У спецыяльнай галерэі мы ўспамінаем кожнага з гульцоў чэмпіёнскай каманды ўзору 2009 года і распавядаем, дзе яны зараз і чым займаюцца.

8 гадоў таму, 29 мая 2009 года, у зале "Віталюра" капітан "Мінска-2006" Уладзімір Шарко пераможна падняў над галавой чэмпіёнскі кубак. І калі зараз перавага "Цмокі-Мінск" (раней - Мінск-2006) у краіне не выклікае сумневаў, то тады першае чэмпіёнства гараджанаў стала адной з яскравых падзей баскетбольнага года.

Ігар Карняенкаў, асістэнт трэнера

Тады: Ігар Карняенкаў кіраваў камандай у сезоне 2007/08, а пасля з'яўлення на мастку Андрэя Крываноса застаўся ў трэнерскім штабе.

Пасля: Дапамагаў Андрэю Крываносу да сезона 2013/14, потым некалькі сезонаў працаваў з дзецьмі ў СДзЮШАР "Цмокі-Мінск".

Аляксандр Вярэніч, форвард

Тады: Вядомы ў баскетбольных колах двухмятровы форвард з добрым кідком правёў добрую кар'еру, пагуляўшы не толькі ў Беларусі, але і ў Расіі, Польшчы, Літве і Казахстане. Пасля выступу за "Табол" з Кастаная ён вярнуўся ў сталіцу Беларусі, каб дапамагчы "Мінску-2006" ва ўнутраным чэмпіянаце. У сезона 2008/09 38-летні бігмэн практычна не прапускаў матчы, набіраў у сярэднім 7.3 ачка, але ў чэмпіёнскай бітве з "Віталюрам" гуляў ужо не так шмат.

Пасля: Адразу пасля чэмпіёнства форвард завяршыў кар'еру. Аляксандр пагуляў у аматарскай лізе НБЛ, а зараз трэнеруе дзяцей у СДзЮШАРы "Цмокі-Мінск".

Ілляс Салсанаў, форвард

Тады: Калі Вярэніч быў самым дарослым гульцом у ростары "Мінска", то Ілляс - наймалодшым (на момант чэмпіёнства яму было 20 гадоў). Атлетычны форвард любіў біць зверху і ўпэўнена выйграў конкурс слэм-данкаў на Матчы зорак-2009. У фінальнай серыі, зрэшты, Салсанаў застаўся па-за гульнёй.

Пасля: За 9 гадоў Ільяс паспеў пагуляць у амерыканскім коледжы Фолкнер, Алабама, атрымаць там цяжкую траўму, вярнуцца ў чэмпіянат Беларусі і прэтэндаваць на месца ў зборнай. У дадзены момант форвард разам з БДЭУ-ГрандПрынт стаў восьмым у першынстве краіны, набіраючы 10.9 ачка ў сярэднім за матч.

Карлас Хурт, абаронца

Тады: Карлас Хурт - няўдалая амерыканская зорка. У 2001-м ён прыйшоў у Луізвіль да Рыка Піціна ў статусе аднаго з лепшых школьных гульцоў Амерыкі (#12 у рэйтынгу лепшых школьнікаў па ESPN), але рэалізаваць свой патэнцыял не здолеў, і замест НБА адправіўся ў Балгарыю, чаргуючы Еўропу з Д-Лігай. 

Пасля: Сезон у "Мінску-2006" стаў апошнім прафесійным для Хурта. Абаронца-ляўшун вырашыў завязаць з кар'ерай і зарабляе на жыццё індывідуальнымі трэнераваннямі з маладымі баскетбалістамі ў сваёй роднай школе ў Алабаме. З лютага 2017-га ён лічыцца ў складзе аматарскай каманды Kentucky Flash, што выступае ў MBL (аматарская баскетбольная ліга на Сярэднім захадзе), але на паркет яшчэ не выйшаў аніразу.

Дзмітрый Шыловіч, форвард

Тады: Выхаванец Magic Basket, якому ў 2009-м толькі-толькі споўнілася 20 гадоў, у структуры клуба "Мінск-2006" знаходзіўся з самаго заснавання, але першай скрыпкай ніколі не быў. Форвард на рэгулярнай аснове браў удзел у першых этапах чэмпіянату, адзначыўся 30 ачкамі ў матчы чвэрцьфінальнай серыі, але ў Фінале не гуляў. Затое шмат гуляў у Першай лізе чэмпіянату Беларусі за рэзервовую каманду.

