Сталі вядомыя даты старту нацыянальных турніраў!

11 верасня адбылося паседжанне Выканкама Федэрацыі баскетбола. Па яго выніках былі зацверджаны даты правядзення Кубкаў і Чэмпіянатаў Беларусі.

З 26 верасня па 1 кастрычніка ў Мінску адбудзецца розыгрыш жаночага Кубка. У ім апроч нашай каманды "Цмокі-Мінск" возьмуць удзел "Алімпія", "Гарызонт", "Гарызонт-2-РЦАП" і "Гомель-Сож". У адрозненні ад мінулага розыгрышу, зараз уладальнік Кубка вызначыцца па выніках адной групавой стадыі: кожная каманда згуляе з супернікам па адным разе. Нагадаем, менавіта "Цмокі" з'яўляюцца ўладальнікамі Кубка: каманда Андрэя Ваўлева ў лістападзе-2016 перайграла "Гарызонт".

Мужчынскі кубак адбудзецца з 8 па 10 кастрычніка ў Магілёве. Наш клуб будзе прадстаўлены адразу дзвюма камандамі: "Цмокі" і "Цмокі-2". Разам з імі за перамогу пазмагаюцца таксама "Гродна-93", магілёўскі "Барысфен" і віцебскі "Рубон". У фінальны этап аўтаматычна праходзяць тры мацнейшыя каманды па выніках леташняга турніру ("Цмокi-Мінск", "Гродна-93" і "Барысфен"), а таксама пераможца пары "Цмокi-2" і "Рубон", якія ў дзвюхматчавым супрацьстаянні вызначаць апошняга фіналіста. Як і ў жаночым кубку, "Цмокі" летась выйгралі гэты турнір.

З'явіліся навіны і пра чэмпіянаты Беларусь. Жаночае першынства краіны стартуе 7 кастрычніка, склад удзельнікаў не змяніўся: "Цмокі-Мінск", "Гарызонт", "Гарызонт-2-РЦАП", "Алімпія", "Вікторыя", "Гомель-Сож", "Цар-Вікторыя". Падначаленыя Андрэя Ваўлева зробяць усё, каб абараніць чэмпіёнскі тытул.

А вось у мужчынскім чэмпіянаце ёсць новы калектыў: акрамя "Цмокі" і "Цмокі-2" наш клуб разам з рэспубліканскім цэнтрам алімпійскага рэзерву выстаўляе ў турнір каманду СДзЮШАР. Апроч таго, згуляюць у чэмпіянаце "Гродна-93", "ЦАР-Барысфен", "Рубон", "Імпульс-БДУІР", "Прынёманне", зборная Брэсцкай і ГАЦАР-зборная Гомельскай абласцей. Нагадаем, сёлета ў першынстве краіны з першага раунду стартуе рэзервовы склад асноўнай каманды "Цмокі-Мінск".

Спонсары і партнёры