Нашыя дзяўчыны саступаюць суперніцам у Курске – 46:63.

У кожным туры ў групе «С» адбываецца ўсё больш цікавых падзей. Спачатку «Цмокі» сенсацыйна абгулялі «Бешыкташ», потым тое ж зрабіла «Інвента». Трэці тур пачаўся з таго, што паў лідар нашай групы. «Вісла» прайграла першы матч, а «Бешыкташ» нарэшце перамог. Але больш за ўсё нас цікавіць, што сёння адбылося ў Курску, а не ў Стамбуле.

Пачнем з таго, што на мінулым тыдні «Інвента» выдатна згуляла з «Бешыкташам». Так выдатна, што турэцкі клуб замацаваўся ў статусе аўтсайдара. Прынамсі так было да сённяшняга вечара. Каманда Шакіравай не адмовілася ад дзёрзкага і хуткага баскетболу і з нашай камандай.

Расіянкі апынуліся ў ролі лідараў адпачатку матча. Хуткі баскетбол з агрэсіўнай абаронай стаў нечаканасцю для баскетбалістак Ваўлева, нават калі такі сцэнар і прапрацоўваўся. Першая чвэрць завяршылася нічыёй, але трывожныя сігналы пачалі паступаць ужо тады. У нашых дзяўчын пакутаваў адсотак рэалізацыі. З лініі штрафных кідкоў залятала вельмі мала, хоць «Інвента» ўяўляла для нас вялікія магчымасці, каб набіраць ачкі адтуль. 

У другой чвэрці пачаўся сапраўдны разгром. Галоўным чынам, усё ўпіралася ў той жа адсотак рэалізацыі. «Цмокі» нічога не маглі закінуць, а «Інвента» адказвала хуткімі адрывамі і дакладнымі кідкамі з-за дугі. Дарэчы, за ўвесь матч «агнядышныя» трапілі з перыметра ўсяго адзін раз (з 15!). 

Кацярына Рыбалка і Анастасія Сушчык дэбютавалі ў Еўракубку. Рыбалка аформіла падбор у нападзе і два перахопа, а Сушчык адзначылася 2 ачкамі.

У другой палове матча сітуацыя палепшылася. Каманда пачала адпрацоўваць у нападзе, да атак актыўна падлучаліся абаронцы. Аднак «Інвента» атрымала сваё на персанальных заўвагах з боку нашых баскетбалістак. Падапечныя Шакіравай набралі са штрафной лініі 13 ачкоў. Адзначым, што расійская каманда складаецца з дзяўчынак да 22 гадоў, таму фізічная падрыхтоўка дазваляе праводзіць на пляцоўцы дастатковую колькасць часу. Усе гульцы аднаго ўзроўня, кідаюць з рознай дыстанцыі. Пра гэта сведчыць палова камандных ачкоў (32 ачкі), якія набралі гульцы з лаўкі запасных.

«Інвента» перайграла «Цмокі» не толькі ў нападзе, але і ў абароне, асабліва ў змаганні на шчыце. На працягу другой паловы гульцы пад кіраўніцтвам Ваўлева спрабавалі нагнаць перавагу ў «+15» і больш, але падбіраючыся да паказніку ў 11 ачкоў, сутыкаліся з бязлітасным супрацівам.

Вікторыя Гаспер набрала дзяжурны дабл-дабл. Яна ж стала самым эфектыўным гульцом нашай каманды – другі раз за рэгулярны сезон.

«Інвента» – «Цмокі-Мінск» – 63:46 (10:10, 17:5, 18:18, 18:13)

Андрэй Ваўлеў, трэнер «Цмокі-Мінск»:

Мы яшчэ не зусім разумеем, дзе хочам знайсці перавагу, і каго вывесці на атаку. Мы бяжым і замінаем адзін аднаму. У нас кожная гульня цяжка даецца. Цяжка даецца менавіта па нападзе. Калі ў нападзе ў нас нешта наладзіцца, то шанцы выйсці з групы будуць.

Ганна Лапо, гулец «Цмокі-Мінск»:

Абарона з боку «Інвенты» была агрэсіўная і замінала нам у рэалізацыі сваіх дзеянняў. У выніку не атрымалася забіць свае кідкі. Грузіць перыметр? Нейкага звыш задання грузіць перыметр не было. Хутчэй наадварот больш абвастраць у зону, бо каманда суперніка актыўна баранілася ў верхняй лініі.

Элен Шакірава, трэнер «Інвенты»:

Гульцы выканалі большасць установак, якія ім давалі. Дастатак браку? Ён ёсць. Мы імкнёмся гуляць хутка, таму ад гэтага нікуды не пайсці. Ведаем, як у нас праходзяць чвэрці пасля вялікага перапынку, таму ўнеслі карэктаванні за пляцоўкай перад трэцяй чвэрцю, паспрабавалі выйсці на пляцоўку мабілізаванымі і скарацілі час гутарак у апранальні, каб дзяўчынкі больш пакідалі. У цэлым, сёння каманда выканала ўстаноўку ў абароне і ў нападзе.

Ганна Буравая, гулец «Інвенты»:

У нас шмат што атрымлівалася ў абароне, ад гэтага атрымалася ў нападзе ў хуткіх атаках. Мы вельмі рыхтаваліся да «Цмокаў». Нам трэнеры ўсё паказалі і расказалі: што мы будзем гуляць у абароне, што ў нападзе, як разбіваць прэсінг. Для нас зусім не было неспадзевак.

***

Пасля трох матчаў «Цмокі» размясціліся на трэцім месцы турнірнай табліцы групы «С».

Наступныя гульні пройдуць пасля паўзы кваліфікацыі да Еўрабаскету-2019.

29 лістапада – супраць «Бешыкташа» у Мінску.

5 снежня – супраць «Віслы» у Кракаве.

13 снежня – супраць «Інвенты» у Мінску.

Спонсары і партнёры