Пасля: Як такой прафесійнай кар'еры ў перспектыўнага хлопца не атрымалася. У апошнія некалькі гадоў Дзмітрый выступае ў Непрафесійнай баскетбольнай лізе, у гэтым сезоне разам з камандай NORD прэтэндаваў на месца ў фінал Чацвёртага дывізіёна.

Яўген Скрыпко, цэнтравы

Тады: Малады цэнтр прыехаў у мінскі РДВАР з Полацка, а потым папоўніў шэрагі "Мінска-2006". Праўда, у чэмпіёнскім сезоне Скрыпко правёў за клуб усяго 8 матчаў, у якіх набіраў ледзь менш 5 ачкоў за гульню. У плэй-офф Яўген не браў удзел, але на чэмпіёнскі банар трапіў.

Пасля: Пасля "Мінска-2006 Яўген Скрыпко некаторы час выступаў у Першай лізе чэмпіянату Беларусі за БК "Полацк". Там цэнтравы знайшоў сябе, набіраючы ў сярэднім па 20 ачкоў. У дадзены момант, як і Шыловіч, Скрыпко гуляе ў НБЛ. Праўда, у адрозненне ад былога партнёра па камандзе, не ў Чацвёртым, а ў Вышэйшым дывізіёне.

Шарунас Велюс, цэнтравы

Тады: Бигмэн з'явіўся ў "Мінску-2006" у самым разгары сезона, але гэта не перашкодзіла яму стаць гульцом абоймы Андрэя Крываноса. Шарунас быў тыповым літоўцам: высокі (207), шырокі, крыху зачынены, але закаханы ў баскетбол і прадуктыўны. У рэгулярцы Велюс выдаваў па 20 ачкоў за матч, але ў плэй-оф яго дзейснасць чакана зменшылася. У першым матчы Фіналу ён зрабіў 7+5 падбораў+4 перадачы, у апошняй гульні абмежаваўся 4 ачкамі і 2 падборамі, але свае хвіліны адпрацаваў.

Пасля: З'ехаў з Беларусі пасля чэмпіёнства, правёў яшчэ некалькі сезонаў на прафесійным узроўні, потым застаўся жыць у Вільнюсе.

Павел Якавіцкі, абаронца

Тады: 23-гадовы баскетбаліст быў мацнейшым гульцом магілёўскага "Тэмпа" і адным з лепшых скорэраў чэмпіянату Беларусі ў сезоне 2008/09. Зімой яго запрасілі ў Мінск, дзе баскетбаліст ярка стартаваў, але потым, апынуўшыся ў мацнейшым калектыве, падсеў псіхалагічна. У паўфінальных і фінальных серыях ён правёў усяго адну гульню, дзе адзначыўся 6 ачкамі.

Пасля: Скончыў прафесійную кар'еру.

Аляксандр Галоўскі, форвард

Тады: Выхаванец мінскага СДЗЮШАРа №10 прыйшоў у "Мінск-2006" адным з першых, меў нядрэнны далёкі кідок і, нягледзячы на сур'ёзнае ўзмацненне складу клуба, атрымаў месца ў камандзе. Правядучы 10 гульняў, парваў крыжаватыя звязкі і фактычна завяршыў сезон.

Пасля: Аднавіўшыся ад траўмы, Галоўскі паспрабаваў сябе ў віцебскім "Лакаматыве", але ў 2010-м паўторна парваў крыжы ў тым жа калене. Завязваць з баскетболам Аляксандр не збіраўся, і калі яму прапанавалі вазковы спорт, адмовіцца не змог. У нейкі момант Аляксандра заўважылі трэнеры з Германіі, запрасілі яго ў мясцовую лігу, потым ён атрымаў нямецкае грамадзянства і выступіў за зборную на Паралімпіядзе-2016.

Я люблю такие вызовы. Как беларуский баскетболист попал на Паралимпиаду

Аляксей Пынцікаў, абаронца

Тады: Ужо ў тым сезоне Аляксей Пынцікаў, які стаў 11-кратным чэмпіёнам краіны ў складзе чатырох розных клубаў, лічыўся ветэранам. 35-гадовы баскетбаліст адмовіўся ад трэнерскага месца ў "Віталюры" летась, пайшоў у "Мінск-2006", і за некалькі месяцаў да плэй-оф атрымаў сур'ёзную траўму бядра. Да Фіналу абаронца так і не паспеў аднавіцца.

