Працягваем барацьбу за плэй-оф у гэтую нядзелю!

19 лютага на Falcon Club Арэне наша мужчынская каманда сустрэнецца з "Астаной" са сталіцы Казахстана. Распавядаем, хто прыедзе ў госці да "Цмокаў".

Супернік
Нягледзячы на тое, што афіцыйна "Астана" з'явілася толькі ў 2011-м годзе, гісторыя баскетбола ў сталіцы Казахстана пачалася значна раней. Клуб "Тыгры Астаны" - самы тытулаваны ў краіне - узнік у 2000-м і ўзяў 6 чэмпіёнстваў запар. Аднак у 2011-м большасць гульцоў перайшла ў "Астану", а "Тыгры" апусціліся ў другую па сіле лігу Казахстана.

"Астана" ўжо ў сваім першым сезоне заявілася ў Адзіную Лігу ВТБ і выйграла чэмпіянат краіны. Наш супернік, пачынаючы з 2012-га года, тройчы выходзіў у плэй-оф, аднак апошні сезон для "Астаны" апынуўся няўдалым: каманда стала 15-й у Адзінай Лізе ВТБ і ўпершыню за 5 гадоў аддала золата чэмпіяната Казахстана. 

Магчыма, таму летам 2016-га ў "Астане" адбылася сапраўдная перабудова: замест Рамунаса Бутаутаса галоўным трэнерам стаў грэцкі спецыяліст Іліяс Папаэадору. Разам з ім у клуб прыйшлі 8 новых гульцоў.

Увосень "Астана" ішла па чэмпіянаце Адзінай Лігі ВТБ без перападаў: паспяховыя матчы чаргаваліся з паразамі, а пасля перамогі над "Цмокі-Мінск" напачатку снежня клуб з Казахстана ўзняўся на шосты радок турнірнай табліцы са станоўчым паказчыкам перамог і параз. Аднак потым "Астана" атрымала 6 няўдач у апошніх 7 матчах і знаходзіцца на мяжы вылету з зоны плэй-оф. 

Ян Мілер напачатку сезона быў лепшым гульцом "Астаны": накідаў 32 ачка "Аўтадору" ў першай гульні сезона, адгрузіў 30 ачкоў "Парме" і 26 - "Енісею". Аднак рэзультатыўнасць абаронцы ў чэмпіянаце зменшылася - Мілер набірае ў сярэднім 14.6 ачка за матч. Але пры гэтым "загарэўся" яшчэ адзін абаронца "Астаны": Роберт Лоўры выйграў матч з "Енісеем" неверагодным базэрам, а цяпер з'яўляецца лепшым скорэрам сваёй каманды - 14.7 ачка за 29 хвілін на пляцоўцы. Цэнтравы Усман Крубалі блізкі да дабл-дабла: 11.8 ачка і 7.4 падбора ў сярэднім за гульню. 

Асабістыя сустрэчы
Гісторыя супрацьстаяння з "Астаной" відавочна на карысць "Цмокі-Мінск": з 2013-га года каманды сустракаліся паміж сабой 7 разоў, і ў 5 з іх наша каманда святкавала поспех. Пры гэтым кожная з перамог запомнілася. Напрыклад, у першай асабістай сустрэчы 18 ачкоў набраў Павел Ульянка. А ўжо праз год у Астане "Цмокі" вялі 7 ачкоў за паўтары хвіліны да канца матча, але ў выніку з'ехалі з Казахстана з перавагай у "+1". Гэта перамога, дарэчы, стала адной з першых для Ігара Грышчука ў "Цмоках".
І ўсё ж, у гэтым сезоне "Астана" на хатняй пляцоўцы была мацней за мінчукоў - 84:67. Лепшым у той гульні ў складзе нашай каманды стаў Джасцін Грэй з 16 ачкамі і 4 перадачамі. На рахунку Джорджэ Гагіча - дабл-дабл з 13 ачкоў і 12 падбораў.

Квіткі
Квіткі на матч з "Астаной" ужо магчыма знайсці на Ticketpro - ад 3 рублёў. У дзень гульні яны з'явяцца ў касах Falcon Club Арэны.

Цмокі-Мінск - Астана
19 лютага, 17:30, Falcon Club Арэна
Чэмпіянат Адзінай Лігі ВТБ

Спонсары і партнёры