У вырашальным матчы групавога этапу ў апошняй дзесяціхвілінцы саступілі АЕКу і выпусцілі свой шанец на трапленне ў наступны раўнд.

Абедзве каманды падышлі да гэтай гульні толькі з адной задачай – перамагаць. Іншага варыянту для траплення ў наступны этап Кубку ФІБА-Еўропа не было. Таму нядзіўна, што супернікі выпрабоўвалі каласальны ціск. Праўда, у АЕКа ўсё ж была невялікая перавага перад гасцямі: кіпрыёты гулялі дома.

Старт сустрэчы атрымаўся не вельмі рэзультатыўным. Больш за хвіліну ніводная з каманд не магла адкрыць лік, але няўдалая перадача Мудзі дазволіла АЕКу зарабіць першыя 2 ачкі. А ўжо да канца другой хвіліны празвінеў трывожны званочак: Віталь Лютыч зарабіў другі фол і адправіўся на лаўку. Не ішла гульня і ў аднаго з лідараў нашай каманды Стэфана Мудзі, а вялікая колькасць страт вымусіла трэнерскі штаб замяніць абаронцу. 

«Цмокі» дазвалялі суперніку набіраць хуткія ачкі і шмат памыляліся: пасля трох хвілін гульні мінчукі мелі ў сваім актыве 4 персанальныя заўвагі. Да першага перапынку мы падышлі з 14 ачкамі супраць 20 у суперніка.

У другой чвэрці мінчукі крыху выраўналі сваю гульню. АЕК даваў магчымасць нашай камандзе падыходзіць да штрафной лініі, прапускаў у сярэдзіну Дзі Джэя Шэлатана – і вось ужо ад перавагі гаспадароў у 6 ачкоў засталося толькі 1. У гэтай дзесяціхвілінцы ўжо «Цмокі» прадэманстравалі цвёрды прэсінг, пры якім сталі памыляцца кіпрыёты. Да пятай хвіліны гаспадары мелі 5 камандных заўваг, пры гэтым па 2 віселі на лідарах Віналесе і Верамеенке. Мінчукі скарысталіся сітуацыяй і скарацілі адставанне да -3. 

Лепшым у выкананні нашай каманды стаў дзесяціхвілінны адрэзак пасля вялікага перапынку. Вымусілі зарабіць 3 фол і адправіць на лаўку Уладзіміра Верамеенку, прабілі дакладны «энд уан» высілкамі Сашы Семянюка. Госці змаглі не толькі выйграць чвэрць, але і падысці да апошняй з перавагай у 5 ачкоў.

Адным з ключавых момантаў сустрэчы стала тое, што наша каманда не змагла «зачыніць» Кайла Віналеса. Амерыканец уключыў нейкі суперрэжым, працягнуў набіраць ачкі і выводзіць з ладу нашу каманду: свой пяты фол Аляксандр Кудраўцаў зарабіў менавіта на ім. Дадайце да гэтага ўласныя памылкі і атрымаем выніковыя  82:77 на карысць гаспадароў пляцоўкі.

Самымі рэзультатыўнымі ў складзе мінчукоў сталі Дзі Джэй Шэлтан (14 ачкоў і 9 падбораў) і Віталь Лютыч (14 ачкоў). Дэвон Садлер аддаў 8 рэзультатыўных перадач.  

Зараз мы ідзем на паўзу для гульняў зборных, а наступная сустрэча «Цмокаў» адбудзецца 8 снежня. На хатняй пляцоўцы сустрэнем латвійскі ВЭФ.

АЕК – Цмокі-Мінск  82:77 (20-14, 19-22, 18-26, 25-15 )
Цмокі-Мінск:
Лютыч (14), Мудзі (6),Трасцінецкі (2), Сарыкопулас (6), Мешчаракоў (3), Кудраўцаў (9), Паляшчук (8), Садлер (6+8 асістаў), Семянюк (9+5 падбораў), Шэлтан (14+9 падбораў), Сітнік (0). 

Спонсары і партнёры