Спартыўны дырэктар "Цмокі-Мінск" Ягор Мешчаракоў у рубрыцы #WakeUpYourDragon!

Працягваем нашу рубрыку "Абудзі ў сабе цмока", дзе людзі дзяляцца асабістымі гісторыямі пераадолення розных цяжкасцяў у жыцці. Так, гулец МФК "Сталіца" Уладзімір Ждановіч распавядае, як важна не баяцца і спрабаваць, нават калі вялікая імавернасць адмовы, а тэлевядоўца БеЛТэлеРадыёКампаніі Антон Мелешаў дзеліцца гісторыяй, як паказаць свой максімум, змагаючыся з ўнутранымі страхамі.

Сёння наш спартыўны дырэктар Ягор Мешчаракоў распавядае, як нягледзячы на страту, гуляць як сапраўдны "цмок" у памяць пра блізкага чалавека.

Выява цмока далёка не выпадковая ў маім жыцці… Я нарадзіўся ў кастрычніку 1976 года - у год Цмока па Кітайскім календары.

Яшчэ ў юнацтве ўсе мае дзіцячыя баскетбольныя трэнеры вылучалі маю агрэсіўнасць, скудлачаныя валасы і чырвоны твар падчас матчаў і трэнераванняў, кажучы пры гэтым “Ягор, ты падобен на неўтаймоўнага цмока”.

Ужо каля дваццаці гадоў мой першы электронны адрас дагэтуль і завецца minskdragon@hotmail.com - так што ўсе заахвочаныя ўсё яшчэ могуць мне напісаць. А ў 2007 годзе, калі я задумаўся над назвай летняга баскетбольнага лагера для юных гульцоў, іншай назвы і не магло быць - лагер Мінскія Цмокі прайшоў на “Ура!”, і каля сотні дзяцей атрымалі трэнеравальную форму з гэтым лагатыпам і мора класных эмоцый.

Па шчаслівым збегу абставін, і дзякуючы ідэі Аляксандра Куля, наш клуб “Мінск-2006” з восені 2012 года стаў звацца “Цмокi-Мiнск”.

Ну а на больш сур'ёзнай ноце, мне, як і кожнаму іншаму прафесійнаму спартоўцу неаднаразова даводзілася “абудзіць у сабе цмока”: і перад важным стартам, і перад важным жыццёвым рашэннем. У адзін з лістападаўскіх дзён у 2006 годзе пайшоў з жыцця блізкі мне чалавек, які многія гады перажываў і быў маім заўзятарам. І ўжо праз некалькі тыдняў, мая тагачасная каманда УНІКС мала прынцыповую сустрэчу з маскоўскім ЦСКА ў Казані. Усе гэтыя дні я быў не ў сваёй талерцы. У дзень гульні мне спатрэбілася цярплівасць і велізарнае жаданне сфакусавацца на тым, каб так згуляць у памяць пра гэтага чалавека, каб ён і надалей, на нябёсах, ганарыўся мной. Той матч стаў гістарычным для мяне і для УНІКСу, клуб з Казані не пакінуў шанцаў бягучаму чэмпіёну Еўралігі ЦСКА і перамог з розніцай +18 (101:83).

Магчыма, вы таксама змагаецеся са сваімі ўнутранымі страхамі і сумневамі і здзяйсняеце важныя справы. Напішыце нам пра свой самы адважны ўчынак і станьце героем рубрыкі #WakeUpYourDragon: раз на тыдзень мы будзем публікаваць самыя ўражальныя аповеды, якія атрымаем ад заўзятараў. Апроч таго, усе удзельнікі рубрыкі маюць магчымасць выйграць абанемент на сезон 2018/2019! Свае аповеды можна дасылаць у асабістыя паведамленні ў групе (Вконтакте, Facebook) ці на press@bc-tsmoki.by!

Спонсары і партнёры