У другой гульні “Фіналу чатырох” Еўрапейскай Моладзевай баскетбольнай лігі другая каманда “Цмокаў” перамагла “Акадэмію” з Люксембурга – і, такім чынам, скончыла турнір на трэцім месцы.

АКАДЭМІЯ – ЦМОКІ-МІНСК (2) – 56:75 (17:20, 8:13, 15:19, 16:23)

Гдыня. 20 красавіка

ЦМОКІ-МІНСК-2: Рубінштэйн (13 + 13 пад + 3 пер), Рагазенка (18 + 6 пас), Стасілевіч (6 + 9 пад), М.Лютыч (18 + 7 пад), Сазонаў (6); Барысёнак (9), Хомчанка (5), Стаброўскі (0), Паралёў (0), Ярац (0).

Пасля крыўднай паразы ад гаспадароў “Фіналу чатырох” у нашага клуба, тым не менш, засталася надзея на трэцяе месца. Для гэтага падапечным Кандрусевіча неабходна было перамагчы люксембургскую “Акадэмію”. Што, на шчасце, мінчукі ўпэўнена і зрабілі.

Так, яшчэ на старце яны арганізавалі спурт 9:4, а ўвогуле скончылі чвэрць з перавагай у “+3”. Больш за тое, напрыканцы першай паловы беларуская дружына запісала ў актыў рывок 7:2, а пасля аднаўлення гульні і траплення Рагазенкі і ўвогуле павялічылі розніцу да 10 балаў.

Пры гэтым і ў далейшым наша каманда цалкам кантралявала ход барацьбы. Калі ж у пачатку заключнай чвэрці лідарства другіх “Цмокаў” дасягнула 15 балаў, стала зразумела, што вікторыю ў гэты дзень мінчукі не выпусцяць. Усё ж такі вельмі якасна дзейнічалі яны на супрацьлеглых паловах пляцоўкі. У прыватнасці, не толькі валодалі перавагай у барацьбе за падбор, але і дазволілі супернікам рэалізаваць усяго 32% сярэдніх і 19% далёкіх кідкоў. Акрамя таго, у гэтай сустрэчы каманда з “Люксембурга” аддала ўсяго 5 перадач, што яшчэ раз сведчыць аб тым, што намінальныя госці не дазволілі візаві весці камбінацыйны наступ.

Такім чынам, наша каманда заняла трэцяе месца ў “Фінале чатырох” Еўрапейскай Моладзевай баскетбольнай лігі, з чым мы і вінушем трэнераў і баскетбалістаў клуба.

Спонсары і партнёры