11 кастрычніка скончылася кваліфікацыя Кубка ФІБА-Еўропа, па выніках якой стаў вядомы яшчэ адзін супернік "Цмокі-Мінск" на групавым этапе турніру. Ім стаў бельгійскі "Шарлеруа".

"Шарлеруа" пачаў выступ у кваліфікацыі з другога раўнда і правёў два матчы супраць "Пардубіцэ" з Чэхіі. Усе пытанні былі фактычна зняты ў першай гульні, калі бельгійцы разграмілі суперніка ў гасцях з лікам 75:92. У зваротнай гульні "Шарлеруа" таксама быў мацней - 88:66.

Кваліфікаваўшыся ў асноўную сетку Кубка ФИІА, "Шарлеруа" трапіў у групу F, дзе яго ўжо чакаюць "Цмокі" і венгерская "Альба". Чацвёртага ўдзельніка групы арганізатары абвесцяць у чацвер пасля адмысловай працэдуры лёсавання. 

Адзначым, што менавіта з "Шарлеруа" "Цмокі" правядуць першы матч групавога этапу: 18 кастрычніка бельгійская каманда прыедзе ў Мінск. Гульня пройдзе на Falcon Club і пачнецца ў 18:00. 

Даведачна:
Поўная назва клуба - "Проксімус Спіру Шарлеруа". Ён грунтуецца ў горадзе Шарлеруа, Бельгія. Быў заснаваны ў 1989-м годзе і ў дадзены момант з'яўляецца адным з самых паспяховых клубаў краіны: "Шарлеруа" 10 разоў рабіўся чэмпіёнам Бельгіі і 5 разоў выйграваў нацыянальны Кубак. Каманда нязменна бярэ ўдзел у еўрапейскіх міжнародных турнірах. Адзначым, што ў сезонах 2010/11 і 2011/12 "Шарлеруа" гуляў у Еўралізе, а потым да 2016-га года выступаў у Еўракубку. У мінулым сезоне бельгійцы прымалі ўдзел у розыгрышы Лігі чэмпіёнаў, скончыўшы групавы этап з паказчыкам 6-8 і не трапіўшы ў плэй-оф.

Спонсары і партнёры