Першая перамога ў фінальнай серыі



Самыя рэзультатыўныя
«Цмокі-Мінск»: Ала Мураўская (22+5 падбораў), Вікторыя Гаспер (15+8 падбораў), Даніэль МакКрэй (16).
«Алімпія»: Наталля Дашкевіч (16), Вольга Капылова (13), Надзея Надзежка (13+9 падбораў).

«Цмокі» не дазволілі «Алімпіі» падарыць гледачу хоць нейкую інтрыгу ў сённяшняй сустрэчы. Гаспадыні выйшлі на пляцоўку мацнейшая пяцёркай і адразу сталі закідваць кош суперніц. Пры гэтым у гарадзенскай каманды з нападзеннем паўсталі праблемы і Дзмітрый Кузьмін змушаны быў звярнуцца да ранняга тайм-аўта. Але хвілінная паўза хутчэй пайшла на карысць мінчанкам, якія разышліся і набралі 30 ачкоў за 10 хвілін гульні.

У наступным адрэзку «Цмокі» працягнулі граміць суперніц, давядучы перавагу да «+27» да вялікага перапынку. Пры такім адрыве Андрэй Ваўлеў стаў выпускаць маладзейшых гульцоў каманды. Менавіта гэтым тлумачыцца пройгрыш у чацвёртым адрэзку. Гэтым і тым, як паляцелі трохачковыя ў Гродна: 5 дакладных кідкоў у нашых суперніц былі з-за дугі.

І ўсё ж Андрэй Ваўлеў кантраляваў ход сустрэчы, дазваляючы маладым гульцам набірацца досведу, але не падпусціць да сябе «Алімпію». Да канца сустрэчы адразу 6 гульцоў нашай каманды адзначыліся 10 і больш набранымі ачкамі: Ала Мураўская (22), Вікторыя Гаспер (15), Даніэль МакКрэй (16), Рэйчал Тэрыёт (12), Анастасія Сушчык (12) і Шэнан МакКалум (10). А лік на табло зафіксаваў чарговую перамогу «Цмокаў» - 98:66.

Статыстыка матчу