15 і 16 снежня пройдуць апошнія матчы першага кола мужчынскага чэмпіянату Беларусі. Рэзервовы склад "Цмокі-Мінск" згуляе ў Магілёве з "Барысфенам", а "маладзёжка" правядзе дзве гульні са Зборнай Брэсцкай вобласці.

ЦМОКІ-МІНСК

Рэзервовы склад "Цмокаў", які сёлета выступае ў чэмпіянаце Беларусі, з'яўляецца адзінай камандай, якая ідзе па турніры без параз - 16 перамог запар. У мінулым туры "Цмокі" двойчы абыгралі "Гродна-93", а цяпер згуляюць з яшчэ адным прэтэндэнтам на чэмпіёнства - "Барысфенам" з Магілёва.

Летам "Барысфен" пачаў сур'ёзную перабудову. Першым крокам кіраўніцтва стала запрашэнне на пасаду галоўнага трэнера Андрэя Крываноса - спецыяліста, які на працягу 9 гадоў працаваў у "Цмокі-Мінск". Следам прайшло "чыстка" складу: сышлі лідары Максім Казлавец, Вітаўтас Камарунас, Яўген Суганяка і Павел Блізнец. 

Зато ў Магілёў упершыню за доўгі час прыехалі амерыканцы: Аляксандр Стротэр-Грыгсбі і Джасцін Коўлман. Андрэй Крыванос вярнуў у Беларусь Паўла Бенджаміна-Дуду, аднавіў прафесійную кар'еру экс-"Цмок" Дзяніс Пастухоў. 

Трэба разумець, што і зараз "Барысфен" працягвае набіраць форму. Некалькі тыдняў таму магілёўцы атрымалі паразы ад "Гродна-93" на выездзе, але ўсіх астатніх супернікаў па чэмпіянаце Беларусі абыгралі з лёгкасцю.

"Цмокі" Расціслава Вергуна ўжо перамагалі "Барысфен" Андрэя Крываноса ў кастрычніку. Тады каманды сустракаліся ў Магілёве ў Кубку Беларусі, і мінчукі былі значна мацней - 108:78. Раман Рубінштэйн і Аляксей Трасцінецкі набралі па 23 ачкі ў той гульні, а ў супернікаў быў лепшым цэнтравы Коўлман: 16 ачкоў і 9 падбораў.

Матчы паміж "Цмокамі" і "Барысфенам" пройдуць у Магілёве 15 і 16 снежня і пачнуцца ў 18:00 і 15:00 адпаведна. Арэна - спарткомплекс "Алімпіец".

ЦМОКІ-2

У адрозненні ад старэйшых калег, "маладзёжку" чакае адносна лёгкі выезд у Брэст. Каманда Георгія Кандрусевіча сустрэнецца са зборнай Брэсцкай вобласці.

Баскетбольная каманда з'явілася ў Брэсце толькі ў мінулым сезоне і выступіла не вельмі паспяхова, заняўшы перадапошняе месца ў чэмпіянаце. Зараз справы у "зборнікаў" не значна лепш: у 16 матчах калектыў здабыў толькі 2 перамогі і размясціўся на дзявятым радку турнірнай табліцы. 

Практычна ўсе баскетбалісты каманды - былыя гульцы Непрафесійнай баскетбольнай лігі. Лідарам у наступе з'яўляецца лёгкі форвард Канстанцін Салышка, а 18-гадовы цэнтравы Кірыл Вінакураў - лепшы у чэмпіянаце Беларусі па колькасці падбораў за матч (10.3). 

У выпадку перамог над зборнай Брэсцкай вобласці "Цмокі-2", хутчэй за ўсё, вернуцца на чацвёрты радок і працягнуць змагацца за трапленне ў першую пяцёрку па выніках першага групавога этапу. Матчы "маладзёжкі" пройдуць у Брэсце 15 і 16 снежня ў спарткомплексе "Вікторыя". Пачатак гульняў - 18:00 у пятніцу і 14:00 у суботу!

Спонсары і партнёры