У нацыянальнай першасці у нашай жаночай каманды ўсё ідэальна.

Нашы дзяўчыны здабылі яшчэ адну перамогу ў чэмпіянаце Беларусі. У адрозненне ад мінулага сезону сёлета на шляху «Цмокаў» ніякіх цяжкасцяў яшчэ не ўзнікала. 

Чакана, што Алы Мураўскай, Яўгеніі Сцяпанавай і Вікторыі Гаспер не было ў заяўцы на матч. Баскетбалісткі правялі дзве гульні ў ЕЖБЛ, а перад еўракубкавым выездам у Кракаў ім патрэбен быў адпачынак. На пляцоўку ў Брэсце таксама не выйшлі легіянеры Маккрэй, Тэрыёт і Бартакава. Ксенія Вабішчэвіч таксама атрымала перапынак перад сустрэчай з «Віслай». Асноўны час быў прадстаўлены беларускім гульцам, якія вырашылі задачу і заваявалі два ачкі разам з лідарскай пазіцыяй у турнірнай табліцы.

Стартавая пяцёрка «Цмокаў»: Шаўчэнка, Карчэўская, Лапо, Рыбалка, Сушчык.
Стартавая пяцёрка «Вікторыі»: Карынчук, Панасюк, Лябедзіч, Балакер, Бабак.

З першых хвілін наш старт пачаў атакаваць кош супернікаў, але пасля шэрага кідкоў, якія завяршыліся няўдала, у Брэста атрымалася завалодаць мячом і ініцыятывай. Лік у матчы адкрыла Дар'я Панасюк. Крыху пазней Аляксандра Шаўчэнка змахнула павуцінне з коша берасцеек сваім штрафным, а Кацярына Рыбалка дапамагла зрабіць розніцу яшчэ больш. Рыбалка зноў адрознілася падборамі. У першай чвэрці на ліку нашага форварда было 8 падбораў.

У другой чвэрці Андрэй Ваўлеў найграваў рэзервістак – Балдуеву, Макуцу і Ярмоліч. Астатнія дзяўчынкі выходзілі на пляцоўку па меры патрэбы, калі Брэст перахапляў тэмп у матчы і імкнуўся скараціць перавагу «Цмокаў». Менавіта па гэтай прычыне другі гульнявы адрэзак завяршыўся з адрывам у «+2» ачкі, а ў агульным «агнядышныя» былі наперадзе на 12 ачкоў. Яна Макуца ў першай палове была адной з самых эфектыўных гульцоў у складзе нашай каманды, што для маладой баскетбалісткі павінна згуляць на карысць яе далейшай кар'еры.

Трэба адзначыць, што «Вікторыя» пачала матч не з аптымальнай стартавай пяцёркай. З лаўкі выходзілі Ісаенка і Лябедзіч, здольныя дапамагчы камандзе – адна па наборы ачкоў, а другая па працы ў абароне ў пасту. Аднак трэнер вырашыла, што яны ў гэты раз будуць свайго роду шостым гульцом. «Цмокі» скарысталіся такой сітуацыяй практычна на «выдатна».

Пасля вялікага перапынку нашы дзяўчыны пачалі больш актыўна дзейнічаць у атацы. Яна Макуца і Кацярына Рыбалка працягнулі карэктаваць сваю індывідуальную статыстыку, набліжаючыся да дабл-даблу. У Яны ўсё-такі атрымалася гэта зрабіць. Яна - самы рэгультатыўны гулец у складзе нашай каманды. Ганна Лапо і Аляксандра Шаўчэнка таксама зрабілі вялікі ўнёсак у перамогу над «Вікторыяй», зарабіўшы на дваіх 22 балы. Анастасія Сушчык адрознілася 12 асістамі – гэта яе сізн-хай на дадзены момант.

У гэтым матчы не было пераконваючай перавагі па падборах, як у папярэдняй сустрэчы з берасцейкамі. Аднак, у Андрэя Ваўлева па-ранейшаму былі ў распараджэнні цэнтравыя – Макуца, Лапо і Шаўчэнка, – яны і дапамаглі захаваць лідарства ў гэтым кампаненце, дамінуючы ў «фарбе». Але самым яркім перфомансам ізноў адрознілася Кацярына Рыбалка з 17 падборамі, да даблу не хапіла ўсяго аднаго ачка, але самае галоўнае, што была атрымана перамога.

«Цмокі» усё-такі не маглі не дадаць у бочку мёду лыжку дзёгцю – 21 страта за гульню. Гэтыя страты не згулялі галоўнай ролі, але крышачку змянілі фінальны вынік матчу. 

А ў цэлым, прадказальная перамога над серадняком чэмпіянату, якая дазволіла нашым дзяўчынкам захапіць першае месца ў нацыянальнай першасці. «Алімпія» і «Гарызонт» усё яшчэ знаходзяцца ў пазіцыі каманд, якія нас даганяюць, а гэта нам толькі на руку. Дарэчы, 20-га снежня «Цмокі» могуць паставіць кропку ў першай палове чэмпіянату, абгуляўшы «Гарызонт». А пакуль што радуемся чарговай перамозе. 

«Вікторыя» – «Цмокі» – 48:71 (8:18, 12:14, 15:21, 13:18)
* * *
5-га снежня «Цмокі» згуляюць у Еўракубку з «Віслай». Не прапусціце анлайн-трансляцыю з Кракава!

Спонсары і партнёры