Саступілі "Калеву".

"Цмокі" праводзілі свой першы матч пасля сыходу Дру Джойса. Трэнерскі штаб быў вымушаны змяняць стартавую пяцёрку. Так, упершыню з 13 сакавіка 2016-га з першых хвілін з'явіўся на пляцоўцы Джасцін Грэй. 

Наша каманда прапусціла трохачковы ў адной з першых атак "Калева", але потым здолела зачыніцца ў абароне на 4 хвіліны, у якія эстонцы не закінулі нічога. "Цмокі" ў гэты час правялі рывок 6-0 і, дзякуючы практычна ідэальнай абароне, выйшлі наперад.

"Калеў" пры падтрымцы родных трыбун здавацца не збіраўся і адказаў сваім рыўком, прымусіўшы Ігара Грышчука ўзяць тайм-аўт пры ліку 10-7. Мінчане трапілі некалькі складаных мячоў з сярэдняй дыстанцыі і скарацілі адставанне ад "Калева" да аднаго кідка. На жаль, з-за прайгранага змагання за падбор "Цмокі" пайшлі на першы перапынак у ролі саступаючых - 19:15.

Пачатак другой чвэрці застаўся не за нашай камандай. "Цмокі" не трапілі свае мячы, а "Калеў" не прабачыў і адказаў дакладнымі кідкамі, стварыўшы максімальную перавагу ў ліку - 32:20. Але развіць поспех не атрымалася: "Цмокі" правялі ўражлівы адрэзак, у які закінулі 16 неўзаемных ачкоў і выйшлі наперад - 36:32. Саліраваў у гэты момант Джасцін Грэй: наш абаронца набраў 10 ачкоў запар і аддаў рэзультатыўную перадачу.

На вялікі перапынак каманды пайшлі пры ліку 40:39 на карысць "Калева". Джасцін Грэй набраў да таго моманту 18 ачкоў, а Няманья Мілошавіч узяў 6 падбораў.

Трэцяя чвэрць стала неверагодна паспяховай у выкананні "Цмокаў". "Драконы" пачалі 10-хвілінку з рыўка 8-2, а пасля траплення Семянюка з сярэдняй "Калеў" узяў тайм-аўт - 44:49. 6 ачкоў запар набраў Антоніа Грэйвз, прымусіўшы пры гэтым сфаліць суперніка і стаў на лінію штрафу. У той жа чвэрці "Цмокі" атрымалі максімальную перавагу - 58:48. "Калеў" практычна зраўняў лік да апошняга перапынку, але мінчукі скончылі чвэрць у ролі лідара - 56:60.

Са зменным поспехам каманды атакавалі ў апошняй 10-хвілінцы. "Калеў" выйшаў наперад пасля трохачковага Міркавіча, нашы цэнтравыя Семянюк і Лашкевіч зраўнялі лік з лініі штрафу, але потым эстонцы збеглі наперад ажно на 12 ачкоў - 77:65. Адыграць такое адставанне "Цмокі" не змаглі і атрымалі паразу ў гасцях - 70:79.

Джасцін Грэй набраў 21 ачко пры 6 падборах ды 6 перадачах, у Аляксандра Семянюка і Антоніа Грэйвза - па 13 ачкоў.

Галоўны трэнер "Цмокі-Мінск" Ігар Грышчук: Віншую "Калеў" з перамогай. Гульня была роўнай, але, як было бачна, нам сапраўды не хапала плэймэйкера сёння. Мы зрабілі 15 страт, якія каштавалі нам 28 прапушчаных ачкоў - гэта занадта шмат.

Наступны матч "Цмокі" правядуць на Falcon Club Арэне: наша каманда прыме "Енісей" 25 сакавіка. Пачатак у 15:00.

Калеў - Цмокі-Мінск - 79:70 (19-15, 21-24, 16-21, 23-10)
Цмокі-Мінск: 
Грэй (24 + 6 падбораў + 6 перадач), Семянюк (13), Кудраўцаў (6), Мілошавіч (4 + 7 падбораў), Трасцінецкі (1 + 7 падбораў); Грэйвз (10), Лашкевіч (5 + 6 падбораў), Ульянка (5), Мешчаракоў (2).

Спонсары і партнёры