамі ў актыве!

Што далей?
“Цмокі” вяртаюцца дахаты, дзе ўжо ў сераду мае быць самы важны матч сезона ў Кубку ФІБА: на паркеце Falcon Club Арэны яны згуляюць з італьянскім “Авеліна”. Для таго, каб выйсці ў чвэрцьфінал турніру, патрэбна толькі перамога! Квіткі ўжо на ticketpro.by.

Парма - Цмокі-Мінск 81:88 (20-23, 24-33, 15-13, 22-19)
Цмокі-Мінск: 
Садлер (6 + 7 асістаў), Кравіш (18+11 падбораў), Чараповіч (33 + 7 падбораў), Кудраўцаў (3), Паляшчук (8); Белянкоў (2), Мешчаракоў (1), Грэй (0), Салаш (4), Трасцінецкі (5), Вашкевіч (0), Адамавіч(8).

Спонсары і партнёры