У сераду, 6 снежня, "Цмокі" згуляюць з венгерскай "Альбай Фехервар". Вырашальны матч групавога этапу Кубка ФІБА-Еўропа пройдзе на Falcon Club Арэне!

АЛЬБА

Коратка пра суперніка
Год заснавання:
1949
Горад: Секешфехервар, Венгрыя
Клубныя колеры: сіні, белы, шэры
Турніры: чэмпіянат Венгрыя, Кубак Венгрыі, Кубак ФІБА-Еўропа
Дасягненні: чэмпіён Венгрыі (1998, 1999, 2000, 2013, 2017), уладальнік Кубка Венгрыі (1990, 1999, 2013, 2017)

Знаёмства з камандай: Гісторыя, летнія трансферы ды няўдалы старт у новым сезоне

Першы матч
30 кастрычніка ў Венгрыі "Цмокі" мелі выдатныя шанцы на перамогу над "Альбай". Пасля дакладнага трохачковага ад Аляксея Трасцінецкага наша каманда адарвалася ад гаспадароў на максімальную адлегласць - 15 ачкоў (16:31).

Пасля вялікага перапынку сітуацыя на пляцоўцы змянілася: "Альба", якая прайгравала ў трэцім матчы Кубка ФІБА запар, змагла здзейсніць камбэк і пасля фінальнай сірэны адсвяткавала перамогу - 73:64. Каманду вёў за сабой Петар Лорант - форвард, які толькі-толькі аднавіўся пасля пашкоджання, набраў 17 ачкоў і здзейсніў 7 падбораў.

У нашай камандзе лепшым стаў Філіп Адамовіч. Басніец рэалізаваў 6 трохачковых і скончыў сустрэчу з 20 ачкамі. У Крыса Чараповіча - дабл-дабл з 12 ачкоў і 15 падбораў.

Што змянілася пасля гульні ў Венгрыі?
Старт сезона "Альба" праваліла: пралёт міма Лігі чэмпіёнаў, 3 запар пройгрышы ў чэмпіянаце Венгрыі і 2 у Кубку ФІБА - што можа быць горш для чэмпіёна сваёй краіны?

Прычына такога выступу - у чарадзе пашкоджанняў, якая накрыла клуб з Секешфехервара. Цяжка дэманстраваць максімальны вынік, калі ў складзе адсутнічае адразу 3 гульцы стартавага складу. Але паступова баскетбалісты вярталіся ў ратацыю з лазарэта, і "Альба" пачала перамагаць.

Зараз у венгерцаў - бяспройгрышная серыя з 6 матчаў, якая доўжыцца з 30 кастрычніка. Практычна ўсе здаровыя і гатовы гуляць у Мінску. Пры гэтым, у адрозненні ад "Цмокаў", падчас міжнароднай паўзы ў зборную выклікаліся ўсяго 2 гульцы - Акас Келер і Марка Філіповіч.

Як "Цмокі" могуць выйсці ў наступны раўнд?
На працягу двух гадоў запар "Цмокі" стабільна праходзілі першы групавы этап Кубка ФІБА. Але ў гэтым сезоне склад удзельнікаў чэмпіянату выраўняўся, аб чым сведчаць і вынікі. Напрыклад, "Аўтадор", які ідзе на шостым месцы ў Лізе ВТБ, ужо страціў шанцы на працяг змагання. "Цмокі" увогуле трапілі ў сапраўдную групу смерці: чэмпіён Венгрыі "Альба", паўфіналіст чэмпіянату Бельгіі "Шарлеруа" і моцная "Бней Герцлія".

Перад апошнім турам становішча ў групе F даволі заблытанае: першы радок з паказчыкам 3-2 (перамогі-паразы) дзеляць "Цмокі", "Шарлеруа" і "Альба", а "Бней Герцлія" з чатырма пройгрышамі ў пяці матчах замыкае турнірную табліцу. У мінчукоў задача простая: трэба абыграць венгерцаў нягледзячы на розніцу ў ліку.

Ёсць шанец прайсці далей і ў выпадку няўдачы: калі "Герцлія" перайграе ў гасцях "Шарлеруа", то "Цмокі" абыдуць бельгійцаў і стануць другімі па лепшай розніцы закінутых і прапушчаных ачкоў. Але матчы апошняга тура ў нашай групе пачнуцца ў адзін час, таму, вядома, "Цмокі" будуць гуляць толькі на станоўчы вынік.

Гульня з "Альбай" пройдзе ў сераду, 6 снежня, на Falcon Club Арэне і пачнецца ў 19:30. Як і заўсёды, акрамя самога матча заўзятараў чакаюць конкурсы ў перапынках і смачныя пачастункі ад партнёраў клуба. Квіткі - на Ticketpro.

Спонсары і партнёры