У гэту суботу наша асноўная каманда “Цмокі-Мінск” выйдзе на паркет хатняй Falcon Club Арэны, каб згуляць з краснаярскім “Енісеем”. Расказваем вам усё самае асноўнае пра суперніка “Цмокаў” па Адзінай Лізе ВТБ:

ЕНІСЕЙ 

Коратка пра суперніка
Год заснавання:
1981
Горад: Краснаярк, Расія
Клубныя колеры: сіні, белы
Турніры: Адзіная Ліга ВТБ, Ліга чэмпіёнаў
Дасягненні: чэмпіён Суперлігі Б (2007)
Галоўны трэнер: Алег Акулаў

Гісторыя
"Енісей" - самы ўсходні баскетбольны клуб Адзінай Лігі ВТБ. Ён быў створаны ў 1981-м годзе ў Краснаярску на базе мясцовага політэхнічнага ўніверсітэта. Адпаведна, і назва у клуба была простая - “Палітэхнік”. Каманда сціпла выступала ў мінорных дывізіёнах чэмпіянату Расіі, і адзіным дасягненнем быў выхад у Суперлігу А ў сярэдзіне 90-х.

Пад'ём “Енісея” пачаўся ў 2007-м: каманда выйграла Суперлігу Б і выйшла ў элітны дывізіён чэмпіянату Расіі. У 2009-м краснаярцы ўпершыню ўзялі ўдзел у міжнародным турніры, а з сезона 2013/14 гуляюць у Адзінай Лізе ВТБ. 

У 2016-м у "Енісея" быў выдатны шанец узяць еўрапейскі тытул: наш супернік прабіўся ў Фінал Чатырох Кубка ФІБА-Еўропа, але саступіў у двух матчах і заняў выніковае чацвёртае месца. А летась красноярцы правялі свой самы паспяховы сезон у Лізе ВТБ: каманда, фінішаваўшы ў "рэгулярцы" шостай, упершыню ў сваёй гісторыі прабілася ў плэй-оф турніру, дзе саступіла ў першым раўндзе "Хімкам".

Міжсезонне
Галоўнай стратай “Енісея” стаў Фрэнк Элегар: краснаярцы не змаглі перабіць прапанову “Лакаматыва”, і харызматычны цэнтравы ў выніку стаў “чыгуначнікам”. Тоні Тэйлар перайшоў у “Банвіт”, Аляксей Вздыхалкін - у “Парму”, а Андрэй Кашчэеў - у УНіКС.

Беларускім аматарам баскетбола больш цікавымі будуць набыцці “Енісея”. Сярод 8 навабранцаў каманды - Віталь Лютыч, экс-гулец “Цмокаў” і лідар зборнай Беларусі. Форвард перабраўся ў Краснаярск з “Калева”. У адрозненні ад эстонскага клуба, дзе беларус быў лідарам, у “Енісеі” падабраўся даволі роўны склад з моцнымі легіянерамі: абаронца Маціц Рэбец стаў чэмпіёнам Еўропы са зборнай Славеніі, Забіян Даудэл вярнуўся ў каманду пасля 4-гадовай адсутнасці, падоўжылі кантракты форварды Энтані Хіліярд і Сулейман Брайма.

На паперы “Енісей” выглядаў цікава, бо за лета ён фактычна захаваў свой касцяк, кропкава ўзмацніўшы некаторыя пазіцыі. Аналітыкаў не бянтэжыла нават гульня каманды ў “перадсезонцы” - з-за матчаў зборных і бюракратычных праблем у поўным складзе краснаярцы не правялі ніводнай сустрэчы. Заняўшы шостае месца ў мінулым сезоне, “Енісей” павінен быў выступіць прынамсі не горш.

Сышлі: Фрэнк Элегар, Тоні Тэйлар, Аляксей Вздыхалкін, Андрэй Кашчэеў, Аляксандр Мартынаў;
Прыйшлі: Забіян Даудэл, Актавіус Эліс, Дзяніс Захараў, Віталь Лютыч, Аляксандр Гудумак, Глеб Голдыраў, Арцём Камісараў, Маціц Ребец;
Падоўжылі кантракт: Сулейман Брайма, Энтані Хіліярд, Ігар Каныгін, Васіль Заваруеў.

