Заўтра - галоўная гульня першага раўнда плэй-оф!

22 красавіка ў Мінску пройдзе апошні матч першага раўнда плэй-оф у мужчынскім чэмпіянаце Беларусі. Нашы "Цмокі-2" на хатняй пляцоўцы прымуць "Рубон" з Віцебска.

Серыя
Чвэрцьфіналы ў чэмпіянаце Беларусі доўжацца да дзвюх перамог. З-за таго, што "Рубон" фінішаваў у "рэгулярцы" вышэй за малодшых "Цмокаў", першыя два матчы прайшлі ў Віцебску.

Каманды мелі фактычна роўныя паказчыкі ў сезоне, таму нядзіўна, што пераможцы ў абедзвюх гульнях вызначаліся ў канцоўках. "Цмокі-2" павінны былі браць першы матч, але дапусцілі крыўдную страту і саступілі - 70:75.

У другой сустрэчы сцэнар паўтарыўся: каманды па чарзе выходзілі наперад, давялі барацьбу да вырашальных імгненняў, дзе абаронца "Цмокаў" Андрэй Стаброўскі трапіў з сярэдняй і прынёс сваёй камандзе перамогу - 64:63.

Лік у серыі роўны (1-1), і таму каманды правядуць трэці матч, у якім і вызначыцца паўфіналіст. Дарэчы, ён згуляе з асноўнай камандай "Цмокі-Мінск".

Вырашальныя матчы ў гісторыі "Цмокі-2"
Наша малодшая каманда паднялася з Першай лігі ў Вышэйшую ў 2011-м годзе. За 6 гадоў "маладзёжка" не прапусціла ніводнага розыгрышу плэй-оф, аднак толькі двойчы ў серыях справа даходзіла да апошняга матча.

Першы выпадак - чвэрцьфінал у сезоне 2011/12. Тады яшчэ "Мінск-2006 2", які заняў чацвёртае месца ў рэгулярным чэмпіянаце, змагаўся за выхад у паўфінал з "Асіповічамі". Буйна аддаўшы стартавы хатні матч (70:86), "маладзёжка" пад кіраўніцтвам Аляксандра Вярэніча здабыла перамогу ў гасцях (80:77) і вярнула серыю ў Мінск, дзе і вырашалася пуцёўка ў 1/2 фінала. "Мінск-2006 2" вельмі ўпэўнена выйграў з лікам 79:75, маючы перавагу ў 10-12 ачкоў на працягу ўсёй другой паловы. Дарэчы, у той гульні 18-гадовы Аляксандр Семянюк адзначыўся 5 ачкамі і 8 падборамі за 28 хвілін. Праз месяц "маладзёжка" ўпершыню ў сваёй гісторыі стала бронзавым прызёрам чэмпіяната Беларусі.

Улетку "Мінск-2006" ператварыўся ў "Цмокі-Мінск", а разам з асноўнай камандай змяніла назву і моладзевая. Нягледзячы на перспектыўную моладзь у сваім складзе, "Цмокі-2" здолелі ўзяць толькі пятае месца ў "рэгулярцы", саступілі ў чвэрцьфінале гомельскаму "Сожу" і ў серыі за 5-8 месцы змагаліся з "Імпульсам". Каманды памяняліся буйнымі перамогамі і давялі справу да пятага матча. Там "Цмокі-2" здолелі адыграць 17-ачковае адставанне, але на апошніх секундах не перавялі гульню ў авертайм - 60:63. "Маладзёжка" заняла выніковае сёмае месца, усухую перайграўшы ў апошняй серыі сезона "Барысфен" - 3-0.

Гульня паміж "Цмокі-2" і "Рубонам" пройдзе ў спарткомплексе "Цмокі-Мінск" у суботу, 22 красавіка, і пачнецца ў 15:00. Уваход на яе вольны.

Спонсары і партнёры