Мужчынскі чэмпіянат Беларусі стартуе ўжо заўтра. "Цмокі" не гулялі ў "рэгулярцы" першынства краіны 6 гадоў, але зараз вяртаюцца ў новым фармаце, каб прайсці ўвесь шлях па турніры.

Каманда
Упершыню з 2011-га года асноўная мужчынская каманда нашага клуба пачне ўдзел у чэмпіянаце Беларусі не з плэй-оф, а з групавога этапу. Гэта стала магчымым пасля павелічэння складу "Цмокі-Мінск" да 30 чалавек і фактычна падзелення на два калектывы. Асноўны склад пад кіраўніцтвам Аляксандра Круцікава працягне выступ у Лізе ВТБ і Кубку ФІБА-Еўропа, а рэзерв на чале з Расціславам Вергуном будзе бараніць тытулы ў Беларусі і паспрабуе свае сілы ў Балтыйскай лізе. 

Склад
Фармаванне рэзервовага ростара каманды пачалося летам. Перш за ўсе, галоўны трэнер Расціслаў Вяргун правёў перамовы з Аляксеем Лашкевічам: цэнтравы пагадзіўся сумясціць кар'еру баскетбаліста з працай у трэнерскім штабе. Такім чынам, 39-гадовы бігмэн стаў гуляючым асістэнтам. 

Чаму прыцягненне дасведчанага цэнтравога да працы ў новым праекце - правільны крок? Пры фармаванні складу кіраўніцтва клуба пайшло па шляху сумяшчэння маладосці і досведу. Без Аляксея Лашкевіча сярэдні ўзрост каманды складае 22,5 гады, і нябытнасць загартаванага ветэрана ў напружанай гульні магло б згуляць злы жарт. Апроч таго, цэнтравы даказаў, што можа гуляць на высокім узроўні: у мінулым сезоне Адзінай Лігі ВТБ ён праводзіў на пляцоўцы больш за 11 хвілін, набіраючы 3.7 ачка і 2 падборы ў сярэднім за матч. У плэй-оф чэмпіянату Беларусі Аляксей Лашкевіч увогуле быў адным з лепшых цэнтравых - і гэта ў 38 гадоў! Апроч таго, на трэніроўках Аляксей працуе з "вялікімі" сваёй каманды, перадаючы ім 23-гадовы досвед гульні на прафесійным узроўні.

Першым асістэнтам Расціслава Мікалаевіча з'яўляецца Дзмітрый Калтуноў. Спецыяліст рана скончыў кар'еру гульца і перайшоў да трэнерскай дзейнасці: "Асіповічы", БДЭУ, "Імпульс-БДУІР", цяпер - "Цмокі-Мінск". Улетку ён узначаліў мужчынскую зборную Беларусі па баскетболе 3х3.

У камандзе сабраны мацнейшыя маладыя беларускія гульцы. Так, 22-гадовы абаронца Іван Аладка ў мінулым сезоне набіраў за віцебскі "Рубон" 17.9 ачка пры 4.5 перадачы, Цімафей Еўсіевіч і Кірыл Чумакоў сталі віцэ-чэмпіёнамі Беларусі ў складзе "Гродна-93", Раман Рубінштэйн правёў год у славенскім "Златароге", Андрэй Рагазенка, Максім Лютыч, Цімафей Паралеў і Андрэй Стаброўскі былі асноўнымі гульцамі нашай "маладзёжкі", а Дзмітрый Рослікаў і Максім Сазонаў дэманстравалі высокую рэзультатыўнасць у БДЭУ.

Апроч таго, у камандзе з'явіўся Яўген Белянкоў: форвард на працягу трох гадоў уваходзіў у асноўны склад і атрымліваў гульнявы час у матчах Адзінай Лігі ВТБ і турнірах ФІБА, а зараз павінен весці за сабой партнёраў на пляцоўцы. 22-гадовы гулец ужо праявіў сябе на Кубку Беларусі, набіраючы ў сярэднім 15.7 ачка. 

Лідар каманды - Аляксей Трасцінецкі. Форвард, які ў мінулым сезоне вярнуўся ў Мінск з Расіі, таксама быў завербаваны Расціславам Вергуном. Аляксей з'яўляецца адным з самых дасведчаных у камандзе, і ўжо пацвярджае гэта на справе: на перадсезонных турнірах форвард стаў лепшым скорэрам і быў прызнаны MVP Кубка Беларусі на мінулых выходных. Практычна аднагалосна гульцы выбралі Аляксея Трасцінецкага капітанам каманды.

Расціслаў Вяргун: "Аляксей Трасцінецкі — гэта чалавек, які гуляе на дзвюх пазіцыях у камандзе і гуляе вельмі карысна. Думаю, ён дапамагае аднаклубнікам адчуваць сябе ўпэўненей на пляцоўцы. Ён не так шмат гуляў у мінулым сезоне, толькі набірае форму зараз і, спадзяюся, у лістападзе будзе адным з ключавых гульцоў зборнай нашай краіны".

