NKL Вынікі



Другі сезон запар наша рэзервовая каманда «Цмокі-Мінск» бярэ ўдзел у другім дывізіёне Літвы. Як і летась беларуская каманда пры любым раскладзе не прэтэндавала на трапленне ў плэй-оф, у звязку з чым арганізатары прынялі рашэнне не рабіць асобную турнірную табліцу з матчамі «Цмокаў».

З улікам таго, што ў міжсезонне каманда значна амаладзілася, старт NKL атрымаўся не вельмі ўдалым: параза ад «Судувы-Манцігі». Але ўжо праз тур мінчане здабылі 2 упэўненыя перамогі, што дадало сіл і ўпэўненасці хлопцам.

Галоўны трэнер рэзервовай каманды «Цмокі-Мінск» Георгі Кандрусевіч:
- Для тых гульцоў, хто першы год бярэ ўдзел у лізе – гэта вялікі досвед. Хлопцы не гулялі з такім супернікам і ў такім шчыльным графіку раней. Вядома, першыя гульні для шмат каго былі стрэсам. Але паволі, крок за крокам, стала праглядацца нейкая гульня: і індывідуальная, і камандная. Вядома, хацелася б скончыць з вялікай колькасцю перамог. Адзначу, у большасці матчаў было вельмі шчыльнае змаганне. Шмат з якіх сканчаліся авертаймам.

NKL дазволіла многім гульцам прадэманстраваць свой патэнцыял. Уладзіслаў Блізнюк, якога на старце сезона прыцягвалі на трэнераванні асноўнай каманды, адзначаўся 17.5 ачкамі і 4.2 асістамі за гульню. А ў матчы з Палангай малады абаронца набраў 30 пунктаў.

Данііл Барысевіч таксама быў «ударнай» сілай каманды – 15.3 ачка і амаль 27 хвілін на пляцоўцы. Але ў сярэдзіне сезона ў матчы з «Перласам» гулец няўдала прызямліўся на паркет і атрымаў пашкоджанне. Данііл выбыў амаль на 2 месяцы. Адсутнасць аднаго з ключавых гульцоў дазволіла раскрыцца тым хлопцам, хто быў не так заўважны на старце. Вадзім Траццяк, Раман Гесць, Аляксей Навойчык няраз дапамагалі сваёй камандзе і траплялі ў топ па рэзультатыўнсці.

Адзначым, што з некаторымі гульцамі па ходзе сезона каманда змушана была расстацца. Спачатку клуб пакінулі Станіслаў Ульянка і Мікіта Балабан, а потым Ілля Паланевіч і Антон Вашкевіч. Апошні ўжо паспеў пагуляць за «Імпульс».

Галоўны трэнер рэзервовай каманды «Цмокі-Мінск» Георгі Кандрусевіч:
- Адна з ключавых задач рэзервовай каманды – падрыхтоўка гульцоў для асновы. Моладзь павінна быць гатова канкураваць за месца там. Кожны, хто пачынаў сезон з намі, зрабіў свой унёсак у нашу гульню і за гэта ім вялікі дзякуй. Але ў нейкі момант ты разумееш, што тут і цяпер трэба зрабіць акцэнт на іншых хлопцаў, у якіх у перспектыве ёсць шанец стаць гульцом асновы і нацыянальнай зборнай.

Пасля сканчэння рэгуляркі NKL мінчане працягнуць браць удзел толькі ў нацыянальным чэмпіянаце. Па аналогіі з мінулым годам пасля серыі такіх складаных выездаў некаторыя гульцы трапляюць у адмысловую «яму» з-за назапашанай стомленасці. Але галоўны трэнер Георгі Кандрусевіч глядзіць на ўсё з аптымізмам:
- Вядома, такі цяжкі графік, калі вы праводзіце па 3-4 матчы ў тыдзень, не кожны вытрымае і яма, адназначна, будзе. Але на тое і ёсць характар і сіла духу, каб нават у такой сітуацыі выходзіць на паркет і дэманстраваць свой прафесійны ровень.

І сапраўды, маладыя «Цмокі» ужо прадэманстравалі свой характар, калі да апошняга ваявалі з магілёўскім «Барысфенам». Наперадзе – яшчэ адзін складаны супернік. «Імпульс-БДУІР», які ўзмацніўся не толькі цэнтравым Антонам Вашкевічам, але і экс-«Цмокам» Сяргеем Вабішчэвічам ужо нанеслі паразу «Гродна-93». Так што ў гэту суботу каманду чакае чарговае выпрабаванне.