Заўтра ў 13:00 - другі матч!

12 снежня ў Мінску прайшоў першы з двух матчаў жаночай Балтыйскай лігі паміж "Цмокамі" і "Алімпіяй". Нашы дзяўчыны былі мацней на хатняй пляцоўцы - 74:62.

Ход гульні
Тыднем раней у Гродне "Алімпія" двойчы засмуціла падначаленых Андрэя Ваўлева, завяршыўшы тым самым пераможную серыю мінчанак даўжынёй у 18 гульняў. У аўторак на хатняй пляцоўцы "Цмокі" былі настроены адпомсціць. І пачалі рабіць гэта з першых хвілін: Вікторыя Гаспер і Кай Джэймс набралі на дваіх 13 ачкоў, якія вывелі мінчанак наперад да канца 10-хвілінкі - 16:12.

Дакладныя трохачковыя ў выкананні Анастасіі Сушчык і Ксеніі Малашкі стварылі для гаспадынь "+8", і на вялікі перапынак "Цмокі" таксама пайшлі лідарамі - 36:31. Здолеўшы зачыніць сваю трохсекундную зону, дзяўчыны дазволілі "Алімпіі" закінуць усяго 4 ачкі за першыя 5 хвілін трэцяй чвэрці, адарваўшыся на 15-ачковую дыстанцыю. І калі здалося, што лёс гульні ўжо вырашаны, госці дзякуючы добрым узаемадзеянням у атацы здолелі адрадзіць інтрыгу.

Так, "Цмокі" не аддавалі лідарства з сярэдзіны першай чвэрці, але да апошніх хвілін не маглі аформіць перамогу. Толькі дакладны трохачковы Кацярыны Рыбалкі паставіў кропку - 74:62 і рэванш за паразы ў Гродне.

Лепшы гулец
Дарэчы, 19-гадовая нападаючая і была прызнана лепшай баскетбалісткай у складзе нашай каманды: 14 ачкоў, 8 падбораў, 2 перадачы і блок-шот за 28.5 хвіліны на пляцоўцы! У "Алімпіі" прыз за добрую гульню атрымала абаронца Дар'я Магаляс, якая закінула 24 ачкі.

Ключавы момант
"Цмокі" былі значна мацней на падборы, узяўшы на 20 мячоў больш - 56 супраць 36! Пры гэтым больш за 20 падбораў было зроблена ў наступе, і дзякуючы атакам другім тэмпам "Цмокі" набралі адразу 29 ачкоў.

Каментар

Галоўны трэнер "Цмокі-Мінск" Андрэй Ваўлеў: Назва турніру не мае значэння: і ў чэмпіянаце Беларусі, і ў Балтыйскай лізе з "Алімпіяй" гуляць цяжка. Так, мы сёння выйгралі, але нам яшчэ над шмат чым трэба працаваць. 
Каця Рыбалка сёння некалькі разоў адпусціла суперніцу ў абароне, але ў цэлым яна згуляла нядрэнна, дый, у прынцыпе, у апошні час дэманструе стабільную добрую гульню.

Што далей?
У сераду ў 13:00 пройдзе другі матч паміж "Цмокамі" і "Алімпіяй". Уваход у залу спарткомплекса на Ўральскай, 3а вольны!

Цмокі-Мінск - Алімпія - 74:62 (16-12, 20-19, 18-15, 20-16)
Цмокі-Мінск:
Гаспер (13 + 8 падбораў), Рыбалка (14 + 8 падбораў), Мураўская (11 + 6 падбораў), Сушчык (8 + 7 перадач + 5 падбораў), Сцяпанава (0 + 8 падбораў); Джэймс (18 + 10 падбораў), Малашка (7 + 5 падбораў), Вабішчэвіч (3), Шаўчэнка (0), Лапо (0).

Спонсары і партнёры