А перад самым Кубкам Беларусі склад каманды папоўніўся чатырма баскетбалістамі з асноўнага ростара: для атрымання гульнявой практыкі да Расціслава Вергуна перайшлі Сяргей Татур, Віктар Аўсепян, Андрэй Навойчык і Антон Вашкевіч.

Абаронцы: Іван Аладка, Андрэй Рагазенка, Раман Рубінштэйн, Сяргей Татур, Андрэй Стаброўскі, Дзмітрый Рослікаў.
Форварды: Максім Сазонаў, Цімафей Еўсіевіч, Аляксей Трасцінецкі (капітан), Яўген Белянкоў, Віктар Аўсепян, Андрэй Навойчык, Цімафей Паралеў.
Цэнтравыя: Аляксей Лашкевіч, Кірыл Чумакоў, Максім Лютыч, Антон Вашкевіч, Дзмітрый Барысёнак.
Трэнерскі штаб: Расціслаў Вяргун (галоўны трэнер), Дзмітрый Калтуноў (асістэнт трэнера), Аляксей Лашкевіч (асістэнт трэнера).

Падрыхтоўка да чэмпіянату
"Цмокі" пачалі трэнеравальны працэс у першай палове жніўня: медагляд, знаёмства гульцоў і трэнерскага штаба, потым - двухразовыя трэніроўкі кожны дзень. Каманда таксама прымала ўдзел у двух міжнародных турнірах: у Венгрыі і ў Казахстане.

У кожным з турніраў "Цмокі" ўзялі другое месца. У Венгрыі "Цмокі" саступілі толькі "Дэбрэцэну", а ў фінале Кубка ЕўРАзЭС у Казахстане прайгралі "Барсам" з Атырау адно ачко - 75:76. Пры гэтым наша каманда здабыла 5 перамог у 7 матчах.

Галоўным тэстам для калектыву Вергуна стаў мужчынскі Кубак Беларусі, які адбыўся ў Магілёве з 6 па 8 кастрычніка. Турнір прайшоў проста ідэальна: 3 перамогі ў 3 матчах і першы тытул для гэтага складу "Цмокі-Мінск". "Цмокі" абыгралі нашу "маладзёжку", разграмілі "Барысфен" і ўтрымалі лідарства ў гульні з "Гродна-93".

Мэта на сезон: чэмпіёнства
Мэта у каманды Расціслава Вергуна толькі адна - падоўжыць чэмпіёнскія традыцыі. Кубак Беларусі паказаў расстаноўку сіл на баскетбольнай прасторы краіны: нягледзячы на тое, што "Цмокі" выставілі на турнір абсалютна новы склад, ні "Барысфен", ні "Гродна-93" не змаглі перамагчы чэмпіёна. Так, гарадзенцы да сярэдзіны чацвёртай чвэрці не адставалі ад "Цмокаў" у ліку, але ў выніку саступілі 14 ачкоў. Пры гэтым не трэба забываць, што ў матчы з "Гродна-93" мінчукі мелі запас у "+17" для ўтрымання трафея - іншымі словамі, настроіцца і паказаць максімальны вынік гульцам нашай каманды было няпроста.

Нельга казаць, што чэмпіён Беларусі ўжо вядомы, бо сезон доўгі, і ў кожнага прэтэндэнта ёсць час на змену ў раскладзе сіл. Напрыклад, некалькі дзен таму "Барысфен" узмацніўся яшчэ адным амерыканскім гульцом і будзе толькі дадаваць на працягу чэмпіянату. Акрамя таго, магілёўцы сур'ёзна змянілі склад і запрасілі новага трэнера - камандзе патрэбны час, каб прывыкнуць адзін да аднаго. "Гродна-93" традыцыйна павольна пачынае сезон, але да плэй-оф падыходзіць у належнай форме. 

Ключавыя матчы
Ў рэгулярным чэмпіянаце "Цмокі" згуляюць у 36 матчах, з іх 8 - супраць магілёўскага "Барысфена" і "Гродна-93". Самымі складанымі адрэзкамі стануць снежань і сакавік - у гэтыя месяцы "Цмокі" сустрэнуцца са сваімі асноўнымі канкурэнтамі. 

Свае першыя гульні "Цмокі" правядуць ужо ў гэты ўік-энд: мінчукі адправяцца ў Брэст да зборнай Брэсцкай вобласці. Праз тыдзень нас чакае дэрбі з "Цмокамі-2".

13 кастрычніка 19:00 Зборная Брэсцкай вобласці - Цмокі-Мінск
14 кастрычніка 14:00 Зборная Брэсцкай вобласці - Цмокі-Мінск

Спонсары і партнёры