Першы тыдзень лютага атрымаўся для нашага клуба досыць паспяховым. Мужчынская каманда выйграла ў УНІКСа ў авертайме, дзяўчыны перайгралі "Алімпію" ў гасцях, а "Цмокі-2" не ведалі праблем у матчах чэмпіяната Беларусі. І гэта далёка не ўсё.

Трыумф у гульні з УНІКСам
5 лютага "Цмокі" прымалі грозны УНІКС на "Мінск-Арэне". Казанцы праводзілі вельмі няўдалы адрэзак: 8 параз у 9 матчах. 
Невялікай нечаканасцю было вяртанне ў склад разыгрываючага УНІКСа Хаакіма Калома - той не гуляў увесь студзень з-за траўмы, але ўсё роўна быў небяспечны: з наяўнасцю іспанца наступ гасцей рабіўся разнастайней у разы.

УНІКС выйшаў наперад напачатку матча, але развіць поспех не змог, а "Цмокі" павінны былі караць суперніка яшчэ пад канец чацвёртай чвэрці. Тады пры роўным ліку (77:77) апошняя атака заставалася за намі, але мяч пасля кідка Джасціна Грэя трапіў у дужку коша. 

Тым прыемней апынулася перамога ў авертайме. Усё той жа Грэй пры "-1" з супрацівам аднаго з казанцаў паклаў трохачковы, а радасны роў "Мінск-Арэны" заглушыў сірэну аб заканчэнні матча.

"Цмокі" здзейснілі ўсяго 8 страт за 45 хвілін, пры гэтым не аддаўшы УНІКСу падбор і закінуўшы 10 трохачковых. Падпісаны ў студзені Антоніа Грэйвз, дарэчы, абнавіў асабісты рэкорд, набраўшы 19 ачкоў. 

Перамога над УНІКСам павінна дадаць камандзе імпульс і натхніць на змаганне за месца ў плэй-оф. Момант больш чым спрыяльны: у сувязі з Матчам зорак Адзінай Лігі ВТБ "Цмокі" атрымалі двухтыднёвы перапынак, у які працуюць над каманднай "хіміяй". Да канца месяца "Цмокі" будуць гуляць у Мінску, пры гэтым у суперніках - "Астана" і ВЭФ, якія з'яўляюцца прамымі канкурэнтамі мінчукоў. Калі вы яшчэ не бачылі відэа-анонс матча супраць каманды з Казахстана, то зараз - самы час.

Грэй і конкурс трохачковых на Матчы зорак
Адзін з беларусаў усё ж адарваўся ад трэнеравальнага працэсу, каб узяць удзел у першым у гісторыі Адзінай Лігі ВТБ Матчы зорак. Джасцін Грэй, які ў "Цмоках" гуляе ўжо трэці сезон (і сапраўды ўжо амаль беларус), спаборнічаў з пяццю снайперамі з іншых клубаў лігі: Блумсам (ВЭФ), Карасёвым (Зеніт), Брокхафам (Лакаматыў-Кубань), Харперам (Калеў) і Ухавым (Парма).

Конкурс быў падзелены на два раўнда: папярэдні і фінальны. У першым раўндзе Грэй сышоўся з Янісам Блумсам, і абодва гульца набралі па 20 ачкоў (максімальны вынік папярэдняга раўнда). З-за дзіўных правілаў амерыканец і латыш правялі яшчэ адну дуэль, пераможцам з якой выйшаў Блумс. Такім чынам, Грэй, паказаўшы лепшы вынік першага раўнда, не змог працягнуць змаганне ў фінале. Там, дарэчы, выйграў Сяргей Карасёў.

Старт у другім этапе Балтыйскай лігі
Жаночая каманда правяла першы матч другога групавога этапу Балтыйскай лігі ў Эстоніі. У гарачым матчы супраць мясцовай "Раплы" падначаленыя Андрэя Ваўлева, на жаль, саступілі - 75:66. Змаганне ішло да апошніх хвілін, але адставанне, атрыманае ў другой чвэрці, адыграць не атрымалася. 

Ярка выявіла сябе Ала Мураўская з 24 ачкамі, 11 падборамі, 5 перахопамі і 3 асістамі. У Вікторыі Гаспер - 17 ачкоў і 7 падбораў.

"Цмокі" гэтым няшчасцем крыху ўскладнілі сабе заданне па выхаду ў Фінал Чатырох Балтыйскай лігі. Зараз трэба браць рэванш у эстонак на хатняй пляцоўцы, а потым змагацца у гульнях з курскім "Дынама".

