У другой сустрэчы з “Аўтадорам” мужчынскія “Цмокі” зноў пацярпелі паразу. Нягледзячы на вельмі ўдалы старт, а таксама перавагу ў заключнай чвэрці, падапечныя Ігара Грышчука не здолелі ўзяць рэванш за хатняе фіяска.

Першы матч з “Аўтадорам”, які адбыўся некалькі дзён таму, сапсаваў і без таго не вельмі добры настрой нашых заўзятараў. І справа не толькі ў паразе “Цмокаў”, але і ў тым, што лідары клуба – Грэй і Мараш – атрымалі пашкоджанні. Што, з улікам адсутнасці Міркавіча, пагражала скараціць ратацыю мінчукоў да зусім “пацешнай” лічбы.

На шчасце, і Джасцін, і Мараш усё ж такі прынялі ўдзел у сустрэчы. Пры гэтым з’явіліся на пляцоўцы з першых хвілін. Як, дарэчы, і Штутц, які ў апошні час звычайна выходзіў з лаўкі. У такім жа складзе наша дружына імкнулася не толькі да барацьбы, але і, магчыма, да рэваншу. Па меншай меры, пра гэта сведчыла выступленне гасцей у дэбюце. Нібы пакрыўдзіўшыся на меркаванні букмекераў (яны далі нізкі каэфіцыент на перамогу беларускага клуба), падапечныя Ігара Грышчука вельмі агрэсіўна пачалі супрацьстаянне. У прыватнасці, выканалі 10 штрафных кідкоў за 10 хвілін.

Зразумела, што такі настрой значна паўплываў на ход гульні. Так, напрыклад, пасля спурта 8:0 “Цмокі” валодалі перавагай у “+7” у сярэдзіне перыяда. Больш за тое, набралі 19 балаў крыху больш, чым за 7 хвілін. Аднак, праўда, нават агрэсіўны і рэзультатыўны старт не дазволіў мінчукам адправіцца на перапынак у якасці лідара – на апошніх імгненнях чвэрці лік выраўняў Макееў.

На жаль, менавіта з таго часу мінскія заўзятары ўзгадалі складанасці ўлюбёнцаў з ратацыяй. У адрозненне ад суперніка, госці не валодалі магчымасцямі для раўназначных замен. Што, зразумела, паўплывала на вынік другой чвэрці – традыцыйнага часа рэзервістаў. І калі яе большую частку "Цмокі“ ўсё ж такі змагаліся з візаві, то перад вялікім перапынкам прапусцілі рывок 11:2 – і, такім чынам, скончылі палову з дэфіцытам у “-9”. Больш за тое, у трэцяй чвэрці “Аўтадор” пачаў павялічваць адлегласць паміж клубамі, а разам з тым ўсё выразней нагадваў сцэнар мінулай сустрэчы. У прыватнасці, тым, што павялічыў перавагу да “+15” перад пачаткам заключнага перыяду.

Тым не менш, нават у такім становішчы – з вялікім дэфіцытам і стомленасцю лідараў – наш клуб працягваў барацьбу. Больш за тое, нават вярнуў інтрыгу. Так, у пачатку заключнай чвэрці “Цмокі” арганізавалі спурт 10:0 усяго за… 2 хвіліны. Пры гэтым 6 з 10 балаў набраў Хіліярд – самы рэзультатыўны баскетбаліст вечара. Такім чынам, наш клуб хутка скараціў розніцу з “-20” да “-10”. Пасля далёкага траплення Белянкова і ўвогуле саступаў усяго 8 балаў.

Праўда, менавіта тады гаспадары выкарысталі тайм-аут, пасля якога кідком з-за дугі адзначыўся Пітерсан. На жаль, пасля таго траплення госці больш не падбіраліся да суперніка на адлегласць меншую, чым 9 балаў – і, такім чынам, зноў саступілі саратаўцам.

АЎТАДОР – ЦМОКІ-МІНСК – 98:85 (23:23, 27:18, 23:17, 25:27)
Саратаў. 13 сакавіка
ЦМОКІ-МІНСК: Грэй (13 + 12 пас + 4 пер), Кудраўцаў (5), Хіліярд (27 + 6 пад), Мараш (14 + 7 пад), Штутц (13 + 10 пад); Белянкоў (5), Лютыч (4), Лашкевіч (4), Ульянка (0), Семянюк (н.в.).