Цэнтравы зборнай Беларусі працягне выступ за мацнейшы баскетбольны клуб краіны!

Баскетбольны клуб "Цмокі-Мінск" рады паведаміць вам, што цэнтравы Аляксандр Семянюк (23 гады, 208) падоўжыў кантракт з намі. Пагадненне разлічана да канца сезона 2017/18.

Аляксандр Семянюк прыйшоў у сістэму клуба ў 2011-м годзе: тады 18-гадовы цэнтравы пачынаў сезон у асноўным складзе "Мінска-2006" і стаў уладальнікам Кубка Беларусі. Але у лютым бігмэн быў пераведзены ў моладзевую каманду, з якой заваяваў "бронзу" чэмпіяната краіны. Аляксандр застаўся ў "маладзёжцы" яшчэ на год і быў прызнаны лепшым маладым гульцом першынства Беларусі. Потым на год Семянюк сышоў у "Гродна-93", але ўвосень 2014-га вярнуўся ў склад "Цмокаў", дзе і выступае дагэтуль. У апошнім сезоне цэнтравы набіраў 6.4 ачка і 3 падбора ў Адзінай Лізе ВТБ, а ў Кубку ФІБА-Еўропа - 5.5 ачка і 2.8 падбора.

Галоўны трэнер "Цмокі-Мінск" Аляксандр Круцікаў: Я задаволены, што Саша прыняў нашу прапанову і застаўся ў "Цмоках", зараз мы цалкам зачынілі пазіцыю пятага нумара. Упэўнены, разам з Семянюком у каманды добрая будучыня. Спадзяюся на прадукцыйнае супрацоўніцтва.

Аляксандр Семянюк з'яўляецца трохразовым чэмпіёнам Беларусі (2015, 2016, 2017) і чатырохразовым уладальнікам кубка краіны (2011, 2014, 2015, 2016) у складзе "Цмокі-Мінск".

Спонсары і партнёры