Пазмагаліся з «Лока» за перамогу



Самыя рэзультатыўныя
«Цмокі-Мінск»: Бранка Міркавіч (21 +9 асістаў), Дамінэз Барнэт (16), Уладзімір Верамеенка (14)
«Лакаматыў-Кубань»: Віталь Фрыдзон (17), Джоні О'Браянт (15 + 10 падбораў), Сэм Дэкер (15 + 11 падбораў)

Сённяшняя сустрэча стала першай у Адзінай Лізе ВТБ для абедзвюх каманд, якія выйшлі на пляцоўку Falcon Club Арэны. Магчыма, гэты фактар і паўплываў на не самы рэзультатыўны старт сустрэчы. Але «Лока» хутчэй прыйшоў у сябе і захапіў лідэрства, адарваўшыся на 4 ачкі. Ды і 5 камандная заўвага на пятай хвіліне сустрэчы не была на карысць «Цмокаў».

Але Дамінэз Барнэт, а затым і Бранка Міркавіч, якія знайшлі ў патрэбны момант свой трохачковы кідок, дазволілі нашай камандзе ўпершыню ў гэтай сустрэчы выйсці наперад. Наогул, менавіта кідок з-за дугі стаў нашай галоўнай зброяй у першай палове сустрэчы: гаспадары кінулі 15 разоў, з якіх 7 заляцела ў кош. У «Лакаматыва» гэты паказчык больш сціплы - 2 з 9.

Пры такім раскладзе «Лока» стаў правакаваць нашых гульцоў на персанальныя заўвагі і набіраць ачкі з лініі штрафу. Статыстыка першых 20 хвілін па гэтым паказчыку ўражвае: 3 з 5 у «Цмокі» і 19 з 24 у Краснадара. Такая тактыка дазволіла гасцям сысці на вялікі перапынак лідэрамі - 49:46.

Такую тактыку захавалі госці і ў наступным гульнявым адрэзку, нарасціўшы сваю перавагу да 7 ачкоў.

У заключнай дзесяцімінутцы у «Лока» паляцела з-за дугі: Віталь Фрыдзон прынёс сваёй камандзе адразу 6 ачкоў. У мінчан атрымлівалася адказваць на гэта атакамі з фарбы і недакладнымі кідкамі з сярэдняй дыстанцыі. «Цмокі» працягвалі змагацца да апошняга, але сёння гэтага было недастаткова - 80:88.

Tsmoki

Лепшым гульцом матчу стаў Бранка Міркавіч, які набраў 21 ачко і здзейсніў 9 асістаў.

Tsmoki

Галоўны трэнер «Цмокі-Мінск» Расціслаў Вяргун:
Гулялі нядрэнна хвілін 35. Дазволілі гульцам суперніка добрага ўзроўню ў вельмі адказны, вельмі патрэбны момант адчуць нейкую свабоду і здзейсніць свабодныя кідкі. Разлічваць, што яны не трапяць у гэтай лізе не варта. Але за тое, што навязалі барацьбу і спрабавалі не даць свабоду ў абароне ў другой палове, ўдзячны хлопцам. Трэба працягваць рухацца далей.

Суперніка віншую з перамогай і жадаю добрага сезона. У іх моцная і збалансаваная каманда, якая можа гуляць у розны баскетбол.


Галоўны трэнер «Лакаматыва» Лука Банкі:
Гульня была цяжкай як мы і чакалі. Тым больш, што прыехалі сюды адразу пасля гульні ў Вільні, дзе саступілі «Рытасу» і страцілі важнага для нас гульца Уіла Камінгза.

Нашай галоўнай мэтай была бесперапыннасць, у параўнанні з гульнёй у Вільні. Гэта было важна захаваць на працягу ўсіх 4 адрэзкаў, што мы гулялі. Каманда зрабіла добрую працу, хоць працэнт кідкоў з дугі быў не высокім, у адрозненні ад свабодных кідкоў.

Сёння я ўпэўнены мы зрабілі якасную працу супраць крэатыўных гульцоў «Цмокі-Мінск». Але ўсё роўна Міркавіч здолеў не толькі набраць ачкі, але і шмат дзяліўся мячом. Так што асобныя кампаненты абароны патрабуюць паляпшэнняў.

Наступны матч мінчукі правядуць у Маскве ўжо ў нядзелю, 13 красавіка. У суперніках - грозны ЦСКА.


«Цмокі-Мінск» - «Лакаматыў» - 80:88 (24-25, 22-24, 15-19, 19-20)
«Цмокі-Мінск»: Барнэт (16 ачкоў +1 падбор +3 асісты), Трасцінецкі (7 + 2 падборы +3 асістаў), Салаш (10 + 6 падбораў +1 асіст), Белянкоў (1 падбор), Міравіч (21 + 3 падборы +9 асістаў), Верамеенка (14 + 2 падборы), Гаўрылавіч (2 +4 падборы), Пустагвар (2 падборы), Абрамс (10 +7 падбораў +1 асіст), Сітнік (1 асіст).