У мінулыя выходныя падначаленыя Расціслава Вергуна правялі дзве сустрэчы ў НБЛ Літвы.

 

Рэзервовы склад «Цмокі-Мінск» у гэтым сезоне бярэ ўдзел у новым для сябе турніры – нацыянальнай баскетбольнай лізе Літвы. Фактычна, гэта другі дывізіён літоўскага чэмпіянату. У суперніках у мінчукоў 15 мясцовых каманд, у тым ліку другі склад «Жальгірыса», каманды з Шылюте, Каўнаса, Палангі і іншыя.

«Цмокі» пачалі турнір з паразы ад «Дэлікатэсаса» з Йонішкаў - 72:79, а ў другой сустрэчы перайгралі «Мажэйкяй» - 84:77. У абедзвюх сустрэчах шмат увагі прыцягваў Яўген Белянкоў.

Галоўны трэнер Расціслаў Вяргун:

    Нацыянальная баскетбольная ліга – новы для нас турнір. Пэўна што, яго асаблівасцю можна назваць тое, што ўсе 16 удзельнікаў у стане абгуляць адзін аднаго. Гэта дадае цікавасці: кожная гульня праходзіць у бескампрамісным змаганні.

    Ёсць 3-4 каманды, якія выглядаюць як прафесійныя праекты: там гуляюць легіянеры і яны канкрэтна змагаюцца за прызавыя месцы. Ёсць каманды, якія прадстаўляюць дублі асноўных літоўскіх клубаў і тыя, якія складзены з мясцовых гульцоў плюс 2-3 легіянеры і пара ветэранаў літоўскага баскетбола.

    Выступ Жэні Белянкова ў першым матчы я ні ў якім разе не звязваю з судзействам. Ён недзе няправільна падвёў сябе да гульні, у нейкі момант прыняў абсалютна неабавязковыя рашэнні ў нападзе. А потым жаданне кампенсаваць памылкі гульнёй у абароне і неабгрунтаваная агрэсія прывяла да хуткіх трох фолаў, якія выбілі яго з гульнявога рытму. Я рады, што Жэня смог за ноч перанастроіцца і зрабіць высновы. Ён паказаў вельмі дарослы баскетбол, падобны на той, што мы мелі ў мінулым сезоне.

    Іван Аладка мае праблемы з галенастопам, таму не з'явіўся на пляцоўцы. Нам яго не хапае і, вядома, хутчэй чакаем яго назад. Як і Максіма Лютыча.

Наступныя гульні «Цмокі» правядуць 12 (у 18.00) і 13 (16.00) кастрычника супраць «Нептунаса» з Клайпеды і каманды з Цяльшая.

Спонсары і партнёры