У гэтым сезоне «Цмокі» заваявалі сваё дзясятае чэмпіёнства. Для некаторых гульцоў гэты тытул стаў першым у кар'еры, а нехта з іх змушаны ўзяць хвілінную паўзу, каб палічыць усе свае медалі. Мы запыталі Вячаслава Каржа і Аляксея Трасцінецкага пра адчуванні ад перамогі і тым, як гуляць поруч з маладымі гульцамі.

— У вас палярныя сітуацыі: для Славы гэта першае чэмпіёнства пасля столькіх фіналаў, а ў Аляксея… Ты, магчыма не памятаеш ужо і якое? Раскажыце пра вашыя адчуванні?

— В.К.: Проста неверагодныя адчуванні, бо я 6 гадоў гуляў у фіналах за Гродна, і штораз мы станавіліся другімі. Так што для мяне гэта такое чаканае чэмпіёнства, што проста цяжка перадаць эмоцыі словамі.

— А.Т.: Для мяне гэта ўжо 12 чэмпіёнства. Здаецца, што больш толькі ў Аляксея Пынцікава (13) і Уладзіміра Шарко (14). Але кожнае чэмпіёнства — гэта вельмі прыемныя адчуванні, бо заўсёды выдатна атрымваць узнагароды найвышэйшай пробы.

— У другой пары паўфіналістаў было упартае змаганне. Каго вам хацелася бачыць у фінале больш: «Гродна-93», былую каманду Славы, ці «Барысфен», які правёў выдатны сезон пад кіраўніцтвам экс-трэнера «Цмокаў» Андрэя Крываноса?

— В.К.: Змаганне было сапраўды ўпартым і прыгожым, але асабіста мне хацелася б бачыць Гродна ў фінале: усё-такі столькі гадоў гуляў там! Таму я быў іх заўзятарам у гэтай пары.

З іншага боку, і ў Магілёве ёсць хлопцы, з якімі я шмат гадоў правёў у адной камандзе: Пастухоў, Малькоў, Мастоў. Бясспрэчна, абодва клубы былі годныя да фіналу.

— А.Т.: Я вельмі рады, што на дадзены момант чэмпіянат пачаў расці, і шмат каманд падняліся на адзін узровень. Выдатна, што ў фінал прайшоў «Барысфен», таму што Гродна, пэўна, апошнія гадоў 10 гуляў у фінале. На мой погляд, каманда Андрэя Крываноса заслужыла быць у фінале. Яны правялі выдатны сезон.

— Вашыя сезоны адрозніваліся: Аляксей пачынаў у рэзерве, а потым перайшоў у асноўную каманду. Слава — наадварот. Раскажыце, як вам працавалася з Расціславам, і ці ёсць адчуванне, што «місія выканана»?

— В.К.: Вядома, чэмпіянат краіны — гэта не Ліга ВТБ, але тут таксама ёсць сваё змаганне. Усе хочуць давесці, што менавіта яны павінны быць вышэй у табліцы. А да гульняў з «Цмокамі» супернікі рыхтаваліся ўдвая!

Што да Расціслава Мікалаевіча, то мне вельмі спадабалася працаваць з ім. Трэнер ведаў, чаго ён хацеў ад абароны і нападу, і рыхтаваў нас да кожнай каманды! Так што мы з ім хутка знайшлі агульную мову. Расціслаў казаў, што я павінен рабіць у гэтай камандзе, і я імкнуўся выконваць! Адным словам, гэта прафесіянал, які жыве сваёй справай і аддаецца ёй цалкам.

— А.Т.: Адчуванне завершанасці, вядома, ёсць, і я хачу сказаць вялікі дзякуй Расціславу Мікалаевічу за тое, што даў мне пачаць і скончыць у гэтай камандзе выдатны сезон. Была класная атмасфера, усе хлопцы працавалі. Я віншую ўсю каманду з чэмпіёнствам.

— На ваш погляд, рэзервовая каманда павінна складацца толькі з маладых гульцоў ці павінен быць нейкі баланс паміж дасведчанымі хлопцамі і моладдзю?

— В.К.: Думаю, што ўсё-такі патрэбен баланс: у такой сітуацыі маладыя гульцы могуць нечаму навучыцца ў старэйшых, а дасведчаныя, у сваю чаргу, у цяжкіх гульнях страхаваць і браць на сябе крыху больш за адказнасць, калі ў гэтым будзе патрэба. Такое ўзаемадзеянне дазваляе расці нашай таленавітай моладзі і падымацца ў асноўную каманду!

— А.Т.: Калі ставіць мэтай чэмпіёнства, то лічу, што моладзь наўрад на дадзены момант можа выйграць чэмпіянат. Таму што ў суперніках ужо дарослыя, вопытныя гульцы, якія не першы сезон змагаюцца за медалі турніру. Заўсёды павінны быць дасведчаныя хлоцы ў камандзе, каб моладзь цягнулася да іх. Яны ў кожны момант падкажуць і будуць ведаць, што трэба рабіць у складанай сітуацыі.

Спонсары і партнёры