Гуляем з адным з лідараў Адзінай Лігі ВТБ у Краснадары ў нядзелю!

Супернік
Лакаматыў-Кубань – адна з найлепшых каманд Расіі ў апошнія гады. “Лока” з'явіўся ў 1946 годзе і за сваю 70-гадовую гісторыю двойчы пераязджаў і змяняў назву. Зараз клуб жыве ў Краснадары. У мінулым сезоне “Лакаматыў” атрымаў права на ўдзел у Еўралізе і стаў адной з галоўных сенсацый у баскетбольнай Еўропе: краснадарская каманда прайшла групавы этап і Топ-16, у чвэрцьфінале перайграла “Барселону” і выйшла ў Фінал чатырох, дзе саступіла ЦСКА і заняла трэцяе месца.

Міжсезонне
Нягледзячы на бронзу, “Лока” не захаваў месца ў Еўралізе. Магчыма, з-за гэтага каманду пакінуў цэлы шэраг гульцоў на чале з трэнерам Георгасам Барцокасам. Да нядаўняга часу "Лакаматывам" кіраваў Фоцыс Кацыкарыс, аднак за некалькі дзён да мінскай гульні з "Цмокамі" ў лістападзе клуб вырашыў скасаваць кантракт з грэцкім спецыялістам. На месца Кацыкарыса прыйшоў серб Саша Абрадавіч, з якім у красавіку падпісалі пагадненне на 3 гады. Таксама улетку прыйшлі Мардзі Колінз, Дзмітрый Хвастоў, Уладзімір Іўлеў, Яўген Бабурын ды Кевін Джонс.

Сезон 2016/17

"Лока" ставіць перад сабой толькі максімальныя мэты: перамогі ў Адзінай Лізе ВТБ і Еўракубку. Аднак у еўрапейскім турніры краснадарскі клуб завяршыў выступ у паўфінале, двойчы прайграўшы іспанскай "Унікахе".

У Адзінай Лізе ВТБ "Лакаматыў" здабыў 18 перамог у 23 матчах і цяпер, знаходзячыся на чацвёртым месцы ў турнірнай табліцы, гоніцца за "Хімкамі". У клубаў аднолькавая колькасць перамог і параз, але "Хімкі" двойчы перайгралі "Лока" ў рэгулярным чэмпіянаце і з вялікай доляй імавернасці апынуцца на трэцім радку перад плэй-оф. Краснадарскаму клубу трэба не толькі наносіць паразу "Цмокам", але і спадзявацца, што ў паралельным матчы "Хімкі" ў гасцях саступяць "Енісею".

У адваротным выпадку "Лакаматыў" у першым раўндзе плэй-оф сустрэнецца з УНІКСам, а пры выхадзе ў паўфінал, хутчэй за ўсё, згуляе з ЦСКА.

Асабістыя сустрэчы
"Цмокі", на жаль, пакуль аніразу не выйгравалі ў "Лакаматыва". У лістападзе "Цмокі" саступілі на "Мінск-Арэне" з лікам 63:87. А, напрыклад, у красавіку 2015-га ў Краснадары наша каманда ледзь не перайграла "Лока" - 80:85. 

Матч паміж "Цмокамі" і "Лакаматывам-Кубанню" пройдзе 23 красавіка ў Краснадары і пачнецца ў 16:00. Прамая трансляцыя сустрэчы пройдзе на нашым сайце і на сайце Адзінай Лігі ВТБ.

Спонсары і партнёры