Новы сезон
Насуперак чаканням, пачатак сезона ў выкананні красраярцаў можна назваць правальным. У першых 6 матчах “Енісей” здолеў абыграць толькі “Ніжні Ноўгарад”. І калі грандам - ЦСКА і “Зеніту” - каманда Алега Акулава прайграла ў канцоўках, то канкурэнтам за месца ў Топ-8 у сярэднім саступала больш за 20 ачкоў. Зараз “Енісей” займае трэці з канца радок у табліцы Лігі ВТБ з паказчыкам 2-7: да перамогі над НН паўночнікі дадалі разгром “Пармы” (96:77). 

У Лізе чэмпіёнаў (куды “Енісей” трапіў дзякуючы высокім дасягненням сезона 2016/17) таксама ўсе дрэнна: 6 параз запар і апошняе месца ў групе з вынікам 2-8. 

Пасля чарговага пройгрышу галоўны трэнер “паўночнікаў” Алег Акулаў ахарактарызаваў праблему досыць проста: “Пакуль што ў нас не ідзе гульня”.

У сярэдзіне снежня “Енісей” падабраў цэнтравога Марціньша Меерса: латыш правёў выдатны сезон у ВЭФе, улетку перайшоў у УНІКС, але не заслужыў давер трэнерскага штаба і пакінуў каманду. Цэнтравы, быццам бы, і шмат закідвае ў Лізе чэмпіёнаў (17.5 ачка) і Лізе ВТБ (11.5), але пачаць перамагаць у Краснаярску па-ранейшаму не могуць.

Цікава, што амаль адразу пасля з'яўлення Меерса з “Енісея” у Грэцыю з'ехаў іншы цэнтравы - Актавіус Эліс. Амерыканец ужо паспеў правесці матч за “Прамітас”, але навін аб трансферы ад прэс-службы краснаярцаў пакуль няма. 

Лідары
Па сканчэнні 4 месяцаў новага сезона цяжка вылучыць лідара. Пэўна што, стабільней астатніх гуляе Энтані Хіліярд, які ўжо даходзіў да адзнакі ў 29 ачкоў за матч. Віталь Лютыч, напрыклад, адзначыўся 24 ачкамі ў гульні з “Аўтадорамм”, а Забіян Даудэл накідаў 24 “Парме”. Сулейман Брайма і навабранец Марціньш Меерс - у топе Лігі ВТБ па падборах за матч.

“Енісей”, дарэчы, у прынцыпе даволі паспяхова працуе на шчытах, ледзь не лепш усіх у лізе здымаючы адскокі з чужых кошаў. З-за гэтага каманда чацвёртая па колькасці кідкоў, але пры гэтым атакуе з горшым у чэмпіянаце адсоткам - толькі 41% мячоў заходзіць у кош (у “Цмокі-Мінск” - 45%), пры гэтым “паўночнікі” вельмі слаба кідаюць з перыметра. 

Гісторыя супрацьстаянняў
“Цмокі” гулялі з “Енісеем” 10 разоў, і ў 7 выпадках краснаярцы сыходзілі з пляцоўкі з перамогай. У апошні раз “Цмокі” былі мацней у кастрычніку-2015: прыехаўшы ў Краснаярск пасля сенсацыйнай перамогі над УНІКСам, мінчукі на апошніх секундах выратаваліся дзякуючы дакладнаму кідку Джасціна Грэя.

Час і месца
Матч з “Енісеем” пройдзе на Falcon Club у суботу, 13 студзеня. Пачатак гульні - 14:30. Квіткі ўжо можна купляць на Ticketpro, а ў дзень гульні ў холе арэны будуць працаваць дзве касы. Мы просім вас прыходзіць на матч крыху раней - так вы зможаце пазбегнуць вялікіх чэргаў на ўваходзе. Убачымся на баскетболе!

Фота: БК "Енісей", Адзіная Ліга ВТБ

Спонсары і партнёры