Чым вам запомніўся Дру Джойс?

На гэтым тыдні Дру Джойс перайшоў з нашай каманды ў нямецкую "Баварыю". Разыгрываючы будзе выступаць у Мюнхене да канца гэтага сезона. Пакуль абаронца звыкаецца са сваим новым калектывам, мы ўспамінаем самыя яркія моманты гульні Дру Джойса ў складзе "Цмокі-Мінск".

27 ачкоў і перамога ў авертайме над "Калевам"
Хатняя гульня з "Калевам" была адной з самых яскравых кропак восені-2016. "Цмокі" толькі што ўпершыню выйгралі ў "Аўтадора" і прымалі эстонцаў на Falcon Club Арэне. Разам з "Калевам" упершыню ў Мінску згуляў Віталь Лютыч, і атмасфера на пляцоўцы была напружанай усе 45 хвілін.

Матч насамрэч выйшаў захапляльным і цікавым для гледачоў, пра што і казалі трэнеры на прэс-канферэнцыі. Адным з галоўных герояў стаў Дру Джойс, які настраляў "Калеву" 27 ачкоў і аддаў пры гэтым 6 перадач. Таксама на рахунку амерыканца было 5 падбораў і 3 перахопа. 27 ачкоў - гэта лепшы паказчык сезона для Дру. 

Рэкорд сезона па перадачах у Кубку ФІБА
Пра тое, што Дру Джойс - топавы разыгрываючы, ведаюць усе. Свае навыкі плэймэйкера ён асабліва ярка выявіў у матчы з венгерскім "Кёрмэндам" у студзені. Дру аддаў 17 перадач, абнавіўшы рэкорд сезона ў Кубку ФІБА і спыніўшыся ў кроку ад лепшага паказчыка ў гісторыі турніра (18). "Цмокі" ў тым матчы перайгралі венграў з лікам 91:84, а Дру да 17 асістаў дадаў яшчэ і 13 ачкоў.

Дарэчы, Дру у сезоне неаднаразова адзначаўся дабл-дабламі з ачкамі і перадачамі. У чэмпіянаце Адзінай Лігі ВТБ Джойс зрабіў 11+10 у матчы з "Аўтадорам", а ў Кубку ФІБА апроч рэкорднай гульні сканчваў з падвойнымі паказчыкамі сустрэчы з "Шаўляем" і "Пардубіцэ".

Удзел у жыцці клуба
Дру прыцягвалі літаральна да ўсіх актыўнасцяў, якія праводзіў клуб. Увосень "Цмокі" здымалі іміджавы ролік, у снежні - віншаванне з Новым годам, а да 8 сакавіка падрыхтавалі файнае відэа і правялі фотасесію гульцоў у касцюмах. Ва ўсім гэтым Джойс прымаў удзел.

СуперДру
Дру праводзіў на пляцоўцы больш за 35 хвілін у сярэднім за матч, з'яўляючыся асноўным разыгрываючым "Цмокі-Мінск". За гэта і за, часам, неверагодныя дзеянні Джойсу падмалявалі чырвоны плашч, зрабіўшы яго мясцовым супергероем.

Дру Джойс быў адным з лепшых гульцоў нашай каманды сёлета. Мы жадаем яму паспяховага сканчэння сезона ў складзе "Баварыі" і, безумоўна, хацелі б бачыць яго ў майцы "Цмокі-Мінск" наступнай восенню.

Спонсары і партнёры