Выязная перамога ў жаночым чэмпіянаце Беларусі
Зато літаральна ўчора наша жаночая каманда пацешыла перамогай над "Алімпіяй". Параза азначала б спыненне змагання за першае месца ў "рэгулярцы" і, такім чынам, страту перавагі хатняй пляцоўкі ў патэнцыйным фінале.

Але "Цмокі" выйгралі ў Гродна (55:68), паспяхова правядучы другую палову трэцяй і ўсю чацвёртую чвэрці. Адрознілася 18-гадовая нападаючая Кацярына Рыбалка, якая набрала 17 ачкоў, 7 з якіх - у вырашальным рыўку.
Зрэшты, выніковая расстаноўка сіл у рэгулярным чэмпіянаце дагэтуль залежыць не толькі ад нашых дзяўчын. У "Цмокаў" засталася толькі адна гульня - супраць "Гомель-Сожа", якую мы павінны браць без праблем. Усё вырашыцца ў матчы "Гарызонту" і "Алімпіі", які пройдзе 18 лютага ў Мінску. Калі гродзенская каманда на выездзе перайграе мінчучак з розніцай у "+39" і менш, то "Цмокі" стануць першымі ў "рэгулярцы".

"Цмокі-2" і двайная перамога над Брэстам
"Цмокі-2" супраць дзвюх падрад параз ад "Імпульса" рэабілітаваліся паспяховымі матчамі супраць зборнай Брэсцкай вобласці. Каманда Георгія Кандрусевіча нечакана доўга не магла ўправіцца з гасцямі ў пятнічнай гульні (93:77), але на наступны дзень лёгка прабіла сотню (106:63). Дарэчы, адзін з маладзейшых баскетбалістаў "Цмокі-2" Аляксей Кулікоў набраў сотае ачко ў матчы данкам.

Фармальна "Цмокі-2" застаюцца на пятым месцы ў турнірнай табліцы чэмпіяната Беларусі, але насамрэч наша "маладзёжка" па колькасці перамог абыходзіць і "Імпульс-БДУІР", і віцебскі "Рубон". Два наступных матчы "Цмокі" правядуць у гасцях у зборнай Гомельскай вобласці.

Сыход Дзмітрыя Барысёнка
Дарэчы, перад матчамі са зборнай Брэсцкай вобласці з "Цмокі-2" сышоў цэнтравы Дзмітрый Барысёнак. 20-летні баскетбаліст не быў на матчах мінулага гульнявога ўік-энда. Хутчэй за ўсё, Барысёнак будзе выступаць за "БДЭУ-ГрандПрынт". У сярэднім за 7 хвілін на пляцоўцы Дзмітрый набіраў 1.8 ачка і 1 падбор.

Інтэрв'ю
На мінулым тыдні TUT.by пацешыў нас адразу дзвюма публікацыямі на баскетбольную тэматыку. Спачатку журналісты партала пагутарылі з сербскім цэнтравым Джорджэ Гагічам, а ў нядзелю апублікавалі інтэрв'ю з нашай амерыканскай разыгрываючай Рэйчал Тэрыёт.

Джорджэ Гагіч параўноўвае Сербію ды Беларусь
Рэйчал Тэрыёт - пра жыццё ў Мінску

Чаго чакаць на гэтым тыдні
Вядома, галоўнай падзеяй стане нядзельны матч Адзінай Лігі ВТБ у Мінску: на Falcon Club Арэне "Цмокі" прымуць "Астану". Пачатак - у 17:30, а квіткі ўжо можна знайсці на Ticketpro.

У той жа дзень у Мінску пройдзе яшчэ адна сустрэча: жаночая каманда згуляе з гомельскім "Сожам" у спарткомплексе "Цмокі-Мінск" (Уральская, 3а). Сустрэча пачнецца ў 14:00, таму лёгка можна паспець і на чэмпіянат Беларусі, і на Лігу ВТБ.

А пакуль нашы дзяўчыны будуць змагацца з баскетбалісткамі "Сожа", у Гомелі хлопцы з "Цмокі-2" паспрабуюць узяць дзве перамогі ў матчах са зборнай Гомельскай вобласці. Гульні пройдуць у пятніцу і ў суботу ў гомельскай зале ГАЦАР.

Спонсары і партнёры