Ёсць перамога ў нацыянальнай каманды!

9 жніўня ў Мінску прайшоў матч прэ-кваліфікацыі на чэмпіянат свету-2019. Мужчынская зборная Беларусі пры падтрымцы хатніх трыбун нанесла паразу камандзе Партугаліі -78:75.

У падначаленых Аляксандра Круцікава засталіся незавершаныя справы з партугальцамі яшчэ з мінулага года: тады супернікі нечакана перамаглі беларусаў і не пусцілі тых на чэмпіянат Еўропы-2017. Зараз лёсаванне зноў звяло зборныя, але ўжо на першай стадыі кваліфікацыі на чэмпіянат свету-2019.

Матч у Палацы спорту з'яўляўся ключавым для нашых хлопцаў: параза ад партугальцаў зніжала шанцы нацыянальнай каманды на працяг змагання ў кваліфікацыі практычна да нуля. Таму нядзіўна, што ўжо ў першай чвэрці зборная Беларусі вызначыла сваю адзіную мэту: толькі перамога. І калі з першых хвілін баскетбалісты дэманстравалі няхуткі баскетбол з вялікай колькасцю персанальных заўваг, то да канца стартавай чвэрці беларусы адарваліся ад супернікаў на 16 ачкоў - 26:10. Пры гэтым кіравалі наступам навабранцы "Цмокаў" - разыгрываючыя Сяргей Вабішчэвіч, Вячаслаў Корж і Сяргей Татур.

Пасля натхняльных 10 хвілін падначаленыя Аляксандра Круцікава правялі досыць невыразную другую чвэрць, у выніку ледзь не аддалі лідарства перад вялікім перапынкам - 36:34. Адной з прычын правалу стаў пераход партугальцаў на зонавую абарону, разбор якой не атрымоўваўся ў беларусаў. Апроч таго, адразу 4 трохачковых кідка рэалізаваў абаронца гасцей Барроза.

Пэўна, ў распранальні зборнай Беларусі адбылася сур'езная размова трэнерскага штаба з баскетбалістамі - на пляцоўку пасля вялікага перапынку наша каманда выйшла зараджанай і літаральна за 5 хвілін ізноў давяла перавагу да двузначнай. Але калі ўжо падалося, што гаспадары адарваліся ў ліку, баскетбалісты з Партугаліі зноў здзейснілі рывок і скарацілі адставанне да мінімуму перад апошняй чвэрцю - 53:51.

Зборная трымала сваіх заўзятараў у напрузе на працягу ўсіх апошніх 10 хвілін. Дзякуючы дакладным кідкам з дыстанцыі беларусы ўвесь час былі наперадзе, але адрывацца ў рахунку не атрымоўвалася. За хвіліну да канца была перавага ў 3 ачка, за 31 секунду нашы хлопцы вялі з розніцай у "+2", здолелі абараніцца ў вырашальныя імгненні - і здабылі патрэбную перамогу!

Лепшым снайперам зборнай стаў Віталь Лютыч, на ліку якога было 16 ачкоў. Наш абаронца Аляксандр Кудраўцаў набраў 12 ачкоў, а Аляксандр Семянюк - 11. Форвард "Цмокаў" Мікіта Мешчаракоў адзначыўся 5 ачкамі і 8 падборамі.

Праз тыдзень зборную Беларусі чакае хатні матч з Балгарыяй, а 19 жніўня - вылет у Партугалію.

Беларусь - Партугалія - 78:75 (26-10, 10-24, 17-16, 25-25)
Беларусь:
Лютыч (16), Парахоўскі (16), Кудраўцаў (12), Паляшчук (12) Семянюк (11), Мешчаракоў (5 + 8 падбораў), Корж (2), Аўсяпян (2), Вабішчэвіч (2), Татур (0), Сітнік (0).

Спонсары і партнёры