Мы пачынаем новы сезон і прысвячаем яго нашаму любімаму гораду. І кожнаму з вас. Таму што горад – гэта не проста вуліцы і дамы, горад – гэта ўсе мы. Мы – гэта Мінск.

Кожны піша тут сваю гісторыю: першы раз ідзе ў школу, хвалюецца перад спатканнем, прыходзіць з сябрамі на гульню любімай каманды. Мы напаўняем Мінск гісторыяй праз асаблівыя для нас месцы. 

Для клуба «Цмокі-Мінск» адным з самых важных месцаў у горадзе з'яўляецца Falcon Club Арэна. 2 сезоны назад, пераязджаючы з велізарнай і па-баскетбольнаму халоднай Мінск-Арэны, мы і не думалі, што палюбім Falcon так моцна. 

Невялікая, утульная пляцоўка адкрывала новыя магчымасці для каманды і дарыла новыя ўражанні гледачам. Але ўсё мы хваляваліся.

Вядома, мы памятаем першую гульню. Памаятаем скрып красовак на новым паркеце і пах кавы ў новым кафэ. Было страшна, што гледачу не спадабаецца. Але пазл склаўся.

За 2 сезоны мы бачылі, як вы атрымліваеце асалоду ад нашых перамог і падтрымліваеце, калі мы прайграем. Мы памятаем класныя матчы, як тады з «Лакаматывам» і прыкрыя паразы, як у матчы з «Зенітам».

Сёння Falcon Club Арэна – гэта не проста пляцоўка. Гэта наш дом і месца нашай сілы. І мы рады сустракаць тут старых знаёмых і бачыць новыя твары.

Сябры, пэўна, у вас таксама ёсць любімыя месцы. Дасылайце нам вашыя фатаграфіі з апісаннем любімага месца ў групы VK ды FB. Лепшыя гісторыі мы апублікуем на нашым сайце, а аўтары атрымаюць прызы ад «Цмокі-Мінск».

Спонсары і партнёры