"Драконы" прайгралі віцэ-чэмпіёну Лігі ВТБ.

Пасля змагання ў Лізе чэмпіёнаў наша мужчынская каманда "Цмокі-Мінск" адразу пачала барацьбу ў чэмпіянаце Лігі ВТБ: у чацвер "Цмокі" гулялі ў гасцях у віцэ-чэмпіёна - падмаскоўных "Хімак".

Сцэнар
Старт сустрэчы не задаўся: гаспадары, якія трапілі ў Еўралігу і істотна ўзмацнілі склад, пачалі з рыўка 12-2, прадэманстраваўшы высокія хуткасці ў наступе і пры гэтым зачыніўшы сваю зону. Аляксандр Круцікаў узяў тайм-аўт пасля 3 хвілін гульні - і гэта дапамагло: "Цмокі" падцягнуліся ў ліку і завяршылі першую чвэрць з адставаннем у 5 ачкоў - 11:16.

Пры гэтым мінчукі скончылі 10-хвілінку рыўком 7-0 і працягнулі яго пасля перапынку. Пасля далёкага траплення Дмітрыя Палешчука "Цмокі" увогуле выйшлі наперад - 22:19. "Хімкі" ратаваў толькі Аляксей Швед: адзін з лепшых абаронцаў Еўропы набраў за першую палову 17 ачкоў, аддаўшы пры гэтым 3 асіста.

"Цмокі", як і абяцаў перад матчам наш галоўны трэнер, не збіраліся здавацца: Дэвід Кравіш закінуў зверху пасля эфектнага фінта Філіпа Адамавіча, Макс Салаш пазмагаўся ў абароне і дапамог камандзе набраць ачкі ў хуткім наступе, Аляксандр Семянюк за секунду да вялікага перапынку скараціў адставанне данкам - мінчукі саступалі грознаму суперніку ўсяго 4 ачкі пасля 20 хвілін матча.

Другая палова гульні атрымалася правальнай. "Хімкі" дзякуючы вялікай колькасці далёкіх трапленняў хутка адарваліся ў ліку, а ў чацвёртай чвэрці не пакінулі мінчукам ніякіх шанцаў. У выніку "Цмокі" атрымалі першую паразу ў чэмпіянаце Лігі ВТБ - 55:83.

Склад
У чарговы раз трэба адзначыць актыўную ратацыю, якую ўжывае наш трэнерскі штаб. Ужо ў першай палове на пляцоўцы з'явіліся 11 баскетбалістаў, пры гэтым кожны з іх адзначыўся ў пратаколе паспяховым дзеяннем.

Наступны матч
"Цмокі" атрымаюць невялікі адпачынак - наступная гульня ў Адзінай Лізе ВТБ запланавана толькі на 15 кастрычніка. "Цмокі" зноў згуляюць у Маскве, у гэты раз  з чэмпіёнам лігі ЦСКА.

Хімкі - Цмокі-Мінск - 83:55 (16-11, 23-24, 23-9, 21-11)
Цмокі-Мінск:
Мешчаракоў (9), Адамавіч (5), Чараповіч (4), Кудраўцаў (2), Семянюк (2); Кравіш (10), Паляшчук (7 + 5 падбораў), Садлер (7), Уігс (6), Салаш (3), Вабішчэвіч (0), Корж (0).

Спонсары і партнёры