Выхаванцы «Цмокі-Мінск» дапамаглі юнацкай камандзе Беларусі заваяваць шостае месца чэмпіянату Еўропы ў сваім дывізіёне.

У Скоп'е завяршыўся чэмпіянат Еўропы сярод мужчынскіх камандаў U-18 у дывізіёне «Б». Беларусы занялі шостае месца. Гэта лепшы вынік у гісторыі каманды.

Групавы этап для падапечных нашага трэнера Аляксандра Падзерачова (Аляксандр трэнеруе самую юную каманду чэмпіянату — РЦАП-СДзЮШАР) завяршыўся паспяхова: каманда здабыла 4 перамогі, саступіўшы толькі аднагодкам з Партугаліі.

У чвэрцьфінале нашую каманду чакалі эстонцы, якія не дазволілі беларусам змагацца за больш высокія месцы і трапіць у дывізіён «А».
У матчах за 5-8 месцы нашыя юнакі не пакінулі шанцаў шведам (79:66), але крыўдна саступілі на апошніх секундах авертайма зборнай Чэхіі — 78:80. 

Уладзіслаў Траццяк:

Хачу сказаць усім дзякуй за прафесійны падыход да сваёй працы: трэнерскаму штабу, лекарцы, масажысту, менеджару і ўсёй камандзе. 

Вядома, лічу, што маглі б выступіць і лепш. На мой погляд, там не было камандаў, якія выяўна пераўзыходзілі нас. Магчыма, нам недзе не хапіла маральнага настрою і шанцавання. 

З партнёраў па камандзе хачу вылучыць Дзмітрыя Рыўнага, які паказаў вельмі добрую гульню, як на сваім, гэтак і на чужым шчыце.
У цэлым турнірам задаволены, мэта застаецца той жа, і мы будзем старацца абавязкова дамагчыся яе.

Такім чынам, зборная Беларусі U-18 пад кіраўніцтвам нашага трэнера Аляксандра Падзерачова паказала свой лепшы вынік на гэтым турніры. А Дзмітрый Рыўны трапіў у сімвалічную пяцёрку турніру.

Віншуем хлопцаў і ўвесь трэнерскі штаб!

Спонсары і партнёры