У суботу і нядзелю нашыя дзяўчыны правялі 2 матчы фінальнай серыі нацыянальнага чэмпіянату. У абедзвюх сустрэчах «Цмокі» былі мацнейшымі за «Гарызонт».

У сталічным дэрбі пачаўся розыгрыш чэмпіёнскага тытула: падначаленыя Андрэя Вавлева дома прымалі «Гарызонт» Наталлі Трафімавай.

Ужо ў першай сустрэчы нашая каманда заявіла, што зробіць усё для паўтору леташняга поспеху. Лік у сустрэчы адкрыла Кай Джэймс, як заўсёды добра адпрацаваўшы ў фарбе. «Гарызонт» імкнуўся кантраляваць суперніц, але ўпусціў рывок 8-0 і не змог нагнаць да канца першай дзесяціхвілінкі – 17:23.

У другой чвэрці нашая каманда шчыльна адпрацавала ў абароне, дазволіўшы суперніцам набраць толькі 10 ачкоў. Да вялікага перапынку мы мелі камфортныя «+19».

І ўсё ж трэба аддаць належнае «Гарызонту», які чапляўся за кожны мяч і імкнуўся скарыстаць памылкі гаспадынь. Трэцяя чвэрць стала не самай рэзультатыўнай для абедзвюх каманд – 15-16. А ў апошнім адрэзку «Гарызонт» і ўвогуле апынуўся мацнейшым – 14-20. Але гандыкап, зароблены ў першай палове сустрэчы, дазволіў нашай камандзе заваяваць перамогу – 75:63.

Марыя Чарамісіна і Вікторыя Гаспер набралі па 20 ачкоў. Апроч таго, нашая цэнтравая адзначылася 9 падборамі.

Цмокі-Мінск – Гарызонт 75:63 (23-17, 23-10, 15-16, 14-20)
Статыстыка

Калі першая гульня прайшла ў найзацятым змаганні, то ў нядзельнай сустрэчы карціна атрымалася іншай.

Нашы дзяўчыны рванулі наперад ужо са старту, аформіўшы рывок 11-2.  Суперніцы спрабавалі атакаваць з-за дугі, але падводзіла дакладнасць  з шасці спроб ніводная не трапіла ў цэль. Пасля дзесяці хвілін гульні лік на табло быў 27-12 на карысць гаспадыням.

Нечакана, другая чвэрць стала правалам для абедзвюх каманд. Набраўшы 19 ачкоў на дваіх дзяўчыны пайшлі на вялікі перапынак з лікам 35:23.

15-хвілінны перапынак пайшоў на карысць гаспадыням. Дзяўчыны адпрацавалі ў абароне, дазволіўшы суперніцам здзейсніць толькі тры дакладныя атакі, і добра дзеялі пад чужым шчытом, страхуючы партнёраў.

«Гарызонт» паказаў катастрафічна нізкі адсотак трохачковых у гэтай сустрэчы – толькі 2 з 23 кідкоў трапілі ў цэль, прайграў падбор (28 супраць 53) і быў не вельмі дакладны з гульні. Заканамерная перамога «Цмокаў» – 73:47 і 2-0 у залатой серыі.

Кай Джэймс скончыла гульню з дабл-даблам 24 ачкі і 14 падбораў. У Алы Мураўскай 15 ачкоў і 8 рэзультатыўных перадач.

Цмокі-Мінск – Гарызонт 73:47 (27-12, 8-11, 20-9, 18-15)
Статыстыка

Спонсары і партнёры