У зваротным матчы супраць «Белфіўса» саступілі гаспадарам пляцоўкі – 79:86.

У бельгійскім горадзе Монс мясцовы «Белфіўс» прымаў «Цмокі-Мінск». Для гаспадароў у гэтай гульні на карту было пастаўлена ўсё: у выпадку паразы яны фактычна скончылі б свой міжнародны сезон. «Цмокі» ж падышлі да гульні маючы ў актыве 2 перамогі і бягучае другое месца ў групе. 

З першых хвілін на пляцоўцы з'явіліся чатыры беларусы (Паляшчук, Семянюк, Лютыч, Кудраўцаў) і амерыканскі разыгрываючы Стэфан Мудзі. І пакуль нашая каманда была недакладная з фарбы, а Мудзі двойчы прабіў міма коша з-за дугі, супернікі здзейснілі рывок 10-0. Безвыніковы адрэзак перапыніў усё той жа амерыканскі разыгрываючы: Стэфан знайшоў дзірку ў абароне і зарабіў першыя 2 ачкі для каманды. Троха Кудраўцава, 2 дакладных штрафных Лютыча і данк Семянюка дазволілі скараціць адлегласць, але мы ўсё яшчэ адставалі. Толькі да канца стартавай чвэрці Дэвон Садлер, перахапіўшы мяч у Алана Хеса, зрабіў лэй-ап і наблізіў нашую каманду на адлегласць кідка – 17:20.

З першых хвілін другой десяціхвілінкі «Цмокі» пачалі пагоню за лідарствам. Аляксей Трасцінецкі здзейсніў недакладны кідок, але яго выдатна падстрахаваў Сарыкопулас. А Сітнік, які выйшаў на замену, трапіўшы з-за дугі, упершыню ў гэтай сустрэчы вывеў каманду наперад. Гэта вымусіла бельгійцаў пайсці на тайм-аўт. Наступныя 6 хвілін у лідары выходзіла то адна, то другая каманда і толькі троха Апшара і два ачкі Храбашча дазволілі суперніку пайсці на вялікі перапынак з «+6».

На жаль, і пасля вялікага перапынку нашая каманда не знайшла рашэнне супраць цэнтравога суперніка: Ураш Нікаліч працаваў у фарбе, страхаваў партнёраў на падборах і набраў да канца сустрэчы 18 ачкоў. Для параўнання, у Мінску гулец адзначыўся толькі 11 ачкамі.

Перад апошнім адрэзкам сустрэчы мінчукі адставалі на 8 ачкоў. 

Нягледзячы на невялікі рывок бельгійцаў, Стэфан Мудзі, Дэвон Садлер і Аляксей Трасцінецкі скарацілі адставанне да «-5», а дакладныя штрафныя Віталя Лютыча наблізілі нас на кідок з-за дугі. Пачаліся арэлі. За 31 секунду да канца сустрэчы пасля кідка Віталя Лютыча «Белфіўс» узяў тайм-аўт, пасля чаго Ідрыс Ласісі наблізіў бельгійцаў да запаветнай перамогі. Лэй-ап Крыса Джонса на апошніх секундах сустрэчы замацаваў перавагу гаспадароў – 86:79.

Самым рэзультатыўным гульцом гэтай сустрэчы стаў Дэвон Садлер, які набраў 21 ачко. У Стэфана Мудзі – 20 ачкоў. Лепшым з беларусаў стаў Віталь Лютыч – 13 ачкоў і 5 падбораў.

Наступная гульня Кубку ФІБА-Еўропа пройдзе 14 лістапада ў 19.00 на пляцоўцы Палаца Спорту. «Цмокі» сустрэнуцца з «Балканам». Квіткі шукайце на сайце ticketpro.by.

Белфіўс - Цмокі-Мінск 86:79 (20-17, 23-20, 21-19, 22-23)
Цмокі-Мінск:
 Лютыч (13+5 падбораў), Семянюк (4+3 падборы),Мудзі (20), Сітнік (3), Трасцінецкі (5), Сарыкопулас (6+9 падбораў), Мешчаракоў (3), Кудраўцаў (3), Паляшчук (0), Садлер (21)

Спонсары і партнёры