Першыя матчы - ужо ў гэтыя выходныя ў Мінску!

У гэтыя выходныя наша жаночая каманда "Цмокі-Мінск" пачне паўфінальную серыю ў чэмпіянаце Беларусі. Суперніцамі нашых дзяўчын стануць баскетбалісткі гродзенскай "Алімпіі". Распавядаем пра суперніка, фармат турніру і гісторыю супрацьстаянняў.

Фармат
У гэтым сезоне ніякіх сенсацый не адбылося: у паўфінал выйшлі ўсе 4 каманды, якія патрапілі ў групу "А" на другім этапе рэгулярнага чэмпіянату: "Гарызонт", "Цмокі", "Алімпія" і "Сож". Кожны з калектываў выйграў чвэрцьфінальную серыю з лікам 2-0, не пакінуўшы суперніцам ніякіх шанцаў.

У выніку паўфінальныя пары атрымаліся наступныя: "Гарызонт" - "Сож" і "Цмокі-Мінск" - "Алімпія". І калі ў першай пары "Гарызонт" аб'ектыўна мацней у некалькі разоў, то нашых дзяўчын чакае вельмі цяжкая серыя. 

Паўфінальныя серыі жаночага чэмпіянату Беларусі праходзяць да трох перамог. Першыя дзве сустрэчы нашай каманды пройдуць у Мінску ў спарткомплексе "Цмокі-Мінск", потым серыя пераедзе ў Гродна. Калі пасля чатырох матчаў будзе нічыя (2-2), то пяты матч таксама пройдзе на нашай хатняй пляцоўцы.

Супернік
"Алімпія" - адзін з галоўных канкурэнтаў "Цмокі-Мінск" у змаганні за чэмпіёнства ў Беларусі на працягу апошніх 10 гадоў. Каманды неаднаразова сустракаліся як у чэмпіянаце краіны, так і ў Кубку Беларусі, і ў абодвух бакоў было шмат яркіх перамог. У апошні раз у плэй-оф каманды гулялі паміж сабой у сезоне 2013/14: тады "Цмокі" перайгралі "Алімпію" (3-2), двойчы саступаючы ў серыі, а потым упершыню ў сваёй гісторыі сталі чэмпіёнкамі Беларусі.

У гэтым сезоне "Цмокі" выйгралі ў "Алімпіі" 3 матча з 4 у першынстве краіны. Пры гэтым былі як разгромныя гульні, так і перамогі на апошніх секундах.

Гісторыя
Пачынаючы з сезона 2007/08, "Цмокі-Мінск" аніразу не заставаліся без медалёў чэмпіяната Беларусі. Упершыню ў фінал нашы дзяўчыны выйшлі ў 2010-м годзе, а з 2013-га кожны сезон бралі ўдзел у вырашальнай серыі чэмпіянату. У актыве "Цмокаў" - 2 чэмпіёнства, 3 "срэбра" і 3 "бронзы".

Гэтым летам пасля паразы ад "Гарызонту" ў фінале-2016 кіраўніцтва клуба прыняло вырашэнне пачаць у жаночай камандзе перабудову: замест легіянерак і дасведчаных баскетбалістак у "Цмоках" з'явіліся маладыя і перспектыўныя дзяўчыны. І ўсё ж, трэнерскі штаб на чале з Андрэем Ваўлевым зрабіў сур'ёзную працу, і "Цмокі", нягледзячы на досыць малады склад, прэтэндуюць на чэмпіёнства.

Серыя пачнецца ў гэтыя выходныя. Першы матч пройдзе ў суботу, 18 сакавіка ў 16:00, а на наступны дзень каманды выйдуць на пляцоўку ў 13:00. Уваход на матчы ў спарткомплексе "Цмокі-Мінск" вольны.

Спонсары і партнёры