Перамога азначае чэмпіёнства.

17 мая ў Мінску пройдзе трэці матч Фінала чэмпіяната Беларусі. У выпадку перамогі над "Гродна-93" "Цмокі" стануць чэмпіёнамі краіны ў дзявяты раз запар.

Серыя
У мінулыя выходныя каманды правялі два матча ў Гародні. Гэтыя гульні істотна адрозніваліся паміж сабой па сцэнарах: калі ў стартавай сустрэчы серыі "Цмокі" ўжо ў першай чвэрці "намалявалі" 20-ачковую розніцу ў ліку і ў выніку здабылі буйную перамогу, то на наступны дзень "Гродна-93" ваявала ажно да сярэдзіны чацвёртай чвэрці. Пры гэтым гарадзенскі калектыў застаўся без разыгрываючага Вячаслава Каржа, які атрымаў невялікае пашкоджанне.

Месца ў гісторыі
"Цмокі" (раней - "Мінск-2006") і "Гродна-93" гулялі ў Фіналах адзін з адным 7 разоў запар. І штораз мінчукі апыналіся мацней. Пры гэтым арганізатары змянялі як фармат, так і колькасць матчаў у вырашальнай серыі года. Напрыклад, у сезоне 2010/11 быў праведзены Фінал Чатырох: там тады яшчэ "Мінск-2006", якім кіраваў Андрэй Крыванос, выйграў у "Гродна-93" з лікам 97:74. З наступнага чэмпіяната арганізатары вярнуліся да серыйнай сістэмы. А ў Фінале-2014, напрыклад, гулялі да чатырох перамог: "Цмокі" перамаглі гарадзенцаў усухую.

У выпадку заўтрашняй перамогі над "Гродна-93" сталічны клуб стане самым тытулаваным у Беларусі. У дадзены момант у "Цмокі" і "Гродна-93" - па 8 перамог у чэмпіянаце, у "Віталюра" - 4. Адзначым, што "Цмокі" нязменна робяцца мацнейшымі ў першынстве краіны з 2009-га года. З таго ж года "Цмокі" не аддаюць супернікам і Кубак Беларусі.

Трэці матч Фінала паміж "Цмокі-Мінск" і "Гродна-93" пройдзе 17 мая ў спарткомплексе "Цмокі-Мінск" (Уральская, 3а) і пачнецца ў 18:00. Уваход вольны.

Спонсары і партнёры