І без сумневаў нашым дзяўчынкам патрэбна толькі перамога, каб прайсці ў наступны раўнд.

Чэмпіянат Беларусі і Еўрапейская ліга праходзяць для нашай жаночай каманды выдатна, а вось у Еўракубку ўсё ўскладнілася пасля хатняй паразы ў гульні з «Бешыкташам». «Цмокі» занялі апошні радок у групе «С», дзяўчынам патрэбныя дзве перамогі, каб прэтэндаваць на выхад у наступны раўнд з лепшых трэціх месцаў пулаў.

Мы прымалі «Віслу» у лістападзе ў Falcon Club. Тады нашы суперніцы здабылі перамогу 61:56, якая адняла ў нас патрэбныя балы, але не змагла ліквідаваць нас як кантэндэраў на выхад з групы. Менавіта з польскай каманды пачаліся нашы паразы ў турніры, але і на ёй жа могуць завяршыцца. Аднак, «Вісле» таксама патрэбна перамога ў хатнім матчы, таму як наступную гульню яны правядуць супраць «Бешыкташа», які цяпер уяўляе галоўную небяспеку для ўсіх астатніх клубаў групы «С».

Добрая навіна для нас і жудасная для «Віслы» – Джордзін Кэнада атрымала сур'ёзнае пашкоджанне ў матчы з «Інвентай» на мінулым тыдні. Хутчэй за ўсё, асноўны плэймэйкер не зможа дапамагчы камандзе ў гэту сераду. Але ў «Кэн-Пэк» усё яшчэ ёсць у распараджэнні легіянеры з Іспаніі і Мэрсэдэс Расел са Штатаў. У складзе «Віслы» адбыліся і трансферныя змены. Сабіна Арошава пакінула каманду. А 4-га снежня «Кэн-Пэк» падпісалі кантракт з цэнтравой Сафіяй Аляксандравічус, якая выступала за «ССС Пальковіце».

Для групавых этапаў ёсць важная асаблівасць. Чым бліжэй завяршэнне этапу, тым больш баскетбол адсоўваецца ў бок, і пачынаюцца матэматычныя падлікі шанцаў прайсці далей. Не сакрэт, што нашы дзяўчыны ўскладнілі сабе далейшы лёс у Еўракубку. «Вісла» на выездзе і «Інвента» дома – у гэтых матчах трэба абавязкова перамагаць, а вось ужо потым вылічаць імавернасці і глядзець за вынікамі ў іншых групах. Але і дакладна ясна, што перамога з буйнай розніцай у ліку павялічвае наш шанец застацца ў Кубку Еўропы. «Цмокі» не адныя знаходзяцца ў цікавым становішчы. Яшчэ прынамсі ў трох групах пройдуць матчы жыцця, дзе будзе нежартаўлівае змаганне за трэці радок пула.

А зараз да матчу «Цмокі» – «Вісла».

У хатняй сустрэчы прадстаўніцы польскага клуба адназначна перабегалі нашых баскетбалістак. Кацярына Карчэўская памянула пра гэта ў сваім інтэрв'ю, што «Цмокі» былі гатовы да высокіх хуткасцяў, але не маглі і падумаць, што «Вісла» зможа згуляць у такім тэмпе на працягу ўсяго матчу. Мабыць, зараз падначаляныя Ваўлева і трэнерскі штаб будуць гатовы да падобнага развіцця падзей. Адзначым, што адсутнасць Джордзін Кэнады ўсё-такі зменшыць узровень гульні суперніц. «Вісла» ужо прайграла адзін матч у чэмпіянаце Польшчы без свайго галоўнага гульца бэккорта. А падпісанне цэнтравой таксама з'яўляецца свайго роду сцяжком для нас – яшчэ больш працы давядзецца выконваць Гаспер і Мураўскай.

«Вісла» гуляла асноўную частку матчу сваімі легіянерамі. Хутчэй за ўсё, Кшыштаф Шэўчык зробіць стаўку на Леанор Радрыгес і Марыю Кондэ, якія з'яўляюцца галоўнай ударнай сілай каманды. Яны нядрэнна праявілі сябе ў гульні з «Цмокамі» у Мінску, могуць гуляць на пазіцыі другога і трэцяга нумара, з пастаўленым трохачковым кідком і ўчэпістай абаронай.

Наша каманда правяла нядрэнную гульнявую падрыхтоўку перад выездам у Кракаў. У мінулыя выходныя баскетбалісткі згулялі афіцыйныя матчы ЕЖБЛ, у якіх Ваўлеў паспрабаваў розныя варыяцыі пяцёрак і максімальна скарыстаў сваіх легіянераў. А ў панядзелак «Цмокі» здабылі першае месца ў турнірнай табліцы нацыянальнай першасці ў Брэсце. Супраць брэсцкай «Вікторыі» гулялі выключна беларускія баскетбалісткі.

Можна быць упэўненым у тым, што «агнядышныя» падыходзяць у падрыхтаванымі да гульні ў Польшчы. Трэнерскі штаб прарабіў вялікую працу, а нашы дзяўчыны зараджаны толькі на перамогу.

Дата: 5 снежня
Час: 20.30
Лакацыя: Кракаў, Hala TS Wisla
Анлайн-трансляцыя матча будзе даступная ў групах БК «Цмокі-Мінск»

Спонсары і партнёры