Падначальныя Андрэя Ваўлева пазбавілі сябе шанцаў на далейшы ўдзел у Кубку Еўропы.

Выезд у Кракаў павінен быў адказаць на адно галоўнае пытанне: «Ці пройдзем мы далей?». На жаль, у нашых дзяўчын не атрымалася перамагчы супернікаў нават без Джордзін Кэнады. Параза ад «Віслы» пазбаўляе «Цмокаў» магчымасці выйсці з групавога этапу ў чацвёрцы лепшых трэціх месцаў пулаў. Праз тыдзень «агнядышныя» правядуць апошні еўракубкавы матч у сезоне-2018/19.

Сама сустрэча з польскай камандай спрыяла і падштурхоўвала прадстаўніц беларускага калектыва да перамогі. Першае, Кэнада атрымала пашкоджанне і выбыла на няпэўны тэрмін – а гэта адзін з лідараў «Кэн-Пэк». Другое, Арашова пакінула польскі клуб, залішыўшы прабел на пазіцыі цяжкага форварда. Трэцяе, наш трэнерскі штаб меў магчымасць прааналізаваць выступ «Віслы» і ў чэмпіянаце Польшчы, і ў Кубку Еўропы. Улічваючы, што мы ўжо сустракаліся з кракавянкамі, то супернік быў дасканала вывучаны.

Стартавы склад «Цмокаў»: Мураўская, Бартакова, Маккрэй, Сцяпанава, Тэрыёт.

Стартавы склад «Віслы»: Араўхо, Радрыгес, Муйовіч, Расэл, Зёнтра.

Наша каманда вырашыла фарсаваць падзеі і пачаць гульню сваім хуткім тэмпам. Спачатку гэта атрымалася. «Вісла» не адразу ўключылася ў гульню, прапусціўшы рывок «Цмокаў» 5-0. Аднак, ужо да сярэдзіны першай чвэрці кракаўская каманда адаптавалася, змагла ліквідаваць Мураўскую, якая вельмі хутка атрымала пагрозлівы лік персанальных заўваг напачатку матча. «Вісла» дзеяла чыста, а «агнядышныя» правалілі гульню ў «фарбе», не паспяваючы за праходамі маленькіх гульцоў супернікаў. Мураўская не змагла паўнаварта абараніцца супраць Расэл, якая была магутней па габарытах і скарыстала гэта не толькі для таго, каб зарабляць ачкі, але і для таго, каб яе візаві атрымалі як мага больш фалоў.

Вікторыя Гаспер, якая выйшла з лаўкі запасных, узмацніла гульню нашай каманды ў пасту, але разам з Мураўскай стала атрымліваць зусім непатрэбныя персанальныя заўвагі. У наступе фалы згуляюць адну з галоўных роляў у гэтай сустрэчы. «Вісла» зарабіла 17 ачкоў толькі з лініі штрафных. «Цмокі» парушылі правілы 20 разоў, а кракавянкі ўсяго 10.

У другой чвэрці «Цмокі» не страцілі ніткі гульні і сталі душыць апанента. Мы стварылі адрыў з дапамогай дакладных кідкоў з-за дугі. «Агнядышныя» не баяліся кідаць з трохачковай лініі, усяго за матч нашы дзяўчынкі рэалізавалі 10 трох. Адрыў у «+6» супернікі з Кракава адыгралі ўсяго за дзве з паловай хвіліны, а потым канчаткова выйшлі наперад. Да вялікага перапынку Андрэй Ваўлеў з дапамогай двух тайм-аўтаў змог збіць «нэрвяк» у дзяўчынак і яны ўпэўненей адпрацоўвалі абарону, за кошт якой эфектыўна дзеялі ў нападзе. Аднак лік зраўнаць не атрымалася. Перад трэцяй чвэрцю адрыў нашых суперніц складаў усяго 4 ачкі.

У трэцяй чвэрці прынцыпова нічога не змянілася. Нашы дзяўчыны правялі практычна ідэнтычны гульнявы адрэзак другому: ціск на старце, спад у сярэдзіне і вяртанне ў канцоўцы.

Ключавой стала апошняя чвэрць. «Цмокі» не маглі забіць з гульні на працягу больш за чатыры хвіліны. Толькі Гаспер адзначылася адным дакладным кідком са штрафу, тым часам калі «Вісла» ужо зрабіла рывок у 7 ачкоў. Усё тая ж Вікторыя Гаспер зняла павуцінне з коша суперніка дакладным лэй-апам. Можна было лічыць, што гэта вяртанне нашай каманды, а таксама спроба пераадолець крызіс параз і заваяваць заслужаную перамогу. Нават фалаут Гаспер не стаў прычынай для яшчэ аднаго адрыву супернікаў, нашы дзяўчынкі наадварот пачалі адыгрываць адставанне. Усё складалася ўдала да таго моманту, як Мураўская не зарабіла пяты фол, які забяспечыў ёй працяг гульні на лаўцы запасных. За астатнія тры хвіліны «Цмокі» не змаглі скараціць розніцу ў ліку, прайграўшы чацвёрты матч запар у Еўракубку.

«Вісла» ліквідавала двух стылеўтваральных гульцоў каманды – Вікторыю Гаспер і Алу Мураўскую. Яны назіралі за матчам з лаўкі запасных тады, калі іх наяўнасць на пляцоўцы была жыццёва патрэбна. Нашых галоўных ударнікаў ліквідавалі, а «Вісла» набрала 40 ачкоў з «фарбы». Бачна, што атакі другім тэмпам і выйграны падбор сталі яшчэ адным цвіком у паразу «агнядышных». 

«Цмокі» – «Вісла» – 69:77 (19:18, 16:21, 17:19, 17:19)

13 снежня – апошні хатні матч у Еўракубку з «Інвентай».

Спонсары і партнёры