Паразы ў Таліне



Сёння ў Таліне наша моладзевая каманда «Цмокі»-2 правяла два матчы фінальнага этапу Еўрапейскай юнацкай баскетбольнай лігі.

Варта адзначыць, што ў адрозненні ад папярэдніх сезонаў сёлета арганізатары змянілі фармат: замест звыклага фіналу чатырох каманды павінны правесці адно кола, па выніках якога і вызначыцца пераможца. Апроч таго, час чвэрцяў на апошнім этапе не восем, а дзесяць хвілін.

Мінчукі адкрывалі свой гульнявы дзень матчам з гаспадарамі пляцоўкі эстонскім «Калевам». Лідарам у гэтай сустрэчы стаў Уладзіслаў Блізнюк, які быў на вастрыі нашага нападзення і прынёс  сваёй камандзе практычна трэць ўсіх ачкоў.

«Цмокі» саступалі па ходу дзвюх чвэрцяў, але, скараціўшы адставанне ў трэцяй, мелі ўсе шанцы на паспяховае завяршэнне матчу. Аднак, Талін здолеў літаральна выключыць з гульні галоўнага скорара і не дазволіў мінчукам набраць больш 10 ачкоў, тады, калі сам адзначыўся 18 пунктамі.

76:89 і наша каманда ўжо праз дзве гадзіны выходзіла на паркет супраць літоўскага «Жальгірыса», які паспеў саступіць брытанскаму «Маерскоту».

Супернікі, для якіх перамога ў гэтай сустрэчы была вельмі важная, абмяняліся не самымі рэзультатыўнымі адрэзкамі (23-12, 14-21). І ўсё ж лідарам на перапынак пайшоў літоўскі «Жальгірыс» - 37:33.

Але ўжо да сярэдзіны трэцяй дзесяціхвілінкі мінчане адыгралі адставанне і нават мінімальна павялі ў ліку. Як і ў папярэднім матчы ўсё вырашылася ў апошнім адрэзку, дзе мацнейшымі апынуліся літоўцы. 85:80 і «Цмокі» страцілі шанцы на перамогу ў турніры.