Пасля: Разрыў мышцы бядра стаў далёка не першай траўмай у кар'еры Пынцікава, але менавіта яна фактычна паставіла кропку: абаронца выйграў Першую лігу разам з "Мінскам-2006 2" у 2010-м, а летам таго ж года прыняў прапанову Сяргея Светніка далучыцца да трэнерскага штаба жаночай каманды "Мінска-2006", дзе прапрацаваў 5 гадоў. З гэтага сезона ён дапамагае Георгію Кандрусевічу развіваць моладзь у "Цмоках-2". Паралельна Аляксей Пятровіч каментуе баскетбол на "Беларусь-5".

Расціслаў Вяргун, абаронца

Тады: Расціслаў дэбютаваў у чэмпіянаце Беларусі ў 16 гадоў, праз 3 гады з'ехаў на вучобу ў Штаты і пагуляў у NCAA. Сезон 2008/09 стаў першым для Вяргуна ў складзе "Мінска-2006", куды ён перайшоў з магілёўскага "Тэмпа". Двухмятровы абаронца дадаў камандзе глыбіні, мог трапіць здалёк і аддаць добры пас. У чвэрцьфінале з "Тэмпам" Расціслаў зрабіў трыпл-дабл (15 + 10 + 10), а праз паўтара месяца адсвяткаваў сваё першае чэмпіёнства.

Пасля: У "Мінску-2006" Вергун гуляў да 2012-га года, потым правёў палову сезона ў магілёўскім "Барысфене", стаў там гуляючым трэнерам, а з 2015-га працуе ў трэнерскім штабе асноўнай каманды "Цмокі-Мінск". Летась Расціслаў стаў чэмпіёнам НБЛ у складзе "Віталюра".

Аляксей Трасцінецкі, форвард

Тады: Аляксей прыходзіў у "Цмокі" летам-2008 у статусе чатырохразовага чэмпіёна Беларусі. Лёгкі форвард уяўляў сур'ёзную пагрозу як на перыметры, так і пад кошам. У паўфінале Аляксей ледзь не аформіў трыпл-дабл (15+10+6), а ў вырашальнай серыі набіраў 6.3 ачка, 4.3 падбора і 3 перадачы.

Пасля: 6 з 8 наступных сезонаў Трасцінецкі правёў у складзе "Мінска-2006" і "Цмокі-Мінск", зрабіўшы выбег у БК "Разань". Мінулым летам форварда паклікаў назад у Мінск Ігар Грышчук, і цяперашні сезон Аляксей завяршаў у стартавай пяцёрцы "Цмокаў".

Дантэ Стыгерс, абаронца

Тады: Кожны, хто цікавіцца баскетболам, памятае Стыгерса і яго выступы за "Мінск" і зборную Беларусі. Амерыканец стаў першым легіянерам у гісторыі клуба, праявіў выдатныя навыкі скорэра і разыгрываючага і, у прынцыпе, быў адным з тых, хто прывёў "Мінск-2006" да першага чэмпіёнства ў гісторыі.

Пасля: Ужо летам-2009 зайшла гаворка пра натуралізацыю. Абаронца атрымаў пашпарт, правёў за зборную Беларусі некалькі матчаў, але за наш клуб адыграў у суме толькі тры сезона і з'ехаў на Кіпр. Пасля ад'езду з Мінска ў 2010-м Стыгерс атрымаў мноства паведамленняў ад беларускіх заўзятараў: ім запомніўся абаронца з татуяванкай "Тэхаскі хлопец" на плячы. Зараз у Дантэ свая дзіцячая баскетбольная школа ў Тэхасе.

Дзяніс Коршук, форвард

Тады: Дзяніс Коршук - адна з самых фактурных фігур каманды ўзору сезона 2008/09. Цяжкі форвард мог на пляцоўцы практычна ўсё: і пазмагацца за месца пад кошам, і кінуць здалёк, і пайсці ў праход. З рознабаковым баскетбалістам не спраўляліся, і Коршук увесь час знаходзіўся ў топе лепшых па набраных ачках у чэмпіянаце. У сярэдзіне сезона з'явіліся праблемы са спінай, але да плэй-оф форвард быў гатоў. Ён праваліў першую гульню Фіналу з "Віталюрам" (3 ачка, 7 падбораў), рэабілітаваўся ў наступным матчы (16 ачкоў) і выдаў 9+7+4 перадачы ў апошняй сустрэчы серыі. 

Пасля: Да 2014-га года Дзяніс Коршук выступаў за "Цмокі", а потым вырашыў скончыць з профбаскетам. 
Дзяніс стаў чэмпіёнам НБЛ з "Віталюрам", а зараз адкрыў свой фітнэс-клуб.

Генры Харысан, форвард

Тады: Харысан прыйшоў у "Мінск" ужо ў сярэдзіне сезона і істотна дадаў глыбіні сталічнаму клубу. З-за пашкоджанняў ён правёў не так шмат матчаў у "рэгулярцы", не вылучаўся статыстычнымі паказчыкамі і ў плэй-оф, але ў дзвюх вырашальных серыях сезона стаў адной з галоўных опцый у наступе: 12 ачкоў і 5 падбораў у сярэднім у 6 матчах. 

Пасля: Форвард правёў яшчэ адзін сезон у "Мінску-2006", потым пабегаў у Бельгіі, Мексіцы і Канадзе. Цяпер жыве ў Х'юстане і ездзіць па свеце, не забываючы выкідаць фатаграфіі на сваю старонку на Фэйсбуку.

Аляксандр Куль, цэнтравы

Тады: Пра тое, хто такі Аляксандр Куль, расказваць не трэба. Дзякуючы неверагодным дадзеным, досведу і працавітасці цэнтравы быў адной з галоўных дамінантных сіл у чэмпіянаце Беларусі. Ён практычна не заўважаў супраціву з боку камандаў не з Топ-4, выдаючы матчы ў стылі 22+10. Як і Коршук, Куль не паказаў супер статыстыку ў першай фінальнай гульні, але не адзначаць яго ўнёсак у перамогу нельга. У астатніх двух матчах ён набраў 10.5 ачка і 5.5 падбора.

Пасля: Да 2011-га года Куль гуляў у сталічнай камандзе, потым пайшоў у маркетынг і ініцыяваў рэбрэндынг клуба, ператварыўшы "Мінск-2006" у "Цмокі-Мінск". З сезона 2015/16 экс-цэнтравы зборнай Беларусі ўваходзіць у трэнерскі штаб асноўнай мужчынскай каманды "Цмокаў".

Уладзімір Шарко, абаронца

Тады: Уладзімір Шарко - легендарная асоба ў белбаскеце. Двухмятровы гулец спалучаў у сабе навыкі разыгрываючага і шутара, не баяўся ісці ў праход і прыйшоў у "Мінск-2006" з "Віталюра", які не захацеў утрымаць таго. Гульцы характарызавалі Шарко як ваяра не толькі на пляцоўцы, але і ў распранальні. Капітан вёў каманду за сабой і смог забяспечыць ёй чаканае золата.

Пасля: Да 2012-га гуляў у "Мінску-2006", потым на год сышоў у "Гродна-93" і завяршыў кар'еру гульца ў 2013-м, стаў самым тытулаваным баскетбалістам у Беларусі: 14 чэмпіёнстваў. Цяпер Уладзімір - менеджар жаночай каманды "Цмокі-Мінск".

Андрэй Крыванос, галоўны трэнер

Тады: Андрэй Крыванос узначаліў каманду летам 2008-га, ужо маючы за спінай трэнерскі досвед у польскім чэмпіянаце. Атрымаўшы ў веданне цікавую каманду і прыўнясучы ў яе свае ідэі, спецыяліст з першай жа спробы выйграў першынства краіны, а праз паўгады быў прызнаны трэнерам года ў Беларусі.

Пасля: Увесь гэты час Андрэй Крыванос працуе ў трэнерскім штабе клуба, выйграўшы з "Цмокамі" 9 чэмпіёнстваў і 9 Кубкаў краіны.

Святослаў Равоцька, трэнер-масажыст

Тады: Душа кампаніі і выдатны спецыяліст, дзякуючы якому гульцы маглі падыходзіць да матчаў у аптымальным стане.

Пасля: Святаслаў - адзін з нешматлікіх, хто працуе ў трэнерскім штабе "Мінска-2006" практычна з самога заснавання і дагэтуль.

Фота: Аляксандр Дабрыян/Прэсбол; Наталля Дабрыян/Цмокі-Мінск; архівы гульцоў.

Спонсары